Жонка спецпасланніка прэзідэнта ЗША Джона Коўла журналістка Грэта ван Сустэрэн прысутнічала на сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з амерыканскім прапаведнікам Франклінам Грэмам, кіраўніком Евангелісцкай асацыяцыі Білі Грэма, які прыехаў у Мінск для ўдзелу ў пратэстанцкім фестывалі.
Грэта ван Сустэрэн трапіла на кадры, апублікаваныя прэс-службай Лукашэнкі.
Спачатку Аляксандр Лукашэнка прывітаў Франкліна Грэма, затым паціснуў руку віцэ-прэзідэнту Евангелісцкай асацыяцыі Білі Грэма Віктару Гаму, які звярнуўся да Лукашэнкі на рускай мове.
“Невымоўна рады. Вялікі дзякуй”, – сказаў ён.
Гам таксама часта выступае ў якасці перакладчыка для Франкліна Грэма.
Затым у кадры з’явілася Грэта ван Сустэрэн разам з міністрам замежных спраў Беларусі Максімам Рыжанковым.
“Прыемна сустрэцца”, – сказала яна.
“Добра, што прыехала. Паабяцала – прыехала”, – адказаў Лукашэнка.
Грэта ван Сустэрэн ужо была ў Мінску і нават брала ў Лукашэнкі інтэрв’ю.
Падчас сустрэчы Лукашэнка перадаў прэзідэнту ЗША Дональду Трампу прывітанне праз Грэма. У сваю чаргу прапаведнік паабяцаў памаліцца за Лукашэнку.
