Сёння распачаўся ІХ фестываль кіно Паўночных і Балтыйскіх краін «Паўночнае ззянне»

Главное
Скрын з сайта.

Сёння з дакументальнай стужкі з Фарэрскіх астравоў «Сэрца творцы» Марыяны Мёрор стартуе фестываль кіно Паўночных і Балтыйскіх краін «Паўночнае ззянне». Міжнародны конкурс дэбютных прац, асноўная праграма, Беларускі конкурс, гутаркі і Q/A з рэжысёрамі і іншымі кінадзеячамі, праграма ўкраінскага кіно UKRAINE MON AMOUR, а гэтаксама афлайн-паказы ў Вільнюсе і Таліне — дзявятая эдыцыя адметнага форуму абяцае быць насычанай і яскравай.

Лозунг дзявятай эдыцыі фестывалю — «Увага Адлегласць». Гэта значыць, што ў фокусе ўвагі форуму як тэрытарыяльная, так і ментальная адлегласць, якую кінематаграфісты праз уласнае мастацтва паспрабуюць пераадолець, прынамсі, у кіно.

Сёння распачаўся ІХ фестываль кіно Паўночных і Балтыйскіх краін «Паўночнае ззянне»
Фота: фейсбук фестываля.

Ужо заўтра гледачы з Беларусі атрымаюць магчымасць паглядзець альманах пра беларускія навіны — COOL, над стварэннем якога працавалі Раду Жудэ, П’ер Леон, Мікіта Лаўрэцкі, Леслі Найф, Павел і Цімур Нядзведзь — больш за дваццаць кінематаграфістаў як з Беларусі, так і са ўсяго свету.

15 лістапада ў анлайн-праграме — уладальнік Гран-пры Талінскага фестывалю-2022 ісландскі змрочна-камедыйны роўд-мові пра запозненнае сталенне «Паездка з мамай» Хільмара Османа. «Рэжысёр нацягвае на класіку «трупных» камедый, накшталт «Уік-энду з Берні» і «Чалавека — швейцарскага нажа», ісландскі швэдар», — адзначаецца ў анатацыі.

Дацка-нарвежскае дакументальнае кіно, якое спрабуе «растапіць лёд» сямейнага адчужэння — «Горы» Крысціяна Айнсхоя — можна будзе паглядзець 16 лістапада.

Сёння распачаўся ІХ фестываль кіно Паўночных і Балтыйскіх краін «Паўночнае ззянне»

18 лістапада — і паказ нашумелай стужкі беларускай дакументалісткі Сашы Кулак «Ястраб памерам з каня». Нагадаем, у карціне галоўная гераіня — паважаны арнітолаг з расійскай Шчарбінкі, якая ў самастойна пабудаваным доме спрабуе аднавіць атмасферу серыяла Дэвіда Лінча «Твін Пікс». Карціна Сашы Кулак ужо мае адзнакі і добрую прэсу.

У гэты ж дзень распачнецца праграма ўкраінскага кіно UKRAINE MON AMOU: у прыватнасці, 18 лістапада будзе дэманстравацца стужка ўкраінскай дакументалісткі Алісы Каваленкі «Мы не згаснем». Яна распавяде пра пяць украінскіх падлеткаў, захраснулых у зоне баявых дзеянняў, якія аднойчы… атрымоўваюць магчымасць скарыць Гімалаі.

20 лістапада — і на экране «Паўночнага ззяння» дакументальная сенсацыя мінулага года — польска-французскі фільм, які здымаўся на працягу 13 гадоў — «Апалонія, Апалонія» Леа Глоб. Стужка, якая таксама трапіла ў шорт-ліст намінацыі «Найлепшы дакументальны фільм» Прэміі Еўрапейскай кінаакадэміі, уяўляе сабой шчырую і захапляльную хроніку барацьбы маладой мастачкі за сваё месца ў сусвеце мастацтва.

Сёння распачаўся ІХ фестываль кіно Паўночных і Балтыйскіх краін «Паўночнае ззянне»

Падкрэслім, што ў афлайн-праграме фэсту і яшчэ адзін намінант на «Найлепшы дакументальны фільм» Прэміі Еўрапейскай кінаакадэміі — уганараваная карціна беларускіх аўтараў Ганны Бадзяка і Аляксандра Міхалковіча «Радзіма». Яе можна будзе паглядзець на экранах кінатэатраў у Вільні і Таліне.

Сёння распачаўся ІХ фестываль кіно Паўночных і Балтыйскіх краін «Паўночнае ззянне»

Тры стужкі беларускіх кінематаграфістаў, якія гэтаксама варта не прапусціць, пазначаны ў анлайн-раскладзе 21 і 22 лістапада. Гэта дакументальная споведзь беларускай мастачкі ў эміграцыі «Дзённік Анастасіі» Максіма Буйніцкага. А гэтаксама нашумелая мастацкая рэканструкцыя журналістскага стрыму з Плошчы Пераменаў «У жывым эфіры» Мары Тамковіч. А 22 лістапада ў конкурсе міжнародных дэбютаў будзе дэманстравацца медытатыўнае назіранне за наведвальнікамі цэнтральнага парку ў Токіа — дакстужка «Ёёгі» Максіма Галамідава.

Сёння распачаўся ІХ фестываль кіно Паўночных і Балтыйскіх краін «Паўночнае ззянне»

Нагадаем, што форум, якім ужо на працягу дзевяці гадоў кіруе прадзюсарка і кінематаграфістка Воля Чайкоўская, сёлета, як заўжды, мае праграму фестывальных падзей. У прыватнасці, 16 лістапада адбудзецца панэльная дыскусія пра розныя практыкі беларускіх незалежных фільммейкераў — з удзелам беларускіх рэжысёраў ды журналістаў і кінакрытыка партала Cineuropa Давідэ Апаташані. А 21 лістапада адвакатка і спецыялістка ў аўтарскім праве Марыя Колесава-Гудзіліна распавядзе пра розніцу паміж легальным і пірацкім кантэнтам. Цалкам расклад мерапрыемстваў можна паглядзець тут.

Для анлайн-прагляду фільмаў «Паўночнага ззяння», які будзе доўжыцца да 26 лістапада, патрабуецца рэгістрацыя.

Расклад афлайн-паказаў можна глядзець тут.

Падтрымаць фэст Балтыйскага і Скандынаўскага кіно можна тут.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Последние новости


REFORM.news


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: