Беларускае прадпрыемства «БелАграГен» і ўрад Зімбабвэ плануюць падпісаць пагадненне аб запуску вытворчасці ветэрынарных вакцын у Зімбабвэ. Кошт праекта ацэньваецца ў 50 млн долараў, паведамляе зімбабвійскае выданне The Herald.
Праект пагаднення цяпер праходзіць неабходныя працэдуры ўзгаднення ва ўрадзе Зімбабвэ.
Намеснік дырэктара «БелАграГен» Андрэй Моўчан заявіў, што праект накіраваны на стварэнне рэгіянальнага рашэння праблемы захворванняў сельскагаспадарчых жывёл.
«Гаворка ідзе пра тое, каб Зімбабвэ заняла вядучую ролю ў абароне пагалоўя жывёлы ва ўсім рэгіёне. Мы гаворым пра стварэнне праекта, які будзе служыць усёй паўднёвай частцы Афрыкі, — і ствараць яго мы будзем менавіта тут», — сказаў ён.
Інвестыцыйны праект плануецца рэалізаваць паэтапна цягам трох гадоў. На першым этапе «БелАграГен» пачне пастаўкі ў Зімбабвэ зарэгістраваных ветэрынарных вакцын і фармацэўтычных прэпаратаў. Затым будуць створаны мясцовыя магутнасці па перапрацоўцы і пераўпакоўцы прадукцыі. Наступны этап — будаўніцтва сумеснага прадпрыемства па вытворчасці ветэрынарных вакцын і лекавых сродкаў.