У новым навучальным годзе Мінадукацыі засяродзіцца на дзіцячых садах, настаўніках-прадметніках і інклюзіі

Навіны
Фото: t.me/MinobrofBelarus

Міністр адукацыі Андрэй Іванец акрэсліў асноўныя напрамкі працы сістэмы адукацыі на новы навучальны год. Сярод прыярытэтаў ён назваў гнуткія рэжымы працы ясельных груп, павышэнне якасці падрыхтоўкі настаўнікаў і развіццё інклюзіўнай адукацыі, піша БелТА.

Гэта прагучала на пленарным пасяджэнні семінара-нарады «Аб падрыхтоўцы да пачатку новага 2026/27 навучальнага года» ў Міністэрстве адукацыі.

Іванец адзначыў, што важна ствараць больш гнуткія ўмовы працы дзіцячых садоў.

“Акцэнт тут на стварэнні груп кароткачасовага знаходжання – ад дзвюх да чатырох гадзін, фарміраванні груп 12-гадзіннай працы, працягу фарміравання сеткі ясельных груп для дзяцей ва ўзросце да двух гадоў. Гэта павінна стаць асноўным у цяперашнім навучальным годзе, каб кожная маладая мама магла праявіць сябе прафесійна і выхаваць дзіця”, – сказаў ён.

У агульнай сярэдняй адукацыі асаблівую ўвагу маюць намер надаць настаўнікам. З новага навучальнага года на базе Акадэміі нацыянальнай адукацыі плануецца запусціць школу педагогаў для настаўнікаў-прадметнікаў. У яе працы будуць улічваць вынікі цэнтралізаванага экзамену, нацыянальнага даследавання якасці адукацыі і новага пілотнага праекта для васьмікласнікаў па паглыбленым вывучэнні матэматыкі, фізікі, хіміі і біялогіі.

Асобным напрамкам стане развіццё інклюзіўнай адукацыі. Паводле слоў Іванца, для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця неабходна ствараць індывідуальныя адукацыйныя маршруты. Гаворка ідзе не толькі пра спецыяльныя дзіцячыя сады і школы, але і пра пашырэнне сеткі інтэграваных груп і класаў у звычайных установах дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі.

“Тут мы бачым неабходнасць пашырэння функцыяналу цэнтраў карэкцыйнага развіцця і навучання. Гэта вельмі важны элемент, які рэалізуе даступнасць для бацькоў і дзяцей не толькі адукацыі, але і сацыялізацыі”, – адзначыў кіраўнік ведамства.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.