Дзяржава прызнае рэлігійныя арганізацыі партнёрамі ў рэалізацыі дзяржаўнай сацыяльнай палітыкі. Пра гэта заявіў упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Аляксандр Румак на круглым стале «Дзяржава і Царква. Сумесная дзейнасць па абароне традыцыйных каштоўнасцяў і падтрымцы інстытута сям’і», які прайшоў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, перадае БелТА.
“Роля рэлігійных арганізацый у жыцці грамадства значная. Яны не толькі з’яўляюцца захавальнікамі духоўных каштоўнасцяў, але і актыўна ўдзельнічаюць у вырашэнні сацыяльных, адукацыйных і культурных праблем”, – падкрэсліў ён.
У якасці прыкладу ён прывёў праграмы дапамогі сем’ям, якія апынуліся ў крызіснай сітуацыі, падтрымку шматдзетных сем’яў, дзяцей, а таксама людзей, якія пакутуюць ад залежнасцяў.
“Дзяржава са свайго боку забяспечвае ўмовы для гарманічнага суіснавання розных канфесій і падтрымання сацыяльнай стабільнасці ў беларускім грамадстве. З боку дзяржавы важным крокам на гэтым шляху з’яўляецца прызнанне ролі рэлігійных арганізацый як партнёраў у рэалізацыі дзяржаўнай сацыяльнай палітыкі”, – заявіў Румак.
Паводле яго слоў, рэлігійныя арганізацыі, розныя канфесіі прапаведуюць “агульначалавечыя каштоўнасці”, у якіх сям’я займае цэнтральнае месца. Ён заявіў, што асноўныя падыходы да сям’і як да сацыяльнага інстытута замацаваны не толькі грамадзянскімі, але і рэлігійнымі законамі, адлюстраваны ў свяшчэнных тэкстах.
“Беларусь – спрадвеку шматканфесійная краіна. І незалежна ад веравызнання нашых продкаў сям’я для беларусаў заўсёды знаходзілася на першым месцы”, – падкрэсліў ён.
Удзельнікі круглага стала абмеркавалі сумесную працу дзяржавы і рэлігійных арганізацый па абароне традыцыйных каштоўнасцяў і падтрымцы інстытута сям’і, гаворыцца ў матэрыяле.
