З журналіста Ігара Карнея, вызваленага і выдваранага з Беларусі ў чэрвені 2025 года, улады спрабуюць спагнаць 258 рублёў 50 капеек. За што менавіта ён павінен выплаціць гэтую суму — невядома. Пра сітуацыю Карней напісаў у Facebook.
Паводле яго слоў, судовы выканаўца Казлоўская дасылае яму фінансавыя прэтэнзіі. Карней адказвае ў Viber, што не можа з’явіцца ў суд, бо яго выдварылі з краіны, але на яго паведамленні ніхто не адказвае.
Журналіст не ведае, за што павінен выплаціць указаную суму, але мяркуе, што, магчыма, за турэмную робу.
«З якога перапуду налічылі 258.50 руб – загадка прыроды. Прынамсі гэтым разам хоць прыкладзены квіток на аплату. У канцы мінулага году была проста паперка з пагрозай, што ў выпадку ігнаравараньня выкліку магу быць “подвергнут приводу”. Вось тады і закруціўся наш віртуальны Tinder, адзінае, што без узаемнасьці). Бо дома я ня быў амаль тры гады, а ў іх чорных сьпісах, відаць, па-ранейшаму пазначаны “сухараўскім”.
Без асаблівага спадзеву на разуменьне зноў папрасіў куратарку папулярна патлумачыць, за што задаўжаў – не аддаваць жа грошы першаму прахадзімцу. Яшчэ ўвойдуць у смак, што паставяць рэгулярны аброк на канвеер). Дапускаю, што на такую суму пенітэнцыярныя мадэльеры ацанілі свае строі строгіх фасонаў – і тое хіба заднім чыслом за палажняк у Шклове. Пасьля пераезду да рэцыдывістаў у ПК №20 на складзе атрымаў толькі летнюю кашулю – наўрад ці яна пры ўсёй сваёй эксклюзіўнасьці пацягне на 80 еўра”, — напісаў Карней.
Карней таксама заявіў, што не можа зняць са свайго турэмнага рахунку каля 500 рублёў, якія заставаліся там пры вызваленні. Ён хацеў бы, каб гэтыя грошы вярнулі адпраўніку — яго маці. Карней спрабаваў пісаць начальніку мазырскай калоніі, але не атрымліваў адказаў, а юрыст заявіў, што Карней можа прыехаць у калонію асабіста і забраць грошы па пашпарце.
Увосень 2025 года ад Карнея патрабавалі заплаціць 63 рублі за паслугі, атрыманыя ў мінскім СІЗА №1 на вуліцы Валадарскага. У паведамленні, якое прыйшло на яго мінскі адрас, журналісту пагражалі прывадам у выпадку няяўкі.
Журналіста «Радыё Свабода» Ігара Карнея затрымалі ў ліпені 2023 года і ў сакавіку 2024-га прыгаварылі да 3 гадоў пазбаўлення волі па артыкуле аб удзеле ў экстрэмісцкім фарміраванні. Згодна з абвінавачаннем, ён супрацоўнічаў з БАЖ, прызнанай «экстрэмісцкім фарміраваннем», і ў сваіх матэрыялах нібыта «даваў ілжывае ўяўленне аб эканамічным, сацыяльным, ваенным і міжнародным становішчы Рэспублікі Беларусь». Пазней яго асудзілі яшчэ на 8 месяцаў турмы, абвінаваціўшы ў злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі калоніі (ч. 1 арт. 411 КК). Карнея вызвалілі і прымусова вывезлі ў Літву ў чэрвені 2025 года.


