Паміж поспехам і катастрофай: вынікі года ў беларускай культуры

Главное
Партрэт загінулага ў турме мастака Алеся Пушкіна на Першым кангрэсе беларускай культуры ў эміграцыі. Фота: Інбелкульт 2.0.

2023-ці ў беларускай культуры выдаўся, як і пяпярэднія гады, няпростым. І калі за межамі краіны мы можам пахваліцца пэўнымі поспехамі, то сітуацыя ўнутры Беларусі прыгнятае: татальная русіфікацыя, рэпрэсіі супраць музейшчыкаў і выдаўцоў (і не толькі), дэградацыя і знішчэнне інстытуцый.

Летась мы падзялілі вынікі года на «там» і «тут», і яны адразу распаліся на плюс і мінус.

Гэтым годам мы вырашылі выключыць прынцыповы геаграфічны падзел (што не зусім атрымалася) і дадаць разнастайнасці меркаванняў, каб захаваць баланс: насамрэч у нашай культуры ўнутры Беларусі хапае пазітыўнага, аднак казаць пра гэта не выпадае, бо небяспечна для яе стваральнікаў і спажыўцоў. Хіба ў агульных фразах і для тых, хто разумее.

Такім чынам, сёлета мы запрасілі шмат экспертаў і папрасілі іх адказаць на два пытанні:

  • 1. Назавіце, калі ласка, дадатны трэнд года і самыя важныя ці ўплывовыя падзеі, якія вы можаце вылучыць у той сферы культуры, у якой працуеце.
  • 2. Пералічыце тэндэнцыі ці з’явы, што вас трывожаць і якія лічыце вельмі кепскімі для развіцця нашай культуры.
Паміж поспехам і катастрофай: вынікі года ў беларускай культуры
Cцэна са спектакля «Дзікае паляванне караля Стаха». Фота: Linda Nylind, timeout.com.
Содержание

«Паўзучая інтэграцыя няўмольна вядзе да ўбудоўвання Беларусі ў новую імперыю»

Павел Баркоўскі, філосаф:

1. Найлепшым трэндам 2023 года я лічу пераадоленне крызісу, звязанага са змушанай эміграцыяй вялікай колькасці творцаў, і пачатак новага бурлівага творчага жыцця.

Больш за сотню кніг па-беларуску, выдадзеных за год пераважна недзяржаўнымі выдавецтвамі, якія распачалі сваю дзейнасць у эміграцыі альбо працягваюць на свой страх і рызыку працаваць у Беларусі. Дзясяткі новых музычных альбомаў і хітоў беларускіх гуртоў, выпушчаных як у краіне, так і за яе межамі. Феерычная новая пастаноўка нацыянальнай оперы «Дзікае паляванне караля Стаха» па класічным сюжэце рамана Уладзіміра Караткевіча ў версіі Беларускага Свабоднага тэатра, прэм’ера якой адбылася ў лонданскім тэатры «Барбікан». Іншыя тэатральныя прэм’еры на творы нашых сучасных аўтараў, што маглі пабачыць беларусы Польшчы і Літвы. Некалькі беларускіх кінастужак, што трапілі ў кароткія спісы прэстыжных сусветных кінапрэмій. Дзясяткі новых выстаў беларускіх мастакоў.

Усе гэтыя падзеі сведчаць пра тое, што нават у самых цяжкіх варунках палітычнага ціску, рэпрэсій, ганенняў на беларускую мову і культуру яна працягвае сваё існаванне і здольная спараджаць творы высокага ўзроўню, якімі можна ганарыцца.

Сучасная беларуская культура вельмі жывая і дынамічная, яна выкарыстоўвае найноўшыя мастацкія тэхнікі і сродкі, але не цураецца багатай культурнай спадчыны і традыцый.

Менавіта таму наступны год, абвешчаны Аб’яднаным пераходным кабінетам як год беларускай нацыянальнай традыцыі, можа стаць у яшчэ большай ступені выразнікам нацыянальнага духу і спадкаемнасці нашай культуры, што развівалася на працягу дзясятка стагоддзяў як еўрапейская шматрэлігійная і шматэтнічная.

Паміж поспехам і катастрофай: вынікі года ў беларускай культуры
У драматычным тэатры імя М. Горкага пры падтрымцы Міністэрства культуры Расійскай федэрацыі адбылася прэм’ера спектакля «Казкі Пушкіна» Аляксандра Пушкіна. Рэжысёр-пастаноўшчык: Сяргей Кавальчык. Фота: rustheatre.by.

2. Самая трывожная тэндэнцыя, якая назіраецца ў Беларусі, гэта паступовая ліквідацыя нацыянальнага кампаненту культуры з публічнага поля – знікненне беларускай мовы з вуліц, скарачэнне яе ў грамадскім ужытку, масавая падмена беларускай музыкі, тэатра і кіно расійскай поп-культурай.

Гэта паўзучая інтэграцыя, якая паступова, але няўмольна вядзе да паглынання Беларусі «рускім мірам», да ўбудавання яе ў новую імперыю. На жаль, для той часткі беларускай культуры, якая ўсё яшчэ застаецца ў краіне і спрабуе сябе рэалізоўваць нават у атмасферы страху і зачысткі публічнага поля, гэта будзе азначаць яшчэ больш неспрыяльныя ўмовы для развіцця, яшчэ больш рэпрэсій ці звядзення яе, як за савецкім часам, да стану культуры этнаграфічнай – з народнымі песнямі, арнаментамі і строямі, але без сучаснага кампаненту.

Таму, калі гэтая галоўная тэндэнцыя не будзе зламаная палітычна, асноўны цяжар клопату пра развіццё нацыянальнай культуры зноў ляжа на творчую эміграцыю, якая вымушана не толькі шукаць грошы на выжыванне ў чужых краінах, але і спараджаць новыя і прывабныя культурныя сэнсы і творы, якімі б беларусы маглі ганарыцца.

Паміж поспехам і катастрофай: вынікі года ў беларускай культуры
Падчас Кірмаша гістарычнай кнігі ў Варшаве абвясцілі лаўрэатаў дзвюх беларускіх літаратурных прэмій: «Дэбют» і Прэміі Карласа Шэрмана. Прэмію Карласа Шэрмана ўручае выдавец Андрэй Янушкевіч.

Літаратура

«Мае героі году — беларускія кнігары»

Альгерд Бахарэвіч, пісьменнік, перакладчык:

1. Калі казаць пра станоўчае, дык мае героі году — беларускія кнігары. Нашы выдаўцы, якія, нягледзячы на цяжкія ўмовы, працягваюць рабіць сваю справу. Большасьць зь іх дзейнічаюць у экзылі, ня маючы магчымасьці працаваць у Беларусі. Але якасныя, цікавыя кнігі па-беларуску выходзяць — і гэта кнігі самых розных фарматаў і жанраў. Такіх кніг, з увагі на абставіны, ня так ужо й мала. У мяне, напрыклад, сёлета выйшла тры кнігі па-беларуску.

Безумоўнай падзеяй году для мяне ёсьць выхад «Менскага дзёньніка» Юлі Цімафеевай — кнігі, перакладзенай на самыя розныя замежныя мовы. І вось яна нарэшце зьявілася і па-беларуску. Гаворачы пра кнігароў, хачу аддаць належнае выдавецтву «Янушкевіч», што базуецца ў Варшаве, праскаму беларускаму выдавецтву «Вясна», лёнданскаму «Skaryna Press». Нядаўна пачало працаваць новае выдавецтва «Мяне няма». То-бок удалося ня толькі захаваць беларускае кнігавыданьне — яно разьвіваецца і робіцца больш разнастайным.

Кнігі беларускіх аўтараў перакладаюцца ў іншых краінах, выходзяць беларускія пераклады замежнай літаратуры.

Сёлета адразу ў некалькіх гарадах прайшоў фэст беларускай інтэлектуальнай кнігі «Прадмова», на якім можна было сустрэцца з аўтарамі і выдаўцамі. То-бок вольная літаратура жыве.

Паміж поспехам і катастрофай: вынікі года ў беларускай культуры
Круглы стол «Роля культуры ў працэсе фармавання нацыяльнай ідэнтычнасці». Злева направа: Альгерд Бахарэвіч, Юлія Цімафеева, Ніна Шыдлоўская, Аляксандр Гарцуеў, Андрэй Саўчанка. Фота: Інбелкульт 2.0.

2. Што да адмоўных тэндэнцый: расьце незапатрабаванасьць прафэсійнага мастацтва (тут я маю на ўвазе ня толькі літаратуру), зьніжаецца інтэлектуальны ўзровень рэфлексіі, практычна адсутнічае вартая ўвагі крытыка. Сур’ёзныя, складаныя, арыентаваныя на разумнага чытача тэксты не знаходзяць водгуку. Чытач развучыўся (а мо пакуль не навучыўся) рэагаваць на прачытанае. Таму большасьць твораў пакуль, так бы мовіць, вісіць у пустаце. Беларуская літаратура за апошнія гады значна пашырыла сваю геаграфію і набыла добрыя навыкі выжываньня. Таму вельмі зьдзіўляе абыякавасьць да тых, хто яе пашырае — чытачоў, выдаўцоў і аўтараў — з боку культурніцкіх арганізацый. Шмат хто дакляруе падтрымку культуры і літаратуры — але там, дзе чакаеш досьведу і кампэтэнтнасьці, почасту гучаць толькі прыгожыя бессэнсоўныя словы.

Паміж поспехам і катастрофай: вынікі года ў беларускай культуры
Выстава «Я не баюся, няхай яны баяцца», прысвечаная зняволенаму лаўрэату Нобелеўскай прэміі міру Алесю Бяляцкаму ў Бруселі. Кастрычнік. 2023. Фота: Twitter/BelaruskiDom.

«Найгоршай праблемай зьяўляецца этнацыд»

Сьвятлана Курс, пісьменніца:

1. Я цешуся, што беларуская літаратура ў 2023 годзе ўпала на чатыры лапы пасьля кідка, удару і спробы зьнішчэньня. Чытачы, кніганошы, аўтары, выдаўцы – усе мы выстаялі ва ўмовах жорсткага расейскага этнацыду. І трэба ісьці далей, рабіць магчымае і нават немагчымае. Час вымагае ад нас адкрытасьці сьвету і незасяроджанасьці толькі на нашых праблемах. Сьвет вельмі зблізіўся і ўшчыльніўся, і праблемы, напрыклад, Емена наўпрост адгукаюцца на нас. Я рада, што беларускія творцы ўмеюць нават у самыя подлыя часы ўзьняцца над сабою і не ўзірацца толькі ў свой пупок.

2. Найгоршай праблемай зьяўляецца, натуральна, ужо згаданы этнацыд. Але другой па ліку ідзе блізарукасьць, хцівасьць, падазронасьць, зайздрасьць, злаякасна пераразьвітае эга ў нас саміх, беларусаў. Мы вымушаныя разьвівацца ў эміграцыі і падпольлі, часта на ласцы міжнародных арганізацый, адсюль усе гэтыя фрустрацыйныя зьявы. Зноў жа – трэба ўздымацца над сабой і памятаць пра тых, каму цяпер найгорш.

Візуальныя мастацтвы

Паміж поспехам і катастрофай: вынікі года ў беларускай культуры
Максім Осіпаў. Friendli Fire. 2023.

«Праз год нашая культурная эліта можа апынуцца ў маргінальным гета»

Максім Осіпаў, мастак:

1. У маёй сферы (мастацкая дзейнасць), прынамсі, у полі майго зроку – пусці-павалюся. Трыумф распускання нюняў: смутак і жальба нядолі, поўныя сумнай красы. І ад гэтага ўжо вочы рэжа. Як і летась, і пазалетась. Прагрэсуе сіндром вечнай ахвяры, што моліць пра дапамогу.

Думаю, багата людзей вылучыць поспех «Дзікага палявання» Belarus Free Theatre ў Брытаніі.

Але перадусім гэта была вытворчасць на экспарт, для краін, дзе Беларусь і Украіна да апошняга часу лічыліся часткай прасторы постсавецкай Расеі. З аднаго боку, гэта важная праца, асабліва што тычыцца Украіны. Але ў нас нацыянальная культура паскоранымі тэмпамі знішчаецца, маргіналізуецца і замяняецца на іншую.

Таму я мяркую, што тым, хто знаходзіцца за мяжой, перадусім трэба думаць пра вытворчасць на імпарт. Тым больш, што спосабаў простай камунікацыі хапае. Інакш – з часам будзем ствараць прэўкрасны экзатычны, але ўяўны беларускі свет для кіпы ўцекачоў і іншаземцаў, як расейскія эмігранты пасля рэвалюцыі ў першай палове ХХ стагоддзя. Але зараз – не часы «кніганошаў», з’яўленне жалезнай заслоны ў цяперашніх умовах малаімавернае.

Паводле майго меркавання, спектаклі трэба ставіць з думкай, як гэта будзе выглядаць у юцьюбе, кнігі спачатку маюць выходзіць у агульнадаступных электронных фарматах, мастацтва — дзігіталізавацца насуперак агульным трэндам, кіно — злазіць з фестывальных каруселяў і абмежаваных паказаў.

Такім чынам, я не магу нічога вылучыць, апроч устойлівага пачуцця, што нешта важнае адбываецца ў пакуль нябачных і непадсвечаных прасторах. І гэта дакладна не пра эмігранцкія суполкі Варшавы і Вільні.

Паміж поспехам і катастрофай: вынікі года ў беларускай культуры
Міжнародны пленэрна-выставачны праект «Русская Атлантида» ў Докшыцах. Фота: dokshitsy.by.

2. Тэндэнцыя, у якой мы знаходзімся, – вынішчэнне нашай ідэнтычнасці і яе замена на расійскую. Усё працуе на тое, каб нашыя дзеці і ўнукі ўважалі сабе часткай гэтай культурнай прасторы. Каб не адчувалі сабе цэласнымі, толькі часткай. І гэта не трэнд, а доўгі працэс, які распачаўся не ў гэтым стагоддзі.

Але праблема не ў гэтым, яна пралягае ў тым, як мы на гэта адказваем.

У нас знаходзіцца багата медыйных даў***баў, якія кажуць «не, мы супраць «кэнсэл калчы», мы не хочам адмаўляцца ад сусветных тэндэнцый». Пад сусветнымі тэндэнцыямі яны перадусім разумеюць расейскі культурны прадукт, які нам пхаюць ва ўсе дзіры: ад іх «вікіпедыі» і юцьюба – да іх кончаных серыялаў.

Таму трэнд гэтага года – лютае расчараванне ў дзеячах мастацтва, лідарах думак, медыйшчыкаў і іншых прадстаўніках культурнай эліты.

Ёсць такі габрэйскі анекдот… Бог абвесціў, што праз тыдзень будзе новы сусветны патоп. Адныя плачуць і шкадуюць сабе, другія вырашаюць ашалела бухаць аж да канца, трэція ладзяць тыднёвую сексуальную оргію. А габрэі збіраюцца вакол равіна, і ён кажа «Браце, ёсць цудоўная навіна: Пан Бог ласкава падарыў нам цэлы тыдзень, каб мы навучыліся дыхаць пад вадой».

Мы – тыя, хто бясконца скардзіцца і шкадуе сабе. Мы дагэтуль падобныя да тога сабакі, якога збілі палкай, але ён упарта грызе палку, а не тога, хто яе скарыстаў.

У новых умовах, якія карысныя тым, што абнуляюць усе ілюзіі і зняцэньваюць усе старыя перакананні і звыклыя спосабы разумець рэальнасць, усе ўпарта намагаюцца рабіць так, як прывыклі. Закансервавацца ў стане 2019-2020. І калі гэта будзе працягвацца і найдалей – вагную, што праз год нашая культурная эліта канчаткова стане маргінальным гета на падсосе ў абыякавых еўрафондаў, а новую культуру будуць ствараць зусім іншыя людзі. Пытанне – якую і чыю.

Паміж поспехам і катастрофай: вынікі года ў беларускай культуры
Фрагмент экспазіцыі выставы Сяргея Шабохіна «Атлас тэктанічных ландшафтаў». Фота: Сяргей Шабохін.

«У Беларусі мастацтва, дый уся нацыя, увайшлі ў стан закладнікаў»

Андрэй Дурэйка, мастак, куратар:

1. Напэўна, самым відавочным трэндам працягвае быць палітызаванасць беларускага мастацтва. Сёння для кожнага зразумела, што без вырашэння палітычнага крызісу, які прывёў краіну да ўдзелу ў вайне, ніякія прагрэсіўныя змены ў культуры не адбудуцца. Тут можна адзначыць шмат розных падзей.

Найперш, дзейнасць інтэрнацыянальнай платформы Antiwarcoalition.art і іх найбуйнейшую выставу пад назвай «Не наша вайна» («Nicht Unser Krieg») у Дзюсельдорфе.

Дарэчы, на тэму вайны, як адну з галоўных цывілізацыйных небяспек, з акцэнтам на салідарнасць з Украінай, сёлета было зладжана шмат беларускіх мерапрыемстваў.

Пералічу некалькі аўтараў самых яркіх палітычных праектаў: Сяргей Шабохін, Руфіна Базлова, Iгар Цiшын, Антаніна Слабодчыкава і Міша Гулін, Максім Тымінько, Жанна Гладко, Ала Савашэвіч, Марына Напрушкіна, Юлія Лейдзік і Яўген Канаплёў, Аляксей Барысёнак і Антаніна Сцебур, куратары выставы пра інфраструктуры салідарнасці ў Нацыянальнай галерэі Вільні.

Большасць гэтых аўтараў ужывае метад калажу, і гэта даволі адкрытае пытанне: ці гэта ўсё яшчэ непераадоленая спадчына постмадэрнізму, ці характэрны прыём для адлюстравання эпохі супярэчнасцей і шызадыскурсу падчас вайны і сусветнага крызісу?

Але самай радыкальнай для гэтага трэнду стала «акцыя» Яны Шостак «Sztuka idzie do sejmu» падчас яе выбарчай кампаніі ў Сейм Польшчы і пераходам ад арт-актывісцкага руху да рэальнай палітыкі, у якую яна ішла як голас беларусаў з тэмамі #GłosWykluczonych, #MostynieMury, #NaszeCiałaNaszaSprawa, #EdukacjanieFrustracja.

У гэтым годзе зноў праявілася здольнасць да самаарганізацыі намадычнага стану беларускага мастацтва за мяжой. Тут можна было бы вызначыць шэраг цікавых ініцыятыў:

  • стварэнне Belarusian Independent Photographic Association;
  • міждысцплінарная дзейнасць Razam Kunst — Belarusian Art Space, Berlin;
  • праца сеткі рэзідэнцый і культурнага абмену PerspAKTIV для працаўнікоў мастацтва і культуры Беларусі;
  • ініцыятыва дзеячаў культуры Беларусі і арганізацыя рэзідэнцый Ambasada Kultury;
  • з’явілася новая фундацыя і рэзідэнцыя Mochnartе Foundation у Mochnate;
  • адкрылася ў Беластоку арт-рэзідэнцыя «Дом Творцаў» / Rezydencja «Dom twórców»
  • партал KALEKTAR анансаваў новае выданне Інтэрнэт-часопіса;
  • Куратарка і арт-менеджарка Вольга Мжэльская распачала відэапраект пра беларускае мастацтва «Размовы маленькага геданіста»;
  • запусціўся падкаст OM / Open Muzej, дзе разважаюць пра тое, якім можа быць музей сучаснага мастацтва ва ўмовах белрускай раскіданасці па ўсім свеце;
  • у верасні адбыўся Першы Кангрэс беларускай культуры ў эміграцыі ў Варшаве.

Яшчэ адной яскравай рысай ў выяўленчым мастацтве з’яўляецца імкненне да міждысцыплінарнага супрацоўніцтва і выхаду па-за межы канкрэтнага жанру, стварэнне праектаў сінтэтычнага характару.

Тут бы мне хацелася б узгадаць:

  • дзейнасць на скрыжаванні перфамансу і кінетычнай скульптуры групы PYL з удзелам Марыі Камаровай;
  • перформанс «375 0908 2334 The body you are calling is currently not available» у супрацоўніцтве перформера Ігара Шугалеева, мастака Сяргея Шабохіна, відэа-мастачкі і фатаграфкі Аляксандры Канончанка і тэатральнай прадзюсаркі Марыны Дашук;
  • выставы і хэпінінгі Анастасіі Рыдлеўскай,
  • праект Дар´i Цемры / Cemra «Chustki — Chusty — Chustački» у TFH Concept Store у Варшаве, як спалучэнне інсталяцыі, перформансу, традыцыйных спеваў і дызайну;
  • Art Yard — суполку вулічнага мастацтва, створаную для выбудоўвання дыялогу паміж рознымі культурамі, што рэалізавала цэлы шэраг муралаў у Тбілісі з удзелам вядомых беларускіх мастакоў з розных краін;
  • Юрыя Шуста, які зрабіў трэцюю частку мультымедыйнага праекта «Neophyte III: On the Eve of the Shortest Night», што выяўляе сувязь чалавечай псіхікі і прыроды ва ўмовах сацыяльна-палітычнага крызісу;
  • Эвеліну Домніч і Дзмітрыя Гельфанда, якія ствараюць мультысэнсарныя інсталяцыі і перформансы, дзе зліваюцца фізіка, хімія, інфарматыка і філасофскія практыкі;
  • мастацкі дэбют Надзі Саяпінай у оперы «Дзікае паляванне Караля Стаха» ў супрацоўніцтве з Belarus Free Theatre, якая спалучае ў сабе тэатр, мультымедыя і жывую музыку, прэм’ера адбылася ў лонданскім Barbican Hall.
Паміж поспехам і катастрофай: вынікі года ў беларускай культуры
Раман Трацюк. «Сярпы». Europe Mediations Biennale «I am another You, You are another me», Istanbul. Фота: Раман Трацюк.

2. Адваротным бокам «палітызацыі» стала традыцыя рэпрэсіўнай культуры, дзе беларускае мастацтва, дый уся нацыя, увайшлі ў стан закладнікаў, а краіна ўсё больш нагадвае гета.

Гэтая праблема па-рознаму вырашаецца ў Беларусі, дзе з аднаго боку ўсё большы сэнс набывае вяртанне практык «кватэрнікаў» і «уцёкаў на прыроду», якія аднавілі стратэгіі андэграўнду і супраціву. А з іншага боку, набірае моц калабарацыянісцкі трэнд, дзе паралельна з цэнзурай яшчэ горшай выглядаюць самацэнзура і чысткі, якія адбываюцца, напрыклад, у саюзе мастакоў, пад кіраўніцтвам якога набірае размах арганізацыя выстаў прапаганды дэкаратыўнай імітацыі нейтральнасці мастацтва.

Самым страшным сімвалам рэпрэсій у нашым мастацтве стала смерць у турме знакамітага мастака-акцыяніста Алеся Пушкіна.

Усё больш назіраецца размежаванасць, разамкнутасць і падзел на «тут» і «там», якія для агульнай справы не нясуць нічога добрага. Страх і няпэўнасць наўрад ці спрыяюць нармальнаму развіццю, хоць некаторыя мастакі лічаць, што такі псіхалагічны стан адчування трагедыі можа быць перапрацаваны адзінкамі ў глыбокія драматычныя творы.

Але мне здаецца, што менавіта абмежаванне свабод і складанасць дыялогу паспрыяла таму, што ў гэтым годзе не было ніводнай абгульняючай вялікай рэпрэзентатыўнай выставы беларускага мастацтва ні ў краіне, ні за мяжой, дзе сітуацыя для кааперацыі пагаршаецца.

Шмат якія дзверы аўтаматычна зачыніліся пасля змены беларускага лэйблу «апошняй дыктатуры» на «краіну-агрэсар». Таму, напэўна, індывідуальныя стратэгіі сёлета былі больш паспяховыя і маюць больш перспектыў як для інтэграцыі ў арт-асяродак, так і для імкнення пазбегнуць выключэння, як гэта паказвае ўдзел Марыны Напрушкінай і групы eeefff (Дзінa Жук і Мікалай Спесіўцаў) у Kyiv Biennial 2023 альбо Рамана Трацюка ў Asia – Europe Mediations Biennale «I am another You, You are another me», Istanbul.

«У Беларусі ўсё ажыццяўляецца на мяжы публічна-прыватнай зоны»

Эксперт з Беларусі:

Падводзіць вынікі, пракрэсліваючы тэндэнцыі і вызначаючы агульныя каардынаты бягучага моманту без фіксацыі (называння і апісання) падзей, фактаў і герояў — складана, калі наогул магчыма. Тым не менш паспрабую прасачыць траекторыю гэтых няпэўных ваганняў, якія як кругі на вадзе бачныя толькі непасрэдным і фактычным удзельнікам і сведкам.

Развітальныя вечарыны

Мастацтву складана ажыццяўляцца ў беспаветранай прасторы — па-за інстытуцыямі і бачнасцю. З інстытуцыямі заўсёды было складана, але на сённяшні дзень нават псеўдакультурныя праекты і арт-пляцоўкі альбо часова зачыніліся, альбо канчаткова спынілі сваё існаванне, напрыканцы пазначыўшы сваю мэтавую аўдыторыю і захаваўшы салідарнасць уключаных.

Часовыя прасторы. Гетэратопіі

Выставы, канферэнцыі, скрынінгі і абмеркаванні, чыткі, дыскусіі, artist talks, часам спантанныя, — усё гэта ажыццяўляецца на мяжы публічна-прыватнай зоны. І ў большасці сваёй у рэжыме абмежаванага часам праекта (ёсць рэдкія выключэнні, якія працуюць у рэгіёнах, але яны хутчэй пацвярджаюць праблематычнасць шырокай публічнасці).

Тое, што адбываецца, можна акрэсліць тэрмінам «гетэратопія». Гэтае паняцце, уведзенае Мішэлем Фуко яшчэ ў 1967 годзе і канчаткова ім не апісанае, часта выкарыстоўваюць для абазначэння нейкіх спецыяльных прастор у гарадах «post-civil» грамадства. У дадзеным выпадку адбываецца стварэнне прастор цалкам рэальных, якія падпарадкоўваюцца іншым законам і ўнутраным правілам. Тут мастацтва становіцца прычынай і крыніцай існавання такіх гетеротопных прастор, то-бок прастор з альтэрнатыўнымі формамі жыцця. У гэтым выпадку тое, што адбываецца, можна назваць спецыфічнай формай існавання мастацтва…

Адсутнасць vs прысутнасць

Разрыў паміж актарамі арт-супольнасці, некалі з’яднанай агульным месцам пражывання, павялічваецца. Аднак сёння не толькі геаграфічныя межы спрыяюць фрагментацыі і падзелу, а і таксама розныя спосабы і стратэгіі выжывання, розныя ўмовы жыцця і творчай рэалізацыі.

Выхад з гэтай сітуацыі — у дасягненні іншага ўзроўню супрацы і камунікацыі, калі працуе максімальная эфектыўная ў сучасным мастацтве формула: «Поспех аднаго — гэта поспех усіх». Формула прагматычнай салідарнасці.

Тэатр

Паміж поспехам і катастрофай: вынікі года ў беларускай культуры
Сцэна са спектакля «Плошча Перамогі». Фота: Аляксандр Валодзін.

«Існуе небяспека замкнуцца ў сваёй беларускай супольнасці»

Сара Токіна, прадзюсар, куратарка тэатральных праектаў:

1. Я магу казаць пра тэндэнцыі, якія можна назіраць у сферы беларускага тэатра, які існуе ва ўмовах эміграцыі, бо з 2022 года я жыву і працую ў Польшчы. Галоўнай станоўчай тэндэнцыяй года я магу назваць імкненне да аб’яднання і самаарганізацыі. На працягу года беларускімі дзеячамі культуры неаднаразова праводзіліся сустрэчы і канферэнцыі (многія пры падтрымцы замежных партнёраў), накіраваныя на аб’яднанне і нетворкінг, пошукі сумеснага вырашэння існуючых праблем, найбольш значныя з іх: канферэнцыя па стварэнню Інстытута беларускага тэатра і Першы кангрэс беларускай культуры ў эміграцыі (ініцыятыва Інстытута беларускай культуры Inbelkult 2.0 пры Фондзе VOLNY CHOR). Да гэтай жа тэндэнцыі я аднесла б дзейнасць незалежных тэатральных аб’яднанняў Team Teatr, BY teatr, Kupalaucy і правядзенне фестывалю Inexkult (прадзюсар Вольга Кулікоўская).

2. Найбольш трывожнай тэндэнцыяй, на мой погляд, з’яўляецца небяспека замкнуцца ў сваёй беларускай супольнасці, таму прынцыпова важным момантам, як мне падаецца, становіцца пошук шляхоў інтэграцыі ў культурны кантэкст краіны, у якой мы знаходзімся ў дадзены момант, і супрацоўніцтва з замежнымі партнёрамі. Гэта таксама тычыцца тэм, якія гучаць у творчых праектах.

Паміж поспехам і катастрофай: вынікі года ў беларускай культуры
Фрагмент афішы спектакля «Забалоцце» . Фота: rtbd.by.

«Тэатральнае жыццё ў Беларусі ідзе па нахільнай»

Анастасія Панкратава, тэатральны крытык:

1. Са станоўчымі трэндамі года ўнутры краіны складана вызначыцца, таму што пакуль тэатральнае жыццё ў Беларусі ідзе па нахільнай. Узяць хаця б Нацыянальную тэатральную прэмію: многія з лаўрэатаў у ранейшыя гады наўрад ці б трапілі ў шорт-ліст, але пры адсутнасці канкурэнцыі нечакана (думаю, часам і для саміх сябе) прабіліся ў пераможцы.

На гэтым фоне радуе, што працягвае трымаць прафесійную планку Яўген Карняг. У кастрычніку яго «Нататкі юнага доктара» заслужана сталі лепшым спектаклем тэатра лялек (Дзмітрый Чуйкоў, які сыграў галоўную ролю ў гэтай пастаноўцы, атрымаў прэмію за лепшую акцёрскую працу ў Тэатры лялек). А ў снежні ў тэатральных колах з нецярпеннем чакалі прэм’еры Карняга ў РТБД. Прычым на яго «Забалоцце», завяршальную частку трыпціху вакальна-пластычных спектакляў, не толькі скуплялі квіткі афлайн-прыхільнікі, але і кампаніямі збіраліся ля манітораў у розных краінах тыя, хто мог паглядзець самую чаканую беларускую пастаноўку года толькі ў life-трансляцыі.

Заўважу на палях, што сёлета Яўген упершыню ў сваёй рэжысёрскай кар’еры звярнуўся да дзіцячых спектакляў: ён завяршыў мінулы сезон эфектнай «Разумнай сабачкай Соняй» у Тэатры лялек, а год — і зусім бэбі-пастаноўкай для гледачоў 0+ «Матылі».

Паміж поспехам і катастрофай: вынікі года ў беларускай культуры
Сцэна са спектакля «Таямнічы гіпапатам». Рэжысёр — Мікалай Андрэеў. Беларускі дзяржаўны тэатр лялек.

2. Нягледзячы на апісаныя вышэй дасягненні, я з горыччу гляджу на тое, што адбываецца ў сталічным тэатры лялек. У снежні 2022 года калектыву прадставілі новага дырэктара: на месца легендарнага Яўгена Клімакова, які некалькі дзесяцігоддзяў апекаваў калектыў і спрыяў яго развіццю, улады зацвердзілі былога кіраўніка Палаца дзяцей і моладзі «Золак» Дзмітрыя Сямёнава. Наступствы ад прыходу такога прызначэнца разрывалі калектыў увесь гэты год.

Узімку з тэатра прыбралі мастака-пастаноўшчыка Людмілу Скітовіч, а ў Беларусі такіх унікальных спецыялістаў, як яна, па пальцах пералічыць. Увесну 2023 года не вытрымала ціску і сышла вядучая актрыса тэатра Святлана Цімохіна. Каб зразумець значэнне артысткі прывяду ўсяго адзін прыклад: на апошні паказ аднаго з самых касавых спектакляў тэатра «Інтэрв’ю з ведзьмамі», дзе адной з трох саліруючых акторак была Святлана, усе квіткі разляцеліся са старту продажаў за 21 хвіліну!

Улетку з пасады галоўнага рэжысёра знялі Аляксея Ляляўскага — культавага пастаноўшчыка, які вывеў мастацтва айчыннага тэатра лялек на новы этап. Дзякуючы Аляксею Анатольевічу пра беларускія лялькі загаварылі за мяжой. Унутры краіны ён выгадаваў не адно пакаленне акцёраў і рэжысёраў, якія сталі касцяком сучаснага тэатра (дарэчы, не толькі ў ляльках, але і ў драме).

Да восені тэатр не далічыўся яшчэ некалькіх выдатных актораў і тых работнікаў, хто не заўсёды навідавоку ў гледача.

Вядома, у калектыве застаўся Яўген Карняг – самы запатрабаваны сталічны рэжысёр апошніх гадоў, артысты з ранейшага зорнага складу. Адбываюцца прэм’еры, нават адкрылі нарэшце Малую сцэну (тую, якую Аляксей Ляляўскі спрабаваў прабіць яшчэ ў сярэдзіне нулявых гадоў). Але ў цэлым тое, што адбываецца ў апошні год, не прадвяшчае нічога добрага…

Кіно

Паміж поспехам і катастрофай: вынікі года ў беларускай культуры
Кадр з фільма «Радзіма». Фота: cphdox.dk.

«Лукашэнкаўскае кіно прынцыпова не прызначанае для добраахвотнага прагляду»

Кінапартызан Сміці з Беларусі:

1. Галоўная добрая кінападзея: беларускія кінематаграфісты, пакуль яшчэ толькі за мяжой, пачалі аб’ядноўвацца і ствараць свае арганізацыі. З’явілася Беларуская незалежная кінаакадэмія (BIFA), якая была абвешчаная на Берлінале, і пачала дзейнічаць Беларуская сетка кінематаграфістаў (Belarusian Filmmakers’ Network), якая не толькі правяла з’езд, а потым і арганізацыйна-вытворчы варштат, але ўжо нават зладзіла конкурс сцэнароў для мікрабюджэтных фільмаў. На фінальным этапе за першае месца ў конкурсе змагаліся дзесяць заявак, потым засталося пяць. Заяўкі розныя, але ўсе яны цікавыя творчым імпэтам і спробай знайсці сваю мову – дзе выкшталцона-рафінаваную, дзе нервовую і трывожную, а дзе – простую і сентыментальна-вясёлую.

Працягнуў дзейнічаць «Хранатоп» з нечакана-дзёрзкімі эксперыментамі пад «грамадства спектакля» Гі Дэбора, другое дыханне набыў фэст «Бульбамуві», што раней аднавіў сваю працу.

Важнай падзеяй стаў удзел беларускай дакументальнай стужкі «Радзіма» ў конкурсе Еўрапейскай кінаакадэміі. І хоць карціна не заняла першага месца, яна увайшла ў кароткі спіс намінантаў (апошні раз такое адбылося толькі з беларускай стужкай «Мы жывем на краі» дваццаць гадоў таму). І гэта вялікі гонар для беларускіх кінатворцаў.

2. Галоўная адмоўная тэндэнцыя для беларускай культуры – гэта знішчэнне самой беларускай культуры ў краіне; мэтанакіраванае, паслядоўнае і, на жаль, паспяховае выпальванне яе на кадравым, асветніцкім і матэрыяльна-тэхнічным узроўні.

Ідэалагічныя чысткі закранулі сотні і тысячы людзей, арышты – ужо не толькі творцаў, але і проста аматараў кіно, якія сабраліся паглядзець фільмы, – працягваюцца і на Каляды. Як вынік, у беларускім кіно цяпер і працаваць амаль няма каму (бо сваё пад забаронай!), затое горача вітаюцца расейскія фігуры такога ўзроўню, што ў якім-небудзь Урупінску ім не дазволілі б і вяселле здымаць.

Цікава, што падчас войнаў, калі абразаліся міжнародныя сувязі, звычайна адбываўся выбух мясцовай кінавытворчасці, і яна адразу запаўняла вызвалены рынак. Але гэта дакладна не пра Беларусь. Беларуская чыноўная срака, якая дрыжыць за сваё месца, у сталых ідэалагічных контрах з чыноўнаю галавой. І срака перамагае заўжды.

Здавалася б, ёсць серыял пра Мулявіна, які можна было бы выпусціць асобным фільмам, і ён, без сумневу, зрабіў бы добрую касу. Але не – трэба спачатку старанна выкрэсліваць з серыяла забароненага акцёра, усяляк шпыняць карціну, а потым бяздарна зліць гэтыя парэшткі расейскай тэлевізіі, дзе яна згубілася на фоне ваеннай істэрыі.

Ёсць пастаўленыя раней – бяскрыўдныя ідэалагічна! – прыгодніцкія і дзіцячыя фільмы, якія кінатэатры, я ведаю, ужо адрывалі з рукамі, але не – трэба расчысціць дарогу маскоўскай халтуры, быццам мясцовыя чыноўнікі абслугоўваюць цяпер яе (відаць, ужо змянілі гаспадара, і вось гэта трывожна).

З іншага боку, паказальны камерцыйны і мастацкі правал «Кіношнікаў» Кірыла Халецкага.

Малады рэжысёр, які калісьці падаваў надзеі, у нядаўна надрукаванай гутарцы спадзяецца на адміністрацыйны рэсурс, каб забяспечыць прагляд беларускіх стужак. Нават за савецкім часам кіно было бізнесам – і не абы якім! – які прыносіў вялікія грошы. Але гэта зноў – не пра сённяшнюю Беларусь. Так на безнадзейна-бяздарную ідэалагічную стужку «На іншым беразе» студэнтаў і школьнікаў заганялі гвалтам. Парадокс! Лукашэнкаўскае кіно прынцыпова не прызначанае для добраахвотнага прагляду, бо для гэтага хапае расійскага, якое на беларускіх экранах, як і паўсюль у краіне, пачуваецца гаспадаром.

Для пераадолення такой сітуацыі спатрэбяцца час і вялікія высілкі.

Паміж поспехам і катастрофай: вынікі года ў беларускай культуры
Кадр з эпізода «Прыснілася» серыяла «Працэсы». Скрын з экрана.

«Паступовае знікненне родных краявідаў з прасторы нашых фільмаў не можа не засмучаць»

Reform.by:

1. Сёлета, нягледзячы на існаванне ў варунках татальнай нявызначанасці, рэпрэсій (у Беларусі) і часам дыскрымінацыі (у замежжы) беларускае незалежнае кіно не спыняецца. І гэта ўжо цуд і дадатны трэнд. Ды асабліва радуе, што ў гэтых цяжкіх умовах фільмы беларускіх кінематаграфістаў заўважаюцца і адзначаюцца міжнароднай кінасупольнасцю.

Так, у 2023 годзе прарыў у еўрапейскія кінаабшары здзейсніла дакументальная карціна «Радзіма» Ганны Бадзяка і Аляксандра Міхалковіча — гісторыя пра «карані» гвалту ў РБ трапіла ў шорт-ліст прэтэндэнтаў на ўзнагароду «Найлепшы дакументальны фільм» Еўрапейскай кінаакадэміі, а таксама ў лонг-ліст «Оскара» ў адпаведнай катэгорыі. Гэта несумненны поспех беларускіх аўтараў! Удала працягваўся фестывальны шлях у кароткаметражнай стужкі Мары Тамковіч «У жывым эфіры», натхнёнай гісторыямі Кацярыны Андрэевай і Дар’і Чульцовай. Дакументальнае кіно Андрэя Куцілы «Святая вада» пра Кіеў напярэдадні вайны толькі нядаўна атрымала першую ўзнагароду ў дакументальнай намінацыі на Міжнародным фестывалі Zubroffka ў Беластоку. На Котбускім кінафоруме быў адзначаны кароткі метр Андрэя Жука «Усё ў парадку». Стужка Тані Свірэпа «Беларусь 23.34» — пра рэпрэсіі 2020 года — займела ўзнагароду на «Бульбамуві-2023». Нядрэнна, так?

Фестывалі — пры ўсіх складанасцях фінансавання — адбыліся. Вышэйзгаданы форум беларускіх фільмаў «Бульбамуві» (Варшава, Вільня) сёлета сабраў стракатую падборку маладога кіно, прагучаў прэзентацыяй новых эпізодаў серыяла «Белсат» «Працэсы» (шоўранеры — Андрэй Кашперскі і Міхаіл Зуй), а таксама парадаваў прэм’ерамі дзвюх важных стужак «новай хвалі» беларускага эмігранцкага кіно — «Развітанне» Якуба Станкевіча і «Так шмат і так мала» Аляксандра Матафонава.

Фестываль Паўночных і Балтыйскіх краін «Паўночнае ззянне» (Талін, Вільня) далучыў беларускіх гледачоў да скандынаўскага, балтыйскага і беларускага кіно не толькі афлайн, але і ў анлайн фармаце — гэта асабліва важна ў сітуацыі, калі доступ да якасных культурніцкіх і кінапраектаў у Беларусі з кожным месяцам становіцца ўсё больш праблематычным.

Хацелася б, каб гэты год запомніўся выхадам на экраны, бадай, першага серыяла-антыўтопіі ў беларускім кіно — «Працэсы». Праекта спрэчнага, дзёрзкага, страшнага, але праекта, які спрабуе асэнсаваць у складаным жанравым ключы той жах, які мы перажываем тут і цяпер.

Не спынілася дзейнасць важных ініцыятываў па адвакацыі, прасоўванні інтарэсаў і інтэграцыі беларускіх фільммейкераў у еўрапейскую кінаіндустрыю — гаворка пра Беларускую незалежную кінаакадэмію (Belarusian Independent Film Academy), Беларускую сетку фільммейкераў (Belarusian Filmmakers’ Network). Беларуская незалежная кінаакадэмія плануе правесці пітчынг праектаў беларускіх аўтараў на Еўрапейскім кінарынку ў межах Берлінале-2024, Беларуская сетка фільммейкераў нядаўна запусціла Інкубатар мікрабюджэтнага кіно.

Распачала другую эдыцыю Беларуская прэмія кінакрытыкаў «Чырвоны верас».

Асабліва вылучым і дзейнасць незалежных кінапрамоўтараў у Беларусі — з прычыны небяспекі не будзем называць іх імёнаў, але мужнасць, трываласць гэтых людзей выклікаюць павагу і захапленне. Як і тых кінематаграфістаў, якія працягваюць здымаць у краіне.

Паміж поспехам і катастрофай: вынікі года ў беларускай культуры
Кадр з фільма «На іншым беразе». Скан трэйлера.

2. У сённяшніх цяжкіх варунках для беларускага кіно існуе тры галоўныя небяспекі.

Першая пагроза — адсутнасць фінансавання. Гэты датычыцца і тых, хто ў Беларусі, і тых, хто па-за яе межамі. Зараз у эміграцыі рэй вядуць кінематаграфісты, якія ўжо маюць імя ў еўрапейскіх колах. Але ці атрымаецца налета ўтрымаць свае пазіцыі? Ці запусціцца новае кіно? Ці магчыма прабіцца новаму пакаленню? — тыя пытанні, якія бянтэжаць у замежжы і новых ігракоў, і сталых.

Што тычыцца Беларусі, тут многія аўтары былі пазбаўлены працы па ідэалагічных прычынах. Што можна прыдумаць, каб выжыць? Выпадковы заробак? Супраца з расійскімі кампаніямі? Зноў кінастудыя «Беларусьфільм» пад патранажам вядомай чыноўніцы Мінкульта Ірыны Дрыга? Сысці з прафесіі? Выбар у такіх варунках — не кожнаму пажадаеш.

Другі выклік для беларускага кіно — выхад да гледача. Гэта праблема існавала даўно, але цяпер яна стаіць найбольш востра. Калі незалежным кінематаграфістам удаецца зняць стужку, і далей «стрэліць» з ёй у еўрапейскай прасторы, што рабіць у гэтым выпадку беларускай публіцы? Дзе шукаць той самы прадукт, у якім яны маюць, спадзяемся, патрэбу? Ездзіць на міжнародныя кінафестывалі? Не ўсе з’яўляюцца шчаслівымі ўладальнікамі візаў. Шукаць стужкі на пірацкіх сайтах? Там новага кіно беларускіх аўтараў не будзе. Прасіць спасылкі ў сяброў-кінематаграфістаў? Калі ў вас ёсць такая магчымасць, то так, а калі няма?

Надзвычай важна, каб беларускія фільмы траплялі да беларускага гледача, дзеля якога яны і ствараюцца. Бо грамадства акурат праз кіно — як медыум — можа пазнаць сябе і адрэфлексаваць тое, што з ім адбываецца. Без беларускага гледача, бадай, наша кіно не зможа адбыцца напоўніцу. У гэтым кантэксце добрым словам варта ўзгадаць праект дырэктаркі фэсту «Паўночнае ззянне» Волі Чайкоўскай — анлайн-кінатэатр беларускіх фільмаў Vodblisk. На платформе можна ўбачыць фільмы 2015-2022 гадоў, але гэта ўжо нешта.

І трэцяя праблема, якая стала відавочнай на апошнім фестывалі «Бульбамуві», заключаецца ў тым, што мы бачым усё меней і меней карцін, якія здымаліся непасрэдна ў беларускіх гарадах і вёсках. Вядома, зараз у краіне выходзіць з камерай на вуліцу па-просту небяспечна, ды таксама аўтар гэтых радкоў зусім не падзяляе думкі, што беларускія стужкі геаграфічна мусяць быць створаныя толькі на тэрыторыі краіны (для азначэння «беларускага» існуюць і іншыя крытэрыі), аднак паступовае знікненне родных краявідаў з прасторы нашых фільмаў не можа не засмучаць.

Музыка

Паміж поспехам і катастрофай: вынікі года ў беларускай культуры
Праект «Эмігранты» Лявона Вольскага.

«Істотнай небяспекай застаецца пустэча на месцы тутэйшага мэйнстрыму»

Максім Жбанкоў, культуролаг, кінакрытык:

Цяжка казаць пра галоўныя музычныя трэнды. Бо каб іх вылучыць, патрэбна тое, чаго няма: нармальная сістэма культурніцкай індустрыі з мэйнстрымам і маргінальнымі пошукамі, ратацыяй зорак і барацьбой за слухача, графікам рэлізаў і канцэртных тураў, медыйнай падтрымкай ды пулам экспертаў. Наяўнае магчымае – лапікавая плыня выпадковых сігналаў з архіпелага Беларусь. Тут адсутнічаюць трэнды. Затое ёсць сітуацыі.

Першая – эмігранцкі шансон, выяздны сэканд-хэнд ад правераных пастаўшчыкоў. Зноў Пугач. Зноў Вольскі. Зноў Стыльскі. Простыя словы, простыя рэчы. Пераходы з пафасу на лямант. І наадварот. Хатнія напрацоўкі. Час змяніўся, героі – не. Праблема не ў тым, што яны гучаць. Праблема ў тым, што не здзіўляюць. З аднаго боку – акей, інерцыйная масоўка мае адпаведных артыстаў. З другога – тыя ўсё больш губляюць ініцыятыву. Горшае, што можа адбыцца з генераламі ракенрола, – зрабіцца камфортна неістотнымі. І зарабляць на рэштках рэпутацыі.

Другая – лабараторныя эксперыменты без шансаў на глабальны рэзананс. Музычны рэзыстанс падвышанай складанасці. Штырліцы айчыннага андэрграўнду. Ліставанне Юстаса з Алексам. Размова пра новыя рэлізы ад Syndrom Samazvanca, Polyn і tochka К. Карціць пазначыць гэта як партызанскае індзі – маючы на ўвазе паслядоўны рух у бок акустычнага нонканфармізму, гукавы дайвінг, паглыбленую працу з тэкставым складнікам і відавочную абыякавасць да банальнай палітычнай рыторыкі. Гэта голас новай свядомасці, дзе траўматычнасць асабістага лёсу ператвараецца ў нечаканую і якасна свежую паэтыку ды эстэтыку.

У гэтай сувязі істотнай небяспекай застаецца пустэча на месцы тутэйшага мэйнстрыму – музыкі для недасведчанага спажыўца з невідавочнай культурніцкай прапіскай. Бо менавіта тут мае бяспрэчнае першанства «рускі мір» з усімі ягонымі «пацанамі». І пазітыўнай перспектывы пакуль не бачна.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)

Последние новости




Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: