Міжнародны саюз канькабежцаў (ISU) дапусціў беларускіх і расійскіх спартсменаў да міжнародных спаборніцтваў у нейтральным статусе ў сезоне 2026/2027.
«Спартсмены, якія прадстаўляюць Расію і Беларусь, змогуць удзельнічаць у спаборніцтвах без дзяржаўнай сімволікі, а менавіта без нацыянальных сцягоў, нацыянальнай формы і выканання дзяржаўных гімнаў. Допуск да спаборніцтваў будзе магчымы толькі пры адсутнасці доказаў парушэння спартсменамі патрабаванняў нейтральнага статусу, што падкрэслівае прыярытэт прынцыпаў сумленнага спорту на лёдзе», — гаворыцца ў прэс-рэлізе арганізацыі.
Спартсмен не будзе дапушчаны да спаборніцтваў у нейтральным статусе, калі праходзіць службу ва ўзброеных сілах або дзяржаўнай службе бяспекі Беларусі ці Расіі, з лютага 2022 года прымаў актыўны ўдзел у баявых дзеяннях у вайне супраць Украіны або актыўна і публічна падтрымліваў вайну.
Нейтральныя спартсмены, якія прадстаўляюць федэрацыі — члены ISU з Расіі і Беларусі, могуць удзельнічаць у камандных спаборніцтвах у складзе каманды нейтральных спартсменаў. Гэта распаўсюджваецца на камандныя дысцыпліны, уключаючы сінхроннае катанне, камандную гонку пераследавання ў канькабежным спорце, эстафеты ў шорт-трэку, а таксама камандны чэмпіянат свету.
ISU выказаў гатоўнасць змякчыць абмежаванні, «калі пераканаецца ў адсутнасці якіх-небудзь пагроз бяспецы або цэласнасці спаборніцтваў».