У Беларусі ў панядзелак, 29 чэрвеня, у выніку праходжання навальнічнага фронту пацярпелі 14 населеных пунктаў. Парывы ветру дасягалі хуткасці 22 м/с.
Як паведамілі ў МНС, у Гомельскай вобласці пашкоджаныя дахі 52 жылых дамоў, 22 сельскагаспадарчых будынкаў і 8 гаспадарчых пабудоў. У Бабруйску пашкоджаныя дахі 2 аб’ектаў сацыяльна-культурнага прызначэння. Вядуцца аднаўленчыя работы.
У вёсцы Губічы Буда-Кашалёўскага раёна абрынуўся шыферны дах цялятніка. З-пад завалу былі вынятыя 33 цяляці ва ўзросце ад 3 да 9 месяцаў.
У аграгарадку Бывалькі Лоеўскага раёна разбураны блочны гараж. Пашкоджаны легкавы аўтамабіль.
У Гомельскай вобласці зафіксаваныя 54 выпадкі падзення дрэў, пашкоджаны адзін аўтамабіль, а ў Магілёўскай вобласці ўпалі 122 дрэвы, пашкоджаныя 11 аўтамабіляў, яшчэ адзін аўтамабіль быў пашкоджаны лістом шыферу, які ўпаў.
Пацярпелых няма.





