«Гэта наша вайна»: куратар Андрэй Дурэйка – пра мастацкі праект у Дзюсельдорфе

Главное
Фрагмент экспазіцыі выставы. Фота: Андрэй Дурэйка.

Андрэй Дурэйка – беларускі мастак і куратар, які жыве ў Дзюсельдорфе. З пачатку ваенных дзеянняў ён актыўна ўдзельнічаў у праектах, скіраваных на падтрымку Украіны. Патрэба зрабіць калектыўнае антываеннае выказванне з’явілася ў яго і калегі  Томаса Нoймана даволі даўно, аднак рэалізавацца гэтая ідэя змагла толькі ў кааперацыі з Antiwarcoalition.art, платформай, заснаванай беларускімі і ўкраінскімі дзеячамі культуры. І ў дзень гадавіны пачатку вайны маштабная антываенная выстава адкрылася ў Дзюсельдорфе.

Назва выставы «Nicht Unser Krieg» перакладаецца як «не наша вайна».

Закрэсленае «не» – гэта рэакцыя на графіці і плакаты ў Германіі. Арганізатары прапануюць пераасэнсаваць вайну ва Украіне як «нашу» на прыкладзе экалагічных праблем, паставак газу і прадуктаў харчавання і не толькі.

Reform.by звязаўся з суарганізатарам дзюсельдорфскай выставы Андрэем Дурэйкам, каб падрабязней распытаць пра кантэкст і характар мерапрыемства.

«Гэта наша вайна»: куратар Андрэй Дурэйка – пра мастацкі праект у Дзюсельдорфе
Влада Ралько (Украіна). Львоўскі дзённік. 2022. Фота: Андрэй Дурэйка.

– Андрэй, што гэта за лозунг, які вы перайгралі, закрэсліўшы «не», – «не наша вайна»? Наколькі ён распаўсюджаны ў Германіі?

– Гэта рэакцыя пэўных слаёў грамадства на вайну ва Украіне, якія мяркуюць, што яна не з’яўляецца вайной іх краін.

Аднак цяпер, напярэдадні 24 лютага і ў сам гэты дзень, шмат у якіх нямецкіх гарадах адбываюцца акцыі, дэманстрацыі, малебны, выставы, канцэрты ў падтрымку Украіны.

Наша выстава – яшчэ адзін жэст, каб паказаць, што мы не стомленыя і будзем змагацца далей. Таму што гэтая вайна стала для Еўропы цывілізацыйнай.

«Гэта наша вайна»: куратар Андрэй Дурэйка – пра мастацкі праект у Дзюсельдорфе
Жанна Кадырава (Украіна). Руская ракета. 2022. Фота: Андрэй Дурэйка.

– Наколькі распаўсюджаны гэты слоган пра не нашу вайну?

– Гэтыя лозунгі не вельмі распаўсюджаныя ў Германіі, аднак перыядычна з’яўляюцца і ў іншых краінах, напэўна, сустракаюцца яшчэ часцей у Венгрыі альбо ў Сербіі.

І, на жаль, часамі гучаць нават у нямецкім парламенце, дзе левыя выглядаюць рупарам Крамля.

– Аднак гэта не дамінуючая тэндэнцыя?

– Не, канечне, такія лозунгі сустракаюцца, але не дамінуюць. Для Германіі ўвогуле характэрныя традыцыі пацыфізму, асабліва для старэйшага пакалення, у людзей, якія нарадзіліся адразу пасля вайны. Увесь гэты год мы назіраем праявы гэтага пацыфізму. Для немцаў пасылаць некуды танкі падчас вайны доўгі час было немагчыма, уваходзіць у вайну – непрымальна. Аднак усе ўжо разумеюць, што сённяшняя вайна аб’яўлена ўсёй еўрапейскай цывілізацыі.

Некаторыя мае сябры з Украіны таксама былі пацыфістамі, аднак цяпер, пасля бамбаванняў, прыйшло разуменне, што інакш немагчыма захаваць украінскія жыцці, як змагацца, працягваць вайну і перамагчы.

Зразумела, што на такія настроі ў Германіі ўплывае не толькі гуманітарны, а і эканамічны крызіс. Кожны сёння адчувае наступствы ваенных дзеянняў.

«Гэта наша вайна»: куратар Андрэй Дурэйка – пра мастацкі праект у Дзюсельдорфе
Хельмут Швайцэр (Германія). У такую ж ноч у 2023 годзе. Фота: Андрэй Дурэйка.

– Дзе адбываецца выстава «Nicht Unser Krieg»?

– У прасторы WELTKUNSTZIMMER, што перакладаецца, як сусветны пакой мастацтва. Гэта былая фабрыка, хлебапякарня. А цяпер – незалежны арт-цэнтр, у якім, акрамя выставаў, адбываецца шмат разнастайных праграмаў, фестываляў, канцэртаў, працуюць мастацкія рэзідэнцыі. Гэтае атмасфернае месца захавала частку постіндустрыяльнай трэшавай структуры. Наша выстава акурат будзе ладзіцца ў такой прасторы, якая выбрана таму, бо найбольш адпавядае характару вайны, перадае атмасферу зруйнавання.

– Якая структура гэтай выставы?

– Каля 20 відэапраектаў пакажа Antiwarcoalition.art, а ў астатняй частцы адбудзецца аўкцыён работ больш за 70 мастакоў з Дзюсельдорфа. Яны ахвяравалі свае кнігі з аўтографамі, музыку і творы ў памеры ад 20 да 400 еўра. Атрыманыя ад продажу сродкі будуць перададзеныя ва ўкраінскі фонд Ukrainian Emergency Art Fund.

«Гэта наша вайна»: куратар Андрэй Дурэйка – пра мастацкі праект у Дзюсельдорфе
Фрэнсіс Аліс (Мексіка). Падбор колеру (Масул, Ірак). Фота: Андрэй Дурэйка.

– Як даўно гэта выстава рыхтавалася?

– Мы з Томасам Нойманам з першых дзён вайны разважалі над антываенным праектам, сустракаліся з украінскімі і нямецкімі творцамі, удзельнічалі ў іншых праектах, звязаных з Украінай. Таксама мы даўно хацелі паказаць у Дзюсельдорфе платформу Antiwarcoalition.art, а тут з’явілася магчымасць аб’яднаць усе памкненні ў адным праекце. І я хацеў бы падзякаваць і згадаць усю каманду платформы, якія шмат зрабілі за гэты год і прадставілі праект на шматлікіх інтэрнацыянальных пляцоўках, гэта: Ганна Чыстасердава, Аляксандр Камароў, Таццяна Качубінская, Валянціна Кісялёва, Лена Прэнц, Антаніна Сцебур, Максім Тымінько, Наташа Чычасава.

Тры тыдні таму стала вядома, што выстава дакладна адбудзецца, і нашу ініцыятыву моцна падтрымалі іншыя мастацкія ўстановы Дзюсельдорфа, якія дапамаглі тэхнічнымі сродкамі для рэалізацыі гэтага маштабнага медыяпраекта. Важны аспект гэтай выставы, што ў ёй будуць прадстаўлены працы мясцовых мастакоў, для якіх не абыякавая тая трагедыя, што адбываецца на ўсходзе Еўропы.

– Што плануецца на адкрыцці, можа, мастацкая ці палітычная акцыя?

– Мы не плануем рабіць з выставы прамую палітычную акцыю альбо ператвараць яе ў мітынг. Мы прэзентуем мастацкае выказванне, і праз гэта выказванне прагучыць і тэма салідарнасці з Украінай, і праявіцца крытычны погляд на сучасную сітуацыю.

«Гэта наша вайна»: куратар Андрэй Дурэйка – пра мастацкі праект у Дзюсельдорфе

«Гэта наша вайна»: куратар Андрэй Дурэйка – пра мастацкі праект у Дзюсельдорфе

«Гэта наша вайна»: куратар Андрэй Дурэйка – пра мастацкі праект у Дзюсельдорфе
Фрагменты экспазіцыі з відэапраектамі. Фота: Андрэй Дурэйка.

Выстава будзе працаваць да 5 сакавіка у арт-прасторы Weltkunstzimmer: Ronsdorfer Str., 77a. Düsseldorf.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)

Последние новости




Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: