Мігранты спрабавалі зацягнуць літоўскага памежніка ў Беларусь – СМІ

Галоўнае
Фото: vsat.lrv.lt

Міграцыйны інцыдэнт, які адбыўся на мяжы Літвы і Беларусі ў канцы ліпеня, працягвае абрастаць новымі падрабязнасцямі. Паводле інфармацыі СМІ, мігранты спрабавалі зацягнуць літоўскага памежніка на тэрыторыю Беларусі, падчас сутычкі ён атрымаў раненне.

Афіцыйна Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы паведаміла пра выяўленне 26 ліпеня тунэля, які мігранты спрабавалі пракапаць пад памежнай агароджай. Аднак пазней СМІ распавялі, што паміж памежнікамі і мігрантамі адбылася сутычка. Літоўскія службоўцы затрымалі некалькіх чалавек, аднак затым з тунэля выйшлі яшчэ 20 чалавек і адбілі таварышаў, схаваўшыся на тэрыторыі Беларусі.

Міністр унутраных спраў Марцінас Кацелінас заявіў, што яго афіцыйна праінфармавалі пра вышэйзгаданы інцыдэнт на мяжы раней, але толькі пра тое, што капанне тунэля было прадухілена. Пасля гэтага было распачата ўнутранае расследаванне дзеянняў Службы аховы дзяржаўнай мяжы. Кіраўнік САДМ Рустамас Любаевас прызнаў, што не надаў інцыдэнту належнага значэння і сапраўды падаў міністру агульную інфармацыю.

Цяпер выданне Lrytas са спасылкай на крыніцу паведамляе, што сутычка паміж мігрантамі і памежнікамі мела больш сур’ёзны характар. Мігранты спрабавалі зацягнуць аднаго з памежнікаў на тэрыторыю Беларусі. Ён змог адбіцца, але атрымаў раненне і знаходзіцца ў бальніцы.

Старшыня прафсаюза работнікаў следчых органаў Віленскай акругі Віталіюс Ягмінас пацвердзіў выданню, што ў яго ёсць інфармацыя пра знаходжанне аднаго з удзельнікаў інцыдэнту на бальнічным.

Выданне піша, што кіраўніцтва памежнай службы спрабавала схаваць сапраўдны характар здарэння, аказваючы ціск на службоўцаў, у прыватнасці інструктуючы іх, як распавядаць пра інцыдэнт.

Прадстаўніца службы Ліна Лаўрынайцітэ адмовілася каментаваць новую інфармацыю, спаслаўшыся на тайну следства. 27 ліпеня было распачата дасудовае расследаванне па факце незаконнага перасячэння дзяржаўнай мяжы.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.