12 лютага ў шырокі пракат выйшаў новы праект Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» — дакументальная стужка «Душа абаронцы» прапагандыста Рыгора Азаронка. Карціна стваралася пры поўнай падтрымцы сілавога блоку: МУС, Міністэрства абароны і Памежнага камітэта.
Прэм’ера ў кінатэатры «Масква» ператварылася ў маштабную ідэалагічную акцыю. У фае гледачоў сустракалі выставы вайсковай тэхнікі, найноўшых беспілотнікаў і экіпіроўкі, што разам з выступамі кавер-бэндаў задавала атмасферу не кінапаказу, а мілітарызаванага свята.





Сама стужка пабудавана на экзістэнцыяльных маналогах вайскоўцаў сіл спецыяльных аперацый, памежнікаў і супрацоўнікаў спецпадраздзяленняў МУС. Героі карціны разважаюць пра доўг, гонар і гатоўнасць да самаахвяравання. Сярод цытат, якія гучаць з экрана: «Наша рэлігія такая — перамагаць» і «Не бойцеся тых, хто забівае цела, бойцеся тых, хто забівае душы».
Адным з цэнтральных эпізодаў стужкі стала згадка падзей 2020 года. На экране Мікалай Карпянкоў называе Аляксандра Лукашэнку «самым галоўным, самым мудрым і самым правільным камандзірам», апісваючы яго выхад з аўтаматам як «генеральную бітву», якой апладзіравалі байцы.
«И знаете, это было генеральное сражение, когда президент появился со своим сыном практически впереди охраны. Охраны не было впереди. И вот он с автоматом вышел и вот стоят наши бойцы, и они аплодировали президенту. Главнокомандующий — самый главный, самый мудрый, самый правильный командир», — распавёў у фільме намеснік МУС.
Агульны пафас карціны падкрэслівае ідэю бесперапыннай гатоўнасці сілавых структур да сустрэчы з пагрозамі і іх выключную ролю ў захаванні міру ў краіне.



Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
