Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з Франклінам Грэмам, кіраўніком Евангелісцкай асацыяцыі Білі Грэма, вырашыў перадаць прывітанне прэзідэнту ЗША Дональду Трампу. Падчас размовы ён падзякаваў госцю за “добрае пасланне”, раней перададзенае спецпасланнікам прэзідэнта Джонам Коўлам.
“Вам, Франклін, хачу падзякаваць за добрае пасланне, якое мне перадаў спадар Коўл падчас свайго візіту і нашых перамоваў. Вы ж разумееце, што без прэзідэнта ЗША нам, магчыма, складаней было б наладзіць нашы адносіны”, — сказаў Лукашэнка, перадае яго прэс-служба.
“Таму пры сустрэчы (я ведаю, вы ў добрых адносінах з прэзідэнтам) перадайце яму самыя добрыя пажаданні і скажыце яму, што ў Беларусі ў яго надзейныя сябры і прыхільнікі”, — дадаў ён.
Трэба адзначыць, што менавіта Франклін Грэм прамаўляў малітву на інаўгурацыі Дональда Трампа.
У Беларусь Грэм прыехаў для ўдзелу ў пратэстанцкім “Фестывалі надзеі”. Яго візіт праходзіць з 14 па 18 мая.
