Беларускі фатограф Максім Сарычаў атрымаў узнагароду на прэстыжным польскім фотаконкурсе Talent Roku 2026. Яго праект «Сляпая зона» (Martwy punkt) быў адзначаны спецыяльным прызам (wyróżnienie) у катэгорыі ZINCALL.
«Сляпая зона» — гэта маштабнае візуальнае даследаванне мастака, над якім ён працаваў больш за пяць гадоў: з 2015 па 2020-ы, ды таксама ў 2024 годзе. Геаграфія праекта ахоплівае Беларусь, Расію, Латвію, Літву і Польшчу.
У сваёй серыі аўтар аналізуе прасторы, дзе дзяржаўная ўлада выходзіць за межы права, этыкі і чалавечнасці. Праект паказвае, як сучасныя тэхналогіі (Big Data і штучны інтэлект) замяняюць «ручныя» метады працы спецслужбаў, але сутнасць рэпрэсій застаецца нязменнай — паралізаваць грамадства праз гвалт.

«Логіку сістэмы немагчыма прадказаць: тое, што было дазволена ўчора, сёння можа стаць злачынствам. Гэтая няпэўнасць нараджае страх і аўтацэнзуру, паралізуючы вольнае грамадства ўжо на ўзроўні самога мыслення», – адзначаецца ў анатацыі да праекта.
«Сляпая зона» становіцца месцам выяўлення самых крайніх формаў ціску: ад псіхалагічнага гвалту да катаванняў. «Перад тварам некантраляванай сілы агаляецца агульная далікатнасць чалавечых істот. Гэта змрочная мазаіка старанна сканструяванай сістэмы падаўлення і страху».

Што такое Talent Roku?
Talent Roku — гэта штогадовы конкурс, які праводзіць фундацыя Pix.house сумесна з Ваяводскай публічнай бібліятэкай і Цэнтрам культурнай анімацыі ў Познані. Гэта адна з самых значных пляцовак у Польшчы для падтрымкі аўтараў, якія ствараюць сацыяльныя фотапраекты і кнігі (зіны).
Адзнака ў катэгорыі ZINCALL прадугледжвае прэзентацыю прац аўтара і прафесійную куратарскую кансультацыю.
Конкурс праходзіць у межах праекта «PIX.LAB – edukacyjne laboratorium fotografii», які рэалізуецца пры падтрымцы горада Познань і Маршалкоўскай управы Велікапольскага ваяводства.
Максім Сарычаў — беларускі візуальны мастак, фотажурналіст. З 2022 года жыве ва Уроцлаве (Польшча). Ён стварае доўгатэрміновыя візуальныя праекты на мяжы фатаграфіі, журналістыкі і мастацтва, даследуючы тэмы гвалту розных формаў і маштабаў — як з боку аўтарытарных рэжымаў, так і ўнутры традыцыйнага грамадства. Асноўны інтарэс аўтара ляжыць у палітычных і чалавечых вымярэннях калектыўнай памяці і гісторыі.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
