Дарадца прэзідэнта Літвы Аста Скайсгірыце ў інтэрв’ю Žinių radijus пацвердзіла, што для пачатку дыялогу з Мінскам павінны быць выкананы папярэднія ўмовы. Паводле яе слоў, працяглыя гібрыдныя атакі не дэманструюць рэальную гатоўнасць беларускага боку да дыялогу.
«Мы можам разглядаць дыялог, калі ёсць пра што гаварыць. Пакуль гэтыя дзеянні вядуцца, Літва знаходзіцца ў даволі абарончай пазіцыі, і гаварыць няма пра што. Гэтыя дзеянні проста павінны спыніцца», – сказала яна, перадае LRT.
Яна падкрэсліла, што хоць ЗША і кажуць пра неабходнасць весці перамовы без папярэдніх умоў, Вільнюс не гатовы на такі крок.
«Гэтыя просьбы не былі афіцыйнымі або вылучанымі на высокім узроўні. Так, амерыканскія перамоўшчыкі кажуць, што лепш весці перамовы без якіх-небудзь папярэдніх умоў. Магчыма, для кагосьці гэта і здзяйсняльна. Я думаю, што ў нашым выпадку гэта складана, бо ў нас ужо ёсць гісторыя, перадгісторыя нашых адносін. Перамовы без якіх-небудзь папярэдніх умоў для нас не вельмі выгадныя», – сказала яна.
Паводле яе слоў, кантакты на тэхнічным узроўні з Беларуссю захоўваюцца, але магчымасцяў для перамоў на палітычным узроўні няма.
«Для таго, каб у нас адбыўся змястоўны палітычны дыялог, нам патрэбны ўмовы, нам патрэбна добрая воля, і тады мы зможам пагаварыць, калі нам будзе пра што пагаварыць. Сёння мы не бачым, пра што нам варта было б гаварыць.
Ці варта нагадваць Беларусі, што яе тэрыторыя была перададзена расійскім ваенным сілам для нападу на Украіну? Або што палітычных зняволеных да гэтага часу кідаюць у турмы?» – сказала яна.
