МЗС Украіны прызначыла адказнага за кантакты з беларускімі дэмсіламі

Галоўнае
Фото: Facebook

Міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга прызначыў Яраслава Чарнагора адказным за кантакты з беларускімі дэмсіламі. Чарнагор зойме пасаду пасла МЗС па асаблівых даручэннях па пытаннях дэмакратычных трансфармацый, узаемадзеяння з дэмакратычнымі сіламі і нацыянальнымі рухамі недружалюбных краін.

Яраслаў Чарнагор — дырэктар праграм расійскіх і беларускіх даследаванняў Рады знешняй палітыкі “Украінская прызма”.

Выданне адзначае, што раней прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі анансаваў стварэнне спецпрадстаўніка па Беларусі. Аднак пошук кандыдата зацягнуўся, з-за чаго быў адкладзены і візіт Святланы Ціханоўскай у Кіеў. Указа пра прызначэнне спецпрадстаўніка пакуль няма.

Прызначэнне Чарнагора на пасаду пасла ў МЗС дазволіць, не чакаючы прэзідэнцкага ўказа, палепшыць узаемадзеянне з беларускімі дэмсіламі, піша “Еўрапейская праўда”. Выданне таксама выказвае меркаванне, што прызначэнне Чарнагора разблакуе падрыхтоўку візіту Ціханоўскай.

“Сёння пачаўся новы этап майго жыццёвага шляху. За 10 гадоў я прайшоў шлях ад акадэмічнага вучонага, які валанцёрыў на карысць параненых у ваенным шпіталі, да ўдзельніка АТА, афіцэра ССА УСУ, а затым пасля вайсковай службы — дырэктара праграм аналітычнага цэнтра Foreign Policy Council “Ukrainian Prism” у грамадскім сектары, і вось цяпер зноў служба, цяпер ужо дыпламатычная ў Міністэрстве замежных спраў Украіны.

І галоўным фактарам маіх жыццёвых зменаў застаецца краіна-агрэсар і яе сатэліт — пуцінская РФ і лукашэнкаўская РБ. Супрацьстаяць ім — гэта сур’ёзны выклік, і я яго прыняў.

Дыпламатычная служба ва Упраўленні недружалюбных краін дасць мне вялікія магчымасці супрацьдзеяння нашым ворагам”, — напісаў Чарнагор пра сваё прызначэнне ў Facebook.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.