Беларуская прэмія кінакрытыкаў «Чырвоны верас» распачынае сваю другую эдыцыю і з 14 верасня да 14 кастрычніка прымае заяўкі. Беларускія кінематаграфісты, якія выпусцілі фільмы ў 2021 і 2022 гадах, могуць прэтэндаваць на перамогу ў 13 катэгорыях.
Першы «Чырвоны верас» прайшоў у 2021–2022 гадах – адным са штуршкоў да заснавання ўзнагароды стала брутальнае выцісканне незалежнай культуры з Беларусі, якое лукашэнкаўскі рэжым распачаў у адказ на масавыя пратэсты. Прэмія закліканая адзначаць найлепшыя дасягненні ў сферы беларускага кіно – кіно, якое ствараюць беларусы паводле грамадзянства альбо нацыянальнасці ў краіне і за яе межамі.
Арганізатарамі другой прэміі «Чырвоны верас» выступае каманда кінакрытыкаў на чале з Ірэнаю Кацяловіч і Тарасам Тарналіцкім.
«Мы бачым стваральны патэнцыял незалежнага кіно і сваёй прэміяй хочам падкрэсліць яго здольнасці ды яго важнасць, – адзначае каманда. – Сучасныя аўтары адыгрываюць і будуць адыгрываць сваю ролю ў фіксацыі ды пражыванні нашых ліхіх часоў. Кінакрытыкі ўручаюць узнагароды на найбуйнейшых еўрапейскіх кінафестывалях, іхнае экспертнае меркаванне стаіць за шэрагам вядомых прэміяў, і мы спадзяёмся, што «Чырвоны верас» станецца тою нацыянальнай узнагародай, якая будзе адсочваць развіццё беларускага кіно і ствараць яго кантэкст. Магчыма, для кагосьці прэмія акажацца дадатковым стымулам заставацца ў прафесіі, нягледзячы на складанасці».
Намінантамі на «Чырвоны верас’24» могуць стаць каротка- і поўнаметражныя ігравыя, дакументальныя і анімацыйныя фільмы ды іх аўтары.
Да ўдзелу прымаецца незалежнае кіно, створанае без удзелу дзяржаўных сродкаў рэжымаў Беларусі ці Расеі, адзначаюць арганізатары.
У журы другога «Чырвонага верасу» ўвайшлі 7 экспертаў і 9 экспертак, сярод якіх – кінакрытык Ульяна Будзік, кінааналітык Максім Жбанкоў, арт-менеджарка Ліна Мядзведзева, фестывальны арганізатар Ігар Сукманаў, аўтарка выдання Backstage Алена Сойка, кінакрытык Ганна Яфрэменка, даследніца кіно Альміра Усманава, а таксама сузаснавальнікі прэміі Ірэна Кацяловіч і Тарас Тарналіцкі. Частка экспертаў застаецца ананімнаю.
Журы вызначыць «Найлепшы ігравы поўнаметражны фільм», «Найлепшы ігравы кароткаметражны фільм», «Найлепшы поўнаметражны дакументальны фільм», «Найлепшы кароткаметражны дакументальны фільм», «Найлепшы анімацыйны фільм», «Найлепшага(ую) рэжысёра(ку)», «Найлепшага акцёра», «Найлепшую акцёрку», «Найлепшую працу аператара(кі)», «Найлепшы сцэнар», «Найлепшае мастацкае рашэнне (праца мастака(чкі)-пастаноўшчыка(цы)», «Найлепшы саўнддызайн (праца кампазітара(кі) і/ці гукарэжысёра(кі)», «Адкрыццё года».
Падаць заяўку на прэмію можна з 14 верасня да 14 кастрычніка на сайце прэміі. Вынікі другога «Чырвонага верасу» будуць падведзеныя ў лютым 2024 года.
***
Reform.bу звязаўся з лаўрэатамі першай прэміі «Чырвоны верас», каб распытаць пра тое, што значыла для іх прызнанне беларускіх крытыкаў.
Алексей Палуян: «Гэта крок у развіцці беларускага незалежнага кінематографа»
Фільм рэжысёра Аляксея Палуяна «Возера радасці» быў прызнаны ў 2022 годзе «Найлепшым ігравым кароткаметражным фільмам» беларускімі кінакрытыкамі, а гэтаксама актрыса Анастасія Пляц, якая выконвала галоўную ролю ў стужцы, стала «Найлепшай акцёркай».
— Было вельмі прыемна, бо ўзнагарода кінакрытыкаў заўжды лічыцца ў свеце кінаматографа адной з найважнейшых, — падзяліўся сваімі эмоцыямі і развагамі вядомы беларускі аўтар. — У Беларусі на той момант не было больш незалежных кінапрэмій, і тут ствараецца адразу кінапрэмія кінакрытыкаў — зразумела, што гэта вельмі важна. Калі ў краіне няма кінакрытыкаў, то губляецца адзін з фундаментаў, які дапамагае і гледачу, і кінематаграфістам бачыць нябачнае. Таму стварэнне гэтай кінапрэміі — відавочна вялікі крок у развіцці беларускага незалежнага кінематографа.
Дый асабліва прыемна было, што галоўная актрыса фільма «Возера Радасці» была таксама ўзнагароджана «Чырвоным верасам» як лепшая актрыса! Для дзяўчынкі з інтэрнату — гэта, на мой погляд, нешта незвычайнае!
Памятаю, як мне ўручылі дыплом — магчыма, я магу нешта наблытаць, але гэта было, падаецца, у бары «Карма», дзе мы адпачывалі з героямі фільма «COURAGE» пасля варшаўскага паказу. Мне дыплом уручыла Ірэна Кацяловіч. Гэта было вельмі натхняльна! Зараз адзнака ад «Чыровонага верасу» знаходзіцца ў бюро маёй фірмы, на паліцы побач з іншымі прэстыжнымі ўзнагародамі.
Іван Гапіенка: «Гэта як падтрымка адно аднаго ў нашым кіно»
У намінацыі «Найлепшы анімацыйны фільм» у 2022 годзе перамагала стужка беларускага аніматара Івана Гапіенкі «Царства зорак».
— Навіну пра адзнаку сваёй карціны «Чырвоным верасам» убачыў у сеціве, калі памятаю, на той момант я быў у Рызе пасля пачатку вайны. Гэта ўзнагарода была такой падтрымкай! — узгадвае той момант Іван Гапіенка. — Атрымаць дыплом адразу не было магчымасці, і толькі ў жніўні 2022 мы дамовіліся сустрэцца з кінакрытыкам Тарасам Тарналіцкім. Сустрэча была хуткая — праездам на станцыі метро «Купалаўская». Мы трошкі паразмаўлялі, я падзяліўся навіной наконт нашай Варшаўскай анімацыйнай студыі. Тарас вельмі зацікавіўся. Мне было дужа прыемна атрымаць гэту ўзнагароду!
Яшчэ наколькі памятаю, адразу пасля сустрэчы з Тарасам я вырашаў свае справы і паехаў да бацькоў. Дыплом пакінуў у іх, чаму яны таксама былі рады.
У першую чаргу, мне падаецца, што ўзнагарода «Чырвоны верас» — гэта як падтрымка адно аднаго ў нашым кіно. Не абавязкова нейкія вялікія гранты ці штосьці падобнае, нават такі фармат — гэта таксама добрая нагода ўзгадаць гледачам, якія аўтары зараз працуюць у беларускім кіно.
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: