Польская Памежная ахова раскрыла схему візавага махлярства, якой скарысталіся не менш за 230 грамадзян Беларусі. У Лодзі затрымана 40-гадовая грамадзянка Украіны, уцягнутая ў арганізацыю схемы.
Як распавялі ў Марскім аддзеле Памежнай аховы, у ходзе расследавання незаконных перасячэнняў мяжы былі выяўлены дакументы, сапраўднасць якіх выклікала сумненне. След прывёў у Лодзь, дзе ў снежні 2022 года грамадзянка Украіны зарэгістравала ТАА, якое, паводле дакументаў, павінна было займацца прыборкай будынкаў і прамысловых аб’ектаў, вытворчасцю адзення, будаўнічымі работамі і гандлем. Аднак рэальнай дзейнасці таварыства не вяло. Разам з тым з снежня 2022 года па чэрвень 2023 года фірма выдавала дэкларацыі аб даручэнні працы замежнікам, якія рэгістраваліся з кароткімі інтэрваламі ў мясцовым раённым бюро занятасці.
Кошт такога дакумента складаў 400 еўра. Памежнікі ўстанавілі, што 230 грамадзян Беларусі скарысталіся такімі дэкларацыямі пры афармленні віз у польскім консульстве. Купляючы дакументы, атрымальнікі віз ведалі, што не будуць працаваць на кампанію.
У ходзе следства было ўстаноўлена, што грамадзянка Украіны ўзаемадзейнічала з іншымі пакуль не ўстаноўленымі асобамі. Аднак яе веды пра схему былі абмежаванымі. Роля затрыманай заключалася ў прадастаўленні за ўзнагароджанне сваіх асабістых дадзеных для рэгістрацыі кампаніі, адкрыцця банкаўскіх рахункаў, электронных профіляў, атрымання электронных подпісаў. Пры гэтым шмат што паказвае на тое, што дадзенае ёй абяцанне аб узнагароджанні не было выканана.
Жанчыне прад’яўлена абвінавачанне ў арганізацыі незаконнага перасячэння дзяржаўнай мяжы і падробцы дакументаў. У дачыненні да яе прыменена мера стрымання ў выглядзе паліцэйскага нагляду і забароны на выезд з краіны.
Расследаванне працягваецца, устанаўліваюцца іншыя датычныя да схемы асобы.
