Аляксандр Лукашэнка накіруецца ў Інданезію з дзяржаўным візітам 2 ліпеня. Цяпер у Інданезіі знаходзіцца кіраўнік беларускага МЗС Максім Рыжанкоў, паведамляе інданезійскае МЗС.
30 чэрвеня Рыжанкоў сустрэўся з міністрам замежных спраў Інданезіі Сугіёна ў рамках падрыхтоўкі візіту Лукашэнкі.
«Падчас сустрэчы міністры абмеркавалі падрыхтоўку маючага адбыцца дзяржаўнага візіту, уключаючы шэраг двухбаковых дакументаў і пагадненняў, якія плануецца падпісаць у яго рамках. Абодва бакі выказалі ўдзячнасць за цесную каардынацыю паміж сваімі міністэрствамі і ведамствамі, якая забяспечыла паспяховую падрыхтоўку візіту», — гаворыцца ў прэс-рэлізе МЗС Інданезіі.
Падчас візіту Лукашэнкі плануецца прадставіць дарожную карту двухбаковага супрацоўніцтва на 2026–2030 гады.
Бакі абмеркавалі ўмацаванне двухбаковых адносін у эканоміцы, сельскай гаспадарцы, харчовай бяспецы, культуры, навуцы і тэхналогіях, а таксама абмяняліся меркаваннямі па рэгіянальных і глабальных пытаннях.
Нагадаем, 26–28 чэрвеня Лукашэнка быў на расійскім Валдаі, дзе сустракаўся з Уладзімірам Пуціным. 28 чэрвеня ён прыбыў у Кітай, дзе правёў сустрэчу са старшынёй КНР Сі Цзіньпінам. Сёння ён прыняў удзел ва ўрачыстай цырымоніі ўручэння дыпломаў выпускнікам першай сумеснай адукацыйнай беларуска-кітайскай праграмы БДУ і Пекінскага ўніверсітэта па спецыяльнасці «біятэхналогія». Выпускніком праграмы з’яўляецца малодшы сын Лукашэнкі Мікалай.

