«Мы пілі малако, мы прыдумалі майя»: праект Filamaty выдаў сінгл пра таемнае таварыства студэнтаў XIX стагоддзя

Культура
Фота: сацсеткі праекта Filamaty.

Выйшаў першы сінгл праекта Filamaty — «Пацеркі». «Плячом, на плячах нашае таварыства, вясела на шэі жыцця нібы маністы», — спяваюць музыканты Уладзь Лянкевіч і Алесь Дземідзенка, прымерваючы на сябе вобраз славутых філаматаў — студэнтаў таемнага партрыятычнага таварыства XIX стагоддзя.

Амаль рок-балада пра лёс славутага аб’яднанння — «Пацеркі» — цяпер дасяжная на ўсіх музычных платформах.

Дзеля таго, каб напісаць тэксты і ставарыць музыку для праекта, удзельнікам актуальнага музычнага аб’яднання — лідару Syndroma Samazvanca Уладзю Лянкевічу і музыкам гурта Relikt Алесю Дземідзенку, Змітру Наркевічу, Віталю Макшуну — прыйшлося сур’ёзна заглыбіцца ў гісторыю XIX стагоддзя.

У выніку паўстаў вельмі прыгожы праект — у якім погляды колішніх філаматаў, іх ідэі і памкненні рыфмуюцца з марамі ўдзельнікаў паўстання 2020 года. Вольная краіна, беларуская гісторыя і культура, нацыяльная ідэнтыфікацыя, творчасць — коды маладых асветнікаў тых часоў і беларусаў XXI стагоддзя супадаюць, нягледзячы на часавую адлегласць у два стагоддзі. І гэта самае кранальнае — аўтары праекта Filamaty, якія з іроніяй і пэўным дэндзізмам прыпадносяць сваю творчасць (тут кажам пра іх знешні вобраз) — схапілі саму сутнасць руху: дух адраджэння, які па-ранейшаму жыве ў сэрцах свядомых беларусаў і беларусак.

«Мы пілі малако, мы прыдумалі майя»: праект Filamaty выдаў сінгл пра таемнае таварыства студэнтаў XIX стагоддзя
Фота: сацсеткі праекта.

У музыцы «Філаматаў» можна пачуць адсылкі да стылю «Рэлікту», асабліва атмасферы іх новага альбому «Рамантызм». Але тут ёсць і музычныя хады, уласцівыя праектам Уладзя Лянкевіча, а як вынік — творчасць «Філаматаў» пакідае ўражанне выкшталцонага паслання, якое злучае часы і лёсы, і прапаноўвае нам выдумаць, стварыць сваю Беларусь.

Адзначым, што канцэртная прэм’ера музычнага праекта Filamaty адбылася ў 2024 годзе на фестывалі «Вершы на асфальце». Спадзяемся, што неўзабаве ўбачыць праект на сцэне можна будзе на гэтай ды іншых імпрэзах.

Слухаць сінгл можна тут.

Таварыства філаматаў (ад грэчаскага «аматары ведаў») — таемная патрыятычная і асветніцкая арганізацыя студэнтаў Віленскага ўніверсітэта, якая існавала ў 1817–1823 гадах. Яе заснавальнікамі сталі маладыя інтэлектуалы, сярод якіх былі Адам Міцкевіч, Ян Чачот і Тамаш Зан. Суполка мела на мэце маральнае ўдасканаленне, сумесную адукацыю і падрыхтоўку грамадства да будучых пераўтварэнняў праз лозунг «Навука, Дзейнасць, Справядлівасць». Філаматы верылі, што шлях да вольнай краіны ляжыць праз захаванне нацыянальнай культуры і асвету народа.

Дзейнасць таварыства стала фундаментам для многіх наступных пакаленняў беларускай інтэлігенцыі, у тым ліку і для Напалеона Орды, які ўвайшоў у кола іх пераемнікаў. Нягледзячы на разгром арганізацыі царскімі ўладамі ў 1823 годзе і высылку яе ўдзельнікаў, філаматы стварылі ўнікальны код інтэлектуальнага супраціву і салідарнасці. Менавіта гэтая ідэя «супольнасці роўных», аб’яднаных марамі пра вольную культуру, застаецца актуальнай і сёння, знаходзячы новае гучанне ў сучаснай беларускай музыцы і мастацтве.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.

Апошнія навіны