Беларусь правяла мадэрнізацыю ЗРК С-125 для замежнага заказчыка. Як паведамілі ў Дзяржкамваенпраме, на тэрыторыі заказчыка праведзены баявыя пускі з мадэрнізаванага комплексу. Мадэрнізацыя праведзена пры ўдзеле ААТ “Алевкурп”.
“Падчас агнявых выпрабаванняў мадэрнізаваны ЗРК «Пячора» вёў супрацьпаветраны «бой» з малапамернымі і нізкалятучымі цэлямі – беспілотнымі лятальнымі апаратамі самалётнага тыпу. Усе паветраныя цэлі былі паражаны, што дазволіла на практыцы пацвердзіць палепшаныя ў ходзе глыбокай мадэрнізацыі тактыка-тэхнічныя характарыстыкі зенітнага ракетнага комплексу”, – гаворыцца ў паведамленні камітэта.
“Алевкурп” паставіў заказчыку мадэрнізацыйны камплект. Работы на тэрыторыі замежнай дзяржавы праводзіліся спецыялістамі завода.
“Мадэрнізацыйны камплект уяўляе сабой набор радыётэхнічных прылад і блокаў, якія ўсталёўваюцца на ЗРК пры выкананні работ па яго мадэрнізацыі. Прылады, што ўваходзяць у склад камплекта, спалучаюцца паміж сабой і з апаратурай, якая не падлягае замене пры мадэрнізацыі, утвараючы адзіную лічбавую сістэму апрацоўкі інфармацыі”, – гаворыцца ў паведамленні.
У выніку былі павялічаны радыус выяўлення, далёкасць і вышыня паражэння цэлі, перашкодаўстойлівасць комплексу і іншыя параметры ЗРК, якія цяпер адпавядаюць узроўню «Пячора-2БМ».
“Паспяховыя агнявыя выпрабаванні і здача комплексу дазваляюць казаць, што на карце паставак ААТ «АЛЕВКУРП» з’явіўся яшчэ адзін надзейны партнёр. З замежным заказчыкам ужо дасягнута дамоўленасць аб пастаўцы некалькіх мадэрнізацыйных камплектаў, а таксама пашырэнні напрамкаў супрацоўніцтва”, – дадалі ў камітэце.
ЗРК С-125 — савецкі зенітны ракетны комплекс, прыняты на ўзбраенне ў 1961 годзе. На экспарт пастаўляўся пад назвай “Пячора”. Усяго ЗРК быў на ўзбраенні 40 дзяржаў. «Пячора-2БМ» — беларускі варыянт глыбокай мадэрнізацыі С-125.

