Расія лічыць, што Захад спрабуе адарваць Беларусь ад РФ, і не збіраецца назіраць за гэтым склаўшы рукі. Пра гэта заявіла прэс-сакратар расійскага МЗС Марыя Захарава на брыфінгу 12 лютага, каментуючы інфармацыю расійскай Службы знешняй разведкі.
Нагадаем, СВР Расіі заявіла пра нібыта спробы заходніх краін расхістаць сітуацыю ў Беларусі, дамагчыся змены канстытуцыйнага ладу і аслабіць сувязі Мінска з Масквой.
Паводле слоў Захаравай, МЗС РФ падзяляе ацэнкі СВР і не сумняваецца ў сур’ёзнасці пагроз.
«Сумнявацца ў сур’ёзнасці пагроз, вядома, проста не даводзіцца. Вы ж ведаеце, у 2020 годзе заходнія, так сказаць, рэжымы ўжо спрабавалі праз разгалінаваную сетку сваіх агентаў уплыву арганізаваць у Беларусі чарговую каляровую рэвалюцыю. Але рашучасць уладаў і мудрасць народа Беларусі, якія вынеслі ўрокі з украінскага майдана, перашкодзілі гэтаму.
Відавочна, што заходнікі не адмовіліся ад сваіх імкненняў адарваць, у тым ліку зрабіць гэта любымі спосабамі, братэрскую нам рэспубліку ад Расіі, рыхтуюцца да рэваншу, відаць, чакаюць зручны момант», — заявіла Захарава.
Прадстаўніца расійскага МЗС заявіла, што дзяржаўны пераварот у Беларусі прывёў бы да ачага нестабільнасці на межах Расіі, і станоўча ацаніла «зачыстку» сярод НДА ў Беларусі.
«Гіпатэтычны дзяржаўны пераварот у Беларусі і прыход там да ўлады заходніх агентаў, безумоўна, перакрэсліў бы ўсе дасягненні інтэграцыйнага будаўніцтва нашага з Беларуссю Саюзнай дзяржавы і стварыў бы чарговы ачаг нестабільнасці на нашых заходніх межах.
Як слушна адзначана ў згаданым вамі інфармацыйным матэрыяле, беларускае грамадства ўжо атрымала прышчэпку ад спроб расхістаць унутрыпалітычную сітуацыю. Рэспубліканскія ўлады таксама прынялі шэраг рашучых мер па зачыстцы краіны ад празаходніх так званых дэмакратызатарскіх структур і ўзмацненні заканадаўства ў дачыненні да няўрадавых арганізацый з мэтай недапушчэння іх падрыўной працы знутры», — сказала Захарава.
Захарава падкрэсліла, што Расія і Беларусь «не маюць намеру проста сядзець склаўшы рукі і назіраць за ўсім гэтым».
Прэс-сакратар расійскага МЗС нагадала пра цеснае супрацоўніцтва Саветаў бяспекі і спецслужбаў Беларусі і Расіі, а таксама пра прынятую канцэпцыю бяспекі Саюзнай дзяржавы і дагавор аб гарантыях бяспекі.
«У ім [у дагаворы] зафіксаваны шырокі пералік узаемных саюзніцкіх абавязацельстваў па забеспячэнні абароны, абароне суверэнітэту, незалежнасці канстытуцыйнага ладу Расіі і Беларусі, цэласнасці, недатыкальнасці тэрыторый і знешніх межаў Саюзнай дзяржавы, прычым з задзейнічаннем усіх наяўных сіл і сродкаў, уключаючы ядзерную зброю ў адпаведнасці з зацверджанымі 19 лістапада 2024 года асновамі дзяржаўнай палітыкі Расійскай Федэрацыі ў галіне ядзернага стрымлівання», — заявіла Захарава.
Яна анансавала другую сустрэчу спецпрадстаўнікоў Беларусі і РФ па рэалізацыі дагавора аб гарантыях бяспекі. Сустрэча адбудзецца ў Мінску ў сакавіку. На ёй плануецца разгледзець «шырокі спектр пагроз знешняй і ўнутранай бяспекі» дзвюх краін і вызначыць «сумесныя крокі па іх купіраванні і прадухіленні».
