У беларускім МУС заявілі аб спыненні канала незаконнай міграцыі, па якім у краіну арганізавалі ўезд больш за 70 грамадзян азіяцкіх краін.
Паводле інфармацыі ведамства, супрацоўнікі 10-га ўпраўлення ГУБАЗіК МУС сумесна з падраздзяленнямі па грамадзянстве і міграцыі ўстанавілі групу, якая на сістэмнай аснове арганізоўвала незаконны ўезд і знаходжанне замежнікаў з краін Паўднёвай і Паўднёва-Заходняй Азіі. У далейшым мігранты павінны былі выехаць у Еўрасаюз у абыход пунктаў пропуску.
Затрыманыя арандавалі кватэры ў Мінску і прыгарадзе сталіцы і засялялі замежнікаў без рэгістрацыі і віз. Кошт пражывання складаў 100 долараў у месяц з чалавека. Грошы арганізатары трацілі на асабістыя патрэбы, у тым ліку арэнду дарагой нерухомасці, таксі і замежны адпачынак.
Пры сілавой падтрымцы байцоў асобнага атрада спецыяльнага прызначэння «Рысь» былі затрыманыя 21-гадовая мінчанка, а таксама трое замежных грамадзян — жанчына 51 года і мужчыны 22 і 41 года.
У МУС заявілі, што беларуска раней неаднаразова прыцягвалася да адказнасці за аналагічныя дзеянні. Двое затрыманых замежнікаў самі знаходзіліся ў Беларусі з парушэннем міграцыйнага заканадаўства.
Следчыя распачалі дзве крымінальныя справы па фактах арганізацыі незаконнай міграцыі.



