У Латвіі перавозчык мігрантаў справакаваў пагоню і пратараніў аўтамабіль памежнікаў, паведамляе памежная служба Латвіі.
13 мая памежнікі атрымалі інфармацыю пра падазроны аўтамабіль, які рухаўся па дарозе Краслава – Дагда. На службовым аўтамабілі з пробліскавымі маячкамі яны паспрабавалі спыніць машыну, але кіроўца праігнараваў патрабаванні і паскорыўся. Кіроўца праехаў Краславу, не выконваючы правілаў і здзейсніўшы некалькі небяспечных манеўраў, і накіраваўся ў бок Даўгаўпілса.
Заўважыўшы наперадзе другі службовы аўтамабіль, кіроўца ўрэзаўся ў яго, не спрабуючы аб’ехаць. Пасля ўдару кіроўцу парушальніка адкінула на супрацьлеглы бок дарогі, дзе ён сутыкнуўся з трэцім аўтамабілем. У момант сутыкнення ў службовым аўтамабілі знаходзіліся два памежнікі. Яны атрымалі лёгкія траўмы.
Перавозчыкам мігрантаў аказаўся грамадзянін Узбекістана без пасведчання кіроўцы. Ён вёз двух іранцаў і двух грамадзян Індыі, якія раней нелегальна перайшлі беларуска-латвійскую мяжу. Мігрантаў з пераломамі і траўмамі пазваночніка даставілі ў бальніцу. Кіроўцу шпіталізацыя не спатрэбілася.
У дачыненні да кіроўцы ўзбуджаная крымінальная справа.
