СПЧ ААН падоўжыў мандаты Групы незалежных экспертаў і спецдакладчыка па Беларусі

Навіны
Фото: СПЧ ООН, Facebook

Савет па правах чалавека падоўжыў мандаты Групы незалежных экспертаў і спецдакладчыка па Беларусі. Галасаванне па рэзалюцыі адбылося 30 сакавіка. За падаўжэнне мандата на год прагаласавалі 28 краін, 15 устрымаліся, а Куба, Кітай, В’етнам і Бурундзі галасавалі супраць.

Спецдакладчыку і Групе незалежных экспертаў даручана прадставіць СПЧ абноўленую інфармацыю пра стан правоў чалавека ў Беларусі на 63-й сесіі савета, а на 64-й — усеабдымныя даклады.

Савет таксама настойліва заклікае ўлады Беларусі наладзіць поўнае і нявыбарачнае ўзаемадзеянне з усімі праваабарончымі механізмамі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, у тым ліку са спецыяльным дакладчыкам і Групай незалежных экспертаў.

У рэзалюцыі змяшчаецца заклік да ўлад Беларусі ў поўнай меры выконваць усе абавязацельствы па міжнародным праве правоў чалавека, а таксама:

  • неадкладна і безумоўна вызваліць і забяспечыць эфектыўную рэабілітацыю ўсіх асоб, адвольна або незаконна затрыманых, арыштаваных, абвінавачаных або асуджаных па палітычных матывах або за ажыццяўленне імі сваіх правоў чалавека;
  • пакласці канец усім формам пераследу або ціску, якія могуць прывесці да іх прымусовага выезду, дэпартацыі або пазбаўлення консульскіх паслуг;
  • спыніць ужыванне сілы супраць мірных дэманстрантаў, катаванні і іншыя віды жорсткага абыходжання;
  • забяспечыць аказанне своечасовай і адэкватнай медыцынскай дапамогі і гуманныя ўмовы ўтрымання пад вартай для ўсіх асоб, пазбаўленых свабоды;
  • прыняць усе неабходныя меры для забеспячэння поўнай незалежнасці і бесстароннасці судовай сістэмы, спыніць неправамернае выкарыстанне палітыкі «барацьбы з тэрарызмам» і «супрацьдзеяння экстрэмізму», у тым ліку шляхам неадкладнай ліквідацыі спісу экстрэмісцкіх матэрыялаў і пералікаў асоб і арганізацый, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці;
  • прыняць усеабдымнае недыскрымінацыйнае заканадаўства і палітыку, якія гарантуюць права кожнага чалавека на роўнасць перад законам і з яго боку;
  • адмяніць рашэнні аб прымусовым роспуску арганізацый грамадзянскай супольнасці і прафсаюзаў, пачаць сапраўдны, канструктыўны, інклюзіўны і празрысты нацыянальны дыялог з грамадзянскай супольнасцю;
  • забяспечыць спрыяльныя ўмовы для функцыянавання сапраўды незалежных сродкаў масавай інфармацыі як анлайн, так і афлайн, уключаючы бесперашкодны доступ да адкрытага, інтэроперабельнага, надзейнага і абароненага інтэрнэту;
  • правесці ўсеабдымную рэформу выбарчага заканадаўства, прывёўшы яго ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі, у тым ліку вынікаючы рэкамендацыям Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, Еўрапейскай камісіі «Дэмакратыя праз закон» (Венецыянская камісія) і Спецыяльнага дакладчыка.
🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.