Міністэрства транспарту і камунікацый Беларусі з 25 мая 2026 года ўводзіць сезонныя абмежаванні нагрузкі на вось пры руху па рэспубліканскіх аўтадарогах. Яны будуць дзейнічаць па 31 жніўня. Пастанова Мінтранса №17 ад 5 мая сёння апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
У названы перыяд з 11 да 20 гадзін уключна пры дзённай тэмпературы паветра больш за 25 градусаў нагрузка на вось транспартных сродкаў не павінна перавышаць 6 тон.
Сезонныя абмежаванні не распаўсюджваюцца на пасажырскія транспартныя сродкі, перавозкі асобных грузаў, у тым ліку жывёл, колавыя сельскагаспадарчыя трактары і інш.
Пастановай таксама зацверджаны пералік рэспубліканскіх аўтадарог і іх участкаў, на якіх не будуць дзейнічаць сезонныя абмежаванні нагрузкі на вось. Гэта асноўныя транспартныя калідоры, якія праходзяць праз краіну і пад’езды да Мінска, а таксама другая МКАД і кальцавая вакол Магілёва.

