У будаўніцтва канатнай дарогі ў Растове-на-Доне інвестар з Беларусі гатовы ўкласці ад 8 да 10 млрд рублёў (каля 90–120 млн долараў). Пра гэта паведаміў намеснік губернатара Растоўскай вобласці РФ Уладзімір Рэвенка, піша мясцовая газета «Молот».
«Беларусы ўжо сёння гатовы пабудаваць канатную дарогу, інвеставаўшы каля 8-10 млрд рублёў. Але перш чым прыступаць да будаўніцтва, трэба зразумець, колькі павінен каштаваць білет і колькі горад будзе датаваць», – прыводзіць газета каментар Рэвенкі.
Які аб’ём датацый ад горада можа спатрэбіцца, на сённяшні дзень невядома. Да таго ж, па словах Рэвенкі, у бюджэце Растоўскай вобласці няма сродкаў на асваенне Зялёнага вострава.
«Калі мы вырашым, што будзем рабіць з забудовай тэрыторыі Растоўскага порта і наступнага за ім завода, тады, магчыма, гэты праект запрацуе. Мы загадзя пакідаем месца пад канатную дарогу, разумеючы, што рана ці позна такая славутасць у Растове павінна з’явіцца», – адзначыў Рэвенка.
На пачатку 2025 года і.а. кіраўніка генконсульства Беларусі ў Растове-на-Доне Дзмітрый Шкурдзь на сустрэчы з кіраўніком расійскага рэгіёна Юрыем Слюсарам узгадваў пастаўку абсталявання для “струннага транспарту для развіцця зносін паміж правым і левым берагам Дона”.
Праект канатнай дарогі абмяркоўваецца ў Растове-на-Доне ўжо шмат гадоў. Асноўная мэта — звязаць цэнтр горада з левым берагам Дона (раён стадыёна «Ростов Арена») і разгрузіць транспарт. Планаваная даўжыня: каля 2 км. Фактычна праект знаходзіцца на паўзе.
