Гродзенскі музыка Яўген Кучмейна (tochka K) выдаў новы альбом 1ok. «Пяты па парадку, першы — па пагружэнні ў сябе», — прадставіў працу артыст, які займае асобнае месца на беларускай музычнай сцэне. Творчасць Яўгена Кучмейна — гэта даследаванне сябе, асабістае выказванне, загорнутае ў абалонку акустычнага року з рознымі «прымесямі»: ад гранжу — да трып-хопа. Новую плытку можна назваць персанальным падарожжам у жорсткім часе.
Альбом утрымлівае ажно 20 кампазіцый — гэта, у пэўным сэнсе, музычная п’еса, сабраная з розных песень-эмоцый. Адпраўная кропка выказвання — «Я надоўга забыў, што я школьнік» (радок з трэка «Школьнік» ) — і далей Яўген прапаноўвае слухачу прайсці шляхам свайго героя.
«Кожны з нас быў школьнікам. У пэўны сэнсе кожны з нас школьнікам застаецца і цяпер. Гэта гісторыя з’яўлення, жыцця і знікнення аднаго з іх. Яна распавядаецца з дапамогай песень, якія гучаць у адпаведнасці з храналогіяй асноўных этапаў жыцця героя, — «разварочвае» ідэю альбома музыкант. — Назва альбома паведамляе пра тое, што дзеянне вядзецца ад першай асобы. Школьнік часам самотны, але яму ў адзіноце — ок. Калі ад праслухоўвання гэтага альбому ў слухача, хоць ненадоўга, абудзіцца ўнутраны школьнік, значыць, ён быў напісаны не дарма», — піша артыст.
Плытка, якая ўтрымлівае розныя па характары кампазіцыі, прасякнута настроем эксзістэнцыйнай самоты і болю — магчыма, адных з галоўных эмоцый 2023 года. Гэта падарожжа ў змрочным лесе, у якім часам на пэўны момант можна ўбачыць прыгажосць і міф. Але жорсткая «33» расстаўляе ўсе кропкі над «і».
Слухаць 1ok можна тут.
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: