Прэс-бюро Службы знешняй разведкі Расіі выпусціла чарговае панічнае папярэджанне пра планы падступнага Захаду ў дачыненні да Беларусі. Аказваецца, у беларускім грамадстве ідзе пошук новых ліберальных пасіянарыяў, якія змогуць аслабіць звязку Мінска і Масквы і ўскладніць Расіі дасягненне мэтаў так званай СВА.
«Паводле інфармацыі, якая паступае ў СВР, НДА заходніх краін, сярод якіх „дэмакратызатарскія“ структуры, агенцтвы і фонды ЗША, Вялікабрытаніі, ФРГ, Польшчы і іншых еўрапейскіх дзяржаў, акумулююць сілы і сродкі, каб зноў паспрабаваць расхістаць сітуацыю і дамагчыся змены канстытуцыйнага ладу ў Беларусі. На Захадзе спадзяюцца аслабіць звязку Мінска і Масквы ў рамках Саюзнай дзяржавы і ўскладніць Расіі дасягненне мэт спецыяльнай вайсковай аперацыі», — гаворыцца ў паведамленні.
Цікава, у паведамленні СВР нашу краіну гэтым разам назвалі менавіта «Беларусь». У іншых паведамленнях як СВР, так і іншых дзяржаўных структур РФ упарта выкарыстоўваецца каланіяльны тэрмін «Белоруссия».
Паводле версіі расійскай разведслужбы, Святлана Ціханоўская «распісалася ў сваёй поўнай бяссіллі», таму Захад шукае новых выканаўцаў сваёй волі.
«Для рэалізацыі сцэнарыя „каляровай рэвалюцыі“ ставіцца задача падабраць у беларускім грамадстве новых ліберальных пасіянарыяў. Акапаныя ў Літве і Польшчы ўцекачы-дзеячы на чале з С. Ціханоўскай за апошнія гады распісаліся ў сваёй поўнай бяссіллі хоць неяк паўплываць на працэсы ў роднай краіне. Заходнікі плануюць правесці дбайную „інвентарызацыю“ беларускіх апазіцыйных кадраў на прадмет іх выкарыстання ў падрыўной дзейнасці. Мяркуецца сфарміраваць рэсурс „азлабленых на А. Лукашэнку“ з прыцэлам на прэзідэнцкія выбары 2030 года», — піша прэс-бюро СВР.
Далей у паведамленні трывожны тон змяняецца на пераможны і ўрачысты.
«Аднак на Захадзе выпускаюць з-пад увагі адну важную дэталь. Беларускае грамадства, пераадолеўшы зрежысіраваны варожымі знешнімі сіламі ўнутрыпалітычны крызіс 2020 года, атрымала добрую „прышчэпку“ ад спроб расхістаць сітуацыю ў краіне. Перад вачыма беларусаў ёсць прыклады Украіны, Малдовы і многіх іншых краін, разбураных у імя рэалізацыі геапалітычных амбіцый Захаду пад прыкрыццём фальшывых лозунгаў пра абарону дэмакратыі і правоў чалавека», — рэзюмуюць аўтары паведамлення.
Нагадаем, партнёрам СВР у Беларусі выступае КДБ. Яшчэ ў 2021 годзе службы дамовіліся пра сумесную працу па супрацьдзеянні дэструктыўнай дзейнасці Захаду. Прэс-рэліз СВР з’яўляецца поўнай копіяй нядаўняй перадачы на тэлеканале СТВ «Без прыкрыцця», у якой франтмэнам выступае Раман Пратасевіч. Можна меркаваць, што і сам тэкст рэлізу СВР напісаны партнёрамі з Беларусі.
