Апублікаваны размовы Сіярта і Лаўрова пра зняцце санкцый

Галоўнае
Скриншот видеозаписи

Міністры замежных спраў Венгрыі і Расіі Петэр Сіярта і Сяргей Лаўроў абмяркоўвалі па тэлефоне зняцце санкцый з расійскіх алігархаў, а таксама банкаў. FRONTSTORY, VSquare, Delfi Estonia, The Insider і ICJK апублікавалі сумеснае расследаванне на дадзеную тэму.

У ім прыводзіцца змест тэлефоннай размовы паміж Сіярта і Лаўровым 30 жніўня 2024 года. Венгерскі міністр толькі што вярнуўся ў Будапешт з Санкт-Пецярбурга. Лаўроў патэлефанаваў, каб нагадаць пра просьбу мільярдэра Алішэра Усманава наконт лабіравання зняцця санкцый ЕС у дачыненні да яго.

«Паслухайце, я звяртаюся да вас па просьбе Алішэра, і ён толькі што папрасіў мяне нагадаць вам, што вы займаліся пытаннем яго сястры», — прыводзяцца словы Лаўрова.

«Так, безумоўна. Справа ў тым, што разам са славакамі мы падаем у Еўрапейскі саюз прапанову аб выключэнні яе са спісу. Мы пададзім яе на наступным тыдні, і паколькі пачнецца новы перыяд перагляду, гэтае пытанне будзе ўключана ў парадак дня, і мы зробім усё магчымае, каб выключыць яе са спісу», – адказаў тады Сіярта.

У выніку санкцыі з Гульбахор Ісмаілавай былі зняты.

Падчас размовы яны таксама крытыкавалі кіраўніка дыпламатыі ЕС Жазепа Барэля і падтрымку краінамі Еўрасаюза Украіны. Сіярта таксама захапляўся галоўным офісам “Газпрама”, які ён наведваў у Расіі.

Як пішуць расследавальнікі, гэта толькі адна з размоў, якая адбылася паміж Сіярта і Лаўровым у 2022-2023 гадах. Падчас размоў перадавалася канфідэнцыйная інфармацыя пра ўнутраныя абмеркаванні ў Будапешце і Бруселі.

У размове ад 30 жніўня 2024 года Сіярта таксама перадаў Лаўрову змест дыскусіі падчас Савета па замежных справах.

«І гэта было вар’яцтвам, ведаеце, калі Ландсбергіс сказаў, што мы пастаўляем па 12% кожнай ракеты і снарада.

Я сказаў, дружа мой, ты не маеш рацыі, таму што еўрапейцы ўносяць значна большы ўклад… газ і нафту з Расіі купляюць не толькі славакі і мы, але і ўсе вы, хто купляе іх у іх праз… Індыю, Казахстан», – сказаў Сіярта Лаўрову.

Былы міністр замежных спраў Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс пацвердзіў расследавальнікам, што змест дыскусіі на савеце быў менавіта такім. Ён таксама прывёў параўнанне з савецкім разведчыкам Кімам Філбі.

«Падобна, што ўвесь гэты час у Пуціна быў і дагэтуль ёсць крот на ўсіх афіцыйных сустрэчах еўрапейскіх і натаўскіх краін. Калі мы хочам захаваць цэласнасць гэтых сустрэч, было б дарэчна забараніць Венгрыі ўдзельнічаць ва ўсіх іх. У кожным пакаленні ёсць свой Кім Філбі. Па ўсёй бачнасці, Петэр Сіярта выконвае гэтую ролю з энтузіязмам», – сказаў Ландсбергіс аўтарам матэрыялу.

Яны адзначаюць, што і Філбі, і Сіярта з’яўляюцца ўладальнікамі расійскага ордэна Дружбы. Венгерскі міністр атрымаў яго з рук Лаўрова 30 снежня 2021 года.

Расследавальнікі таксама распавядаюць пра яшчэ адзін выпадак, калі Венгрыя спрабавала ўплываць на санкцыйныя рашэнні ЕС у інтарэсах Расіі. На гэты раз гаворка ідзе пра размову Сіярта з намеснікам міністра энергетыкі РФ Паўлам Сарокіным. У прыватнасці, ён прапаноўваў расійскаму чыноўніку выключыць расійскія банкі, прапанаваныя ЕС для ўключэння ў санкцыйныя спісы.

Пры гэтым хацеў атрымаць ад расійскага боку аргументы на карысць таго, чаму гэта закранае венгерскія інтарэсы. Сіярта ў іншай размове скардзіўся Сарокіну, што ЕС адмаўляецца паказаць яму дакументы, якія датычацца ўвядзення санкцый супраць кампаніі 2Rivers, якая базіруецца ў Дубаі і займаецца гандлем расійскай нафтай.

«Таму што яны кажуць, што не бачаць відавочных венгерскіх інтарэсаў, і таму Венгрыя не можа на законных падставах патрабаваць выключэння іх са спісу», — растлумачыў Сіярта пасля таго, як Сарокін спытаў, чаму Будапешт быў выключаны з працэсу.

Таксама венгерскі міністр распавядаў Сарокіну пра тое, як Венгрыя змагаецца з 18-м пакетам санкцый. Паводле яго слоў, ён ужо дамогся выключэння са спісу 72 арганізацый.

“Я раблю ўсё магчымае, каб дамагчыся яго адмены. Справа ў тым, што я ўжо выключыў са спісу 72 арганізацыі, а іх было 128. Я спрабую працягваць, але мушу сказаць, што гэта ў інтарэсах Венгрыі», — казаў Сіярта.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.