Дзяржсакратар ЗША Марка Рубіа разлічвае на хуткае аднаўленне перамоваў аб спыненні расійска-ўкраінскай вайны. Пра гэта ён заявіў у інтэрв’ю Fox News. Кіраўнік амерыканскай дыпламатыі таксама назваў прычыны, чаму перамовы знізілі тэмп.
Нагадаем, на пачатку года адбыліся некалькі сустрэч у трохбаковым фармаце з удзелам ЗША, Украіны і Расіі. Аднак з пачаткам аперацыі ЗША і Ізраіля супраць Ірана яны спыніліся. Рубіа не назваў вайну на Блізкім Усходзе ў якасці прычыны паўзы.
“На жаль, за апошнія некалькі месяцаў мы крыху знізілі тэмп па шэрагу прычын: украінцы ўсё больш упэўненыя ў сваіх пазіцыях на полі бою; яны перажылі зіму; расіяне крыху аптымістычныя, таму што цэны на нафту выраслі.
Але, спадзяюся, няхай гэта будзе заява Уладзіміра Пуціна ці нешта іншае, мы хутка дасягнём пункта, калі абодва бакі адновяць дыялог. І мы гатовыя адыграць ролю пасярэдніка і давесці справу да канца. Я думаю, мы адзіная краіна ў свеце, якая можа гэта зрабіць. Калі нехта іншы хоча паспрабаваць, няхай спрабуе, але абодва бакі працягваюць казаць нам, што толькі мы можам.
У канчатковым выніку, прэзідэнт хоча, каб вайна скончылася. І калі ён і мы можам нешта зрабіць, каб дапамагчы яе заканчэнню, мы гэта зробім”, — сказаў ён.
Дзяржсакратар ЗША таксама падкрэсліў, што Расія нясе большыя страты, чым Украіна.
“Што тычыцца больш шырокага канфлікту, прэзідэнт проста хоча, каб вайна скончылася. Ён лічыць яе вар’яцкай вайной. І ён мае рацыю. Бо з абодвух бакоў гінуць людзі ў велізарных колькасцях. Украіне давядзецца два дзесяцігоддзі аднаўляць краіну. Шкода расійскай эканоміцы каласальная. Расія губляе 15-20 тысяч салдат у месяц забітымі. Не параненымі, а менавіта забітымі. Гэта жахлівая вайна”, — сказаў Рубіа.
