Прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі хакея (IIHF) Люк Тардзіф хоча, каб Расія і Беларусь вярнуліся ў міжнародныя спаборніцтвы, падкрэсліўшы, што гэта будзе азначаць канец вайны. Пра гэта прагучала на прэс-канферэнцыі, якая адбылася сёння, 12 лютага, піша The Hockey News.
Расія і Беларусь адхілены ад міжнародных спаборніцтваў з 2022 года пасля пачатку расійскага ўварвання ва Украіну. Паводле слоў Тардзіфа, ён спадзяецца, што каманды змогуць прыняць удзел у Алімпійскіх гульнях 2030 года.
«Мы хочам, каб Беларусь і Расія вярнуліся як мага хутчэй, — сказаў Тардзіф. — Бо, па-першае, гэта будзе азначаць, што свет стане крыху лепшым».
Пытанне аб магчымым удзеле Расіі ў Кубку свету па хакеі 2028 года, які арганізуецца НХЛ і не з’яўляецца турнірам пад эгідай IIHF, застаецца адкрытым. Камісар НХЛ Гэры Бэтмэн заявіў, што ліга будзе арыентавацца на пазіцыю міжнароднай спартыўнай супольнасці, уключаючы IIHF і Міжнародны алімпійскі камітэт.
«Мы будзем сачыць за тым, што робіць міжнародная супольнасць у галіне спорту, — сказаў ён. — Я не бачу неабходнасці асобна выказвацца з гэтай нагоды. Шчыра кажучы, з пункту гледжання нашага віду спорту і нашых гульцоў — незалежна ад таго, адкуль яны родам — я лічу, што для нашага віду спорту і для нашых балельшчыкаў будзе лепш, калі мы зможам трымацца далей ад геапалітычных пытанняў, не толькі ад гэтага, але і ад цэлага шэрагу іншых».
