Сын Мнангагвы лячыўся ў Беларусі ад наркатычнай залежнасці — СМІ

Галоўнае
Коллинз Мнангагва. Фото: facebook.com/collins.mnangagwa.2025

Колінз Мнангагва, сын прэзідэнта Зімбабвэ Эмерсана Мнангагвы, праходзіў у Беларусі лячэнне ад наркатычнай залежнасці, піша зімбабвійскае выданне Zimlive.

«Паводле слоў крыніц, Колінз Мнангагва нядаўна быў адпраўлены ў Беларусь на рэабілітацыю пасля таго, як ён нібыта заахвоціўся да наркотыкаў, якімі, як сцвярджае яго сям’я, яго забяспечвала Тафірэніка», — сцвярджае выданне.

Паводле інфармацыі журналістаў, на наркотыкі Колінза Мнангагву падсадзіла яго другая жонка Келсі Тадзіва Тафірэніка.

5 жніўня 22-гадовая дзяўчына паўстала перад судом для абрання меры стрымання па справе аб продажы наркотыкаў. Падчас ператрусу 4 жніўня паліцыя знайшла ў яе дома і ў машыне петыдын, марфін і канабіс. Іх кошт ацанілі ў 204 долары.

Паводле інфармацыі Zimlive, першая лэдзі Зімбабвэ Аксілія Мнангагва асабіста патрабавала арышту Тафірэнікі, а таксама мае намер дамагацца вяртання некалькіх дамоў, якія, як яна сцвярджае, дзяўчына набыла на грошы яе сына і без яго ведама.

Калі менавіта Колінз Мнангагва праходзіў лячэнне ў Беларусі, не паведамляецца. Аднак у маі гэтага года Эмерсан Мнангагва раптоўна прыляцеў у Беларусь з неафішаваным візітам. Тады ў Зімбабвэ хадзілі чуткі, што ён нібыта вывез у Беларусь зліткі золата. Магчыма, падчас майскага візіту ён і прывёз у Мінск сына.

Колінз Мнангагва быў у Беларусі мінімум адзін раз. У 2023 годзе ён прыязджаў у Мінск разам з маці і братам-блізнюком Шонам. Яны сустрэліся з міністрам замежных спраў Сяргеем Алейнікам і бізнесменам Аляксандрам Зінгманам.

Колінз Мнангагва вучыўся ў Кітаі, а затым заснаваў кампанію па здабычы золата ZimCN Investments сумесна з кітайскім партнёрам. Мясцовыя СМІ абвінавачвалі сына прэзідэнта ў запалохванні суддзяў і кантрабандзе золата.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.