Кінематаграфісты аб’явілі аб стварэнні Беларускай незалежнай кінаакадэміі — яе прэзентуюць на Берлінале

Главное

17 лютага на Еўрапейскім фільммаркеце ў межах Берлінскага міжнароднага кінафестывалю будзе прэзентавана новая арганізацыя беларускай кінематаграфічнай супольнасці — Беларуская незалежная кінаакадэмія. Яе ўтварэнне ўжо падтрымала адна з буйных інстытуцый Еўропы — Еўрапейская кінаакадэмія.

Пра стварэнне Беларускай незалежнай кінаакадэміі (Belarusian independent film аcademy) было аб’яўлена на старонках выдання Variety.

Аб’яднанне кінематаграфістаў мяркуе ўзяць на сябе задачу прасоўваць інтарэсы творцаў незалежнага беларускага кіно, у тым ліку на міжнародных пляцоўках. Кінаакадэмія такім чынам складае альтэрнатыву кінаарганізацыям ад афіцыйнага боку і плануе мэтанакіравана лабіраваць беларускі незалежны кінематограф, пашыраць яго магчымасці, а таксама прасоўваць свабоду ад цэнзуры ды дзяржаўнага ціску.

У ініцыятыўную групу беларускай кінаінстытуцыі ўвайшлі: рэжысёрка Дар’я Жук, рэжысёры Аляксей Палуян і Андрэй Куціла, прадзюсарка, рэжысёрка і дырэктарка кінафестывалю “Паўночнае ззянне” Воля Чайкоўская, кінаэксперт і фестывальны адборнік Ігар Сукманаў, кінакрытык Ірэна Кацяловіч.

Цяпер кінаакадэмія прымае сябраў, пашыраючы кола супольнасці.

Ідэя стварэння арганізацыі нарадзілася пасля пачатку вайны ва Украіне, падкрэсліваюць заснавальнікі і заснавальніцы BIFA. Тады больш за 130 беларускіх фільммэйкераў падпісалі калектыўны стэйтмэнт з асуджэннем ваеннай агрэсіі Расіі супраць Украіны.

“Пасля падпісання ліста наша салідарнасць стала пашырацца, і мы падумалі, што ў нас павінна быць кінаакадэмія – аб’яднанне прафесійных творцаў, якія разам прымаюць рашэнні і разам стаяць за сябе. Падобныя кінаакадэміі ў Еўропе існуюць не адзін дзясятак гадоў і дзякуючы ім мы больш ведаем пра кіно іх краін. Наша задача, каб мы лепш ведалі адно аднаго і разам з тым, каб свет ведаў пра нас”, – кажуць сябры ініцыятыўнай групы.

Інстытуцыя створана ўлічваючы досвед кінаакадэмій іншых еўрапейскіх краін — і з’яўленне BIFA ўжо атрымала падтрымку European Film Academy.

«Мы лічым стварэнне Беларускай незалежнай кінаакадэміі вельмі своечасовым і неабходным, — вітаў заснаванне незалежнага аб’яднання генеральны дырэктар еўрапейскай кінаінстытуцыі Матэйc Ваўтэр Кноль.-  Еўрапейская кінаакадэмія імкнецца спрыяць далейшай інтэграцыі незалежнага беларускага кіно ў агульнаеўрапейскую кінасупольнасць. Нашым беларускім сябрам патрэбная наша падтрымка ў Еўропе: мы дапаможам наладзіць кантакты з еўрапейскімі кінаінстытутамі, кінафондамі і кінарынкамі. Неўзабаве мы прывітаем Беларускую незалежную кінаакадэмію ў якасці новага сябра Асацыяцыі еўрапейскіх кінаакадэміяў», — паведаміў ён.

Афіцыйна BIFA будзе прэзентавана 17 лютага на Еўрапейскім кінарынку ў межах Берлінале – у Producers & Projects Hub на галоўнай пляцоўцы EFM Martin Gropius Bau. Тут жа будуць прэзентаваныя 10 беларускіх кінапраектаў у працы для пошуку партнёраў.

На Еўрапейскім фільммаркеце, у гатэлі Marriott, таксама будзе працаваць стэнд Беларускай незалежнай кінаакадэміі, да якога далучыцца Леанід Каліценя як прадстаўнік Беларускай сеткі фільммэйкераў.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)

Последние новости




Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: