Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп у сетцы Truth Social напісаў, што з нецярпеннем чакае сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам. Ён таксама падзякаваў яму за вызваленне 250 палітычных зняволеных падчас апошняга візіту ў Мінск спецпасланніка прэзідэнта ЗША Джона Коўла.
“На мінулым тыдні мой пасланнік па Беларусі Джон Коўл пасля перамоваў з паважаным прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам дамогся вызвалення яшчэ 250 палітычных зняволеных! Такім чынам, агульная колькасць зняволеных, вызваленых прэзідэнтам Лукашэнкам з мая мінулага года, перавысіла 500 чалавек. Я хацеў бы выказаць прэзідэнту сваю самую шчырую падзяку за гэта і з нецярпеннем чакаю сустрэчы з ім на наступным пасяджэнні Савета міру!” — гаворыцца ў паведамленні Трампа.
Нагадаем, Аляксандр Лукашэнка не паехаў на першую сустрэчу Савета міру ў лютым. Знаходзячыся ў Мінску, Джон Коўл выказаў расчараванне адсутнасцю Лукашэнкі на першым пасяджэнні, але яго чакаюць на наступнай сустрэчы. У пятніцу прэс-сакратар Лукашэнкі Наталля Эйсмант заявіла, што магчымасць сустрэчы Лукашэнкі і Трампа разглядаецца. Гаворачы пра наведванне Савета міру, Эйсмант сказала, што Лукашэнка прыме ўдзел у сустрэчы, “калі пасяджэнне будзе ў бягучым годзе і калі гэта будзе прымальна для беларускага боку”.
