Савет Рэспублікі ўхваліў праект закона «Аб змяненні законаў па пытаннях прафілактыкі правапарушэнняў». Ён прадугледжвае пашырыць катэгорыі грамадзян, якіх будуць ставіць на прафілактычны ўлік у міліцыі. Законапраект прадставіў кіраўнік МУС Іван Кубракоў.
Дакумент прапануе ставіць на прафілактычны ўлік асоб, якія вызваліліся з ЛПП і асуджаныя да штрафу, а таксама «хатніх дэбашыраў», паведамляе МУС.
«Прадугледжваецца пашырэнне і карэкціроўка падстаў для пастаноўкі на прафілактычны ўлік у органах унутраных спраў. Прапануецца ўвесці дзве новыя катэгорыі: асоб, якія вызваліліся з лячэбна-працоўных прафілакторыяў, і асоб, асуджаных да штрафу. Акрамя таго, на ўлік будуць ставіць “хатніх дэбашыраў” за два правапарушэнні на працягу года — пры гэтым не мае значэння, ці была асоба прыцягнутая да адміністрацыйнай адказнасці, ці справа была спыненая судом у сувязі з прымірэннем з пацярпелым», — заявіў Кубракоў.
Законапраект таксама ўдакладняе функцыі і абавязкі суб’ектаў прафілактыкі.
Прапануецца змяніць парадак датэрміновага зняцця з уліку. Кіраўнік тэрытарыяльнага органа ўнутраных спраў зможа прыняць такое рашэнне не раней чым праз шэсць месяцаў пасля пастаноўкі на яго пры выкананні ўсіх умоў:
- працоўная занятасць на працягу паўгода;
- адсутнасць фактаў хатняга гвалту;
- праходжанне карэкцыйнай праграмы;
- згода пацярпелага.
Асобы, якія знаходзяцца на прафілактычным уліку, абавязаныя працаўладкавацца і прайсці курс лячэння ад алкагалізму. Для тых, хто ігнаруе гэтыя патрабаванні, прадугледжаная адміністрацыйная адказнасць ажно да арышту.
«Заканадаўчае замацаванне прапанаваных змяненняў дазволіць павысіць эфектыўнасць прафілактычнай работы, а таксама ўдасканаліць змест і скіраванасць карэкцыйнага ўздзеяння на паводзіны і лад жыцця асобных катэгорый грамадзян», — лічыць Кубракоў.