Рост ВУП Беларусі чакаецца каля 1% у 2026 годзе — MacroBy

Галоўнае
Фото: Towfiqu barbhuiya /Unsplash.com

Рост ВУП Беларусі чакаецца каля 1% у 2026 годзе. Пра гэта гаворыцца ў квартальным аглядзе, падрыхтаваным MacroBy у рамках праекта “Маніторынг эканомікі Беларусі”.

ВУП краіны па выніках першага квартала знізіўся на 0,4% у гадавым вылічэнні, аднак у параўнанні з папярэднім кварталам адзначаўся рост выпуску на 0,2%.

Высокія спажывецкія выдаткі падтрымалі ВУП. Стрымлівалі яго дынаміку аслабленне інвестыцыйнага попыту ў Беларусі і Расіі, а таксама рэсурсныя абмежаванні (перш за ўсё недахоп работнікаў). У выніку перагрэў эканомікі скараціўся прыкладна да 0,8% ВУП.

Як адзначаюць аўтары прагнозу, эканамічная актыўнасць у 2026 годзе захавае ўмераныя тэмпы росту. Невялікае змякчэнне манетарных умоў і захаванне высокіх бюджэтных выдаткаў падтрымаюць унутраны попыт. Сектары, арыентаваныя на экспарт, будуць дэманстраваць стрыманую дынаміку на фоне запаволення эканамічнай актыўнасці ў РФ.

“У выніку рост ВУП Беларусі прагназуецца каля 1% г/г па выніках 2026 г., а рэальныя заробкі павялічацца на 5–6% г/г пасля прыросту на 9% г/г у 2025 г. Вычарпаныя нявыкарыстаныя ў вытворчасці рэсурсы, перш за ўсё рабочая сіла, недастатковая аддача ад рэалізаваных інвестыцый і «выбоістасць» бізнес-асяроддзя абумоўліваюць захаванне невысокага патэнцыялу эканамічнага росту”, — гаворыцца ў прагнозе.

Яго аўтары лічаць, што кансалідаваны бюджэт у гэтым годзе будзе выкананы з невялікім дэфіцытам у памеры каля 1% ВУП. Улады будуць падтрымліваць высокі аб’ём дзяржвыдаткаў для мэт забеспячэння, як мінімум, невялікага росту эканомікі. Назапашаныя фіскальныя рэзервы фарміруюць спрыяльныя ўмовы для захавання стымулюючай палітыкі нават пры складанасцях з нарошчваннем бюджэтных даходаў. Фінансавая падтрымка РФ павінна забяспечыць даўгавую ўстойлівасць у сярэднетэрміновай перспектыве.

Знешнегандлёвая пазіцыя прагназуецца дэфіцытнай у межах 1% ВУП, што не будзе аказваць значнага ціску на курс рубля.

Інфляцыя да канца года адновіцца да ўзроўню 6-7%. Зараз яна складае 5,4% у гадавым вылічэнні.

“Рызыкі для прагнозу застаюцца павышанымі, перш за ўсё з-за нявызначанасці знешняга асяроддзя. Працягласць і маштаб негатыўных эфектаў крызісу на Блізкім Усходзе цяжка прагназуюцца. Пры негатыўным развіцці падзей ціск на цэны ў Беларусі ўзрасце. У той жа час арыентацыя Беларусі на Расію і Кітай можа абмежаваць уплыў знешняга шоку, бо гэтыя дзяржавы патэнцыйна менш схільныя росту інфляцыі з-за павышэння цэн на сыравіну ў параўнанні з ЕС.

Нявызначанасць змянення санкцыйнай палітыкі ЗША і ЕС у дачыненні да Беларусі і Расіі таксама застаецца фактарам рызыкі для прагнозу. Нельга выключаць і больш мяккай, чым чакаецца ў базавым сцэнарыі, унутранай эканамічнай палітыкі. Стрыманы рост ВУП можа падштурхнуць улады ўзмацніць стымулы для попыту за кошт актыўнага расходавання дэпазітаў урада, «квазіфіскальных» аперацый і значнага зніжэння ставак па крэдытах. Гэта часова павысіць рост ВУП, але коштам узмацнення інфляцыйнага ціску і павышэння дэфіцыту знешняга гандлю”, — гаворыцца ў дакуменце.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.