Лукашэнка хоча знайсці формулу ажыўлення нараджальнасці

Галоўнае
Фото: pixabay.com

Аляксандр Лукашэнка хоча, каб урад знайшоў для яго формулу, якая ажывіць дэмаграфічныя працэсы. Раней ён ужо шукаў формулу справядлівай цаны. Сёння на нараду ў Лукашэнкі быў вынесены прававы акт, які закранае выплаты дапамог па доглядзе дзяцей.

Падымаючы тэму, ён адзначыў, што пры нараджэнні дзяцей сем’і атрымліваюць аднаразовыя выплаты ў памеры каля 5 тыс. рублёў на першае дзіця і больш за 7 тыс. рублёў – на наступных дзяцей. Таксама ёсць штомесячная дапамога каля 1 тыс. рублёў і сямейны капітал.

“Здавалася б, нараджайце! На поўным дзяржаўным забеспячэнні дзеці. Але сучасны свет стаў занадта прагматычны. Маладыя людзі спачатку імкнуцца вырашыць іншыя пытанні – адукацыя, кар’ера, яшчэ нешта, а потым ужо нараджаць”, – адзначыў Лукашэнка, перадае яго прэс-служба.

Ён узгадаў, што 10 гадоў таму нараджальнасць была вышэйшай, хоць узровень дабрабыту насельніцтва быў ніжэйшы. Так, у 2015 годзе нарадзілася 120 тыс. дзяцей, а летась – 55 тыс. Пры гэтым ВУП на душу насельніцтва вырас з 18 тыс. долараў да 35 тыс. долараў.

Лукашэнка хоча, каб урад выпрацаваў формулу ажыўлення дэмаграфіі.

“Каб мы не зніклі як нацыя і было каму працаваць, усё проста, як двойчы два: двое бацькоў – двое дзетак. Гэта база, як кажа моладзь. А лепш – трое і больш. Таму на дзяржаўным узроўні трэба знайсці дзейсную формулу, якая, па-першае, ажывіць дэмаграфічныя працэсы. Па-другое, стане матывацыяй да ўсвядомленых мацярынства і бацькоўства, зробіць іх модным трэндам. Тады мы захаваем і прымножым сваё насельніцтва”, – сказаў ён.

Паводле яго слоў, урад прапануе перагледзець меры дзяржпадтрымкі сем’яў.

“Ці ёсць гарантыя, што пашырэнне фінансавых стымулаў сапраўды надасць імпульс нараджальнасці?” – спытаў ён.

Лукашэнка таксама пацікавіўся сусветным досведам, доўгатэрміновымі эфектамі мер і іх уплывам на бюджэт.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.