Страшней, чым «Чорнае люстэрка»: якім атрымаўся беларускі серыял-анталогія «Працэсы»?

Главное
Кадр з эпізода "Патрыятычнае практыкаванне" серыяла "Працэсы". Скрын з экрана.

Сёння, 10 снежня, у варшаўскім кінатэатры Kinoteka PKiN на вялікім экране адбудзецца паказ чатырох эпізодаў серыялу тэлеканала «Белсат» — «Працэсы». Першыя тры серыі альманаха-анталогіі ўжо сабралі на YouTube у сукупнасці больш за 1 мільён праглядаў — больш за 500 тысяч праглядаў першая серыя «Ператрымка», трохі болей — другая «Патрыятычнае практыкаванне», трэцяя серыя «Прыснілася» з’явілася ў сеціве толькі ўчора, — такім чынам аўтараў праекта ўжо можна павіншаваць з поспехам. Але ці атрымаўся серыял? Ці можна назваць «Працэсы» новым словам у беларускім кіно? Прагледзеўшы тры эпізоды, аглядальнік Reform.by вырашыў паспрабаць адказаць на гэтыя пытанні.

Першы беларускі серыял-анталогія?

Уявіце сабе сітуацыю. Вы — прадзюсар тэлеканала, і да вас прыходзяць з прапановай зняць серыял у духу слыннага брытанскага «Чорнага люстэрка». Толькі замест паднятай у шоу тэмы ўплыву тэхналогій на чалавека аўтары кажуць пра гратэскнае адлюстраванне беларускай рэальнасці. Ці пагадзіліся б вы? Вядома, гучыць прапанова цікава, але складана ўявіць, што атрымаецца ў выніку. Прадзюсар завагаўся. І тым больш варта «зняць капялюш» перад аўтарамі ідэі альманаху — рэжысёрам Андрэем Кашперскім і аўтарам сцэнарыя Міхаілам Зуем, вядомым па сатырычным праекце «ЧынЧынЧанел», што яны, наглядзечы на цалкам зразумелыя сумневы кіраўніцтва, працягнулі «гнуть сваю линию». І дамагліся свайго.

Страшней, чым «Чорнае люстэрка»: якім атрымаўся беларускі серыял-анталогія «Працэсы»?
Афіша да праекта. Фота: facebook.com/events/3523833991264761/?ref=newsfeed.

Прычым «Працэсы» гэтаксама пітчыліся і як камедыйны серыял.

«Але гэта адсылка была хутчэй піяр-ходам, — падзяліўся момантамі рэалізацыі «Працэсаў» на нядаўнім фестывалі «Бульбамуві-2023» Андрэй Кашперскі. — У нашым серыяле гумар мы выкарыстоўваем як абарону і нападзенне, — дадае ён. — Не хацелася ствараць просты продукт. Мы хацелі зрабіць няпростае выказванне для нашага няпростага часу».

Па словах рэжысёра, ідэя альманаха нарадзілся са злобы і гневу на тую сітуацыю, што адбываецца ў Беларусі — бясконцыя рэпрэсіі і гвалт. Сцэнарый паўставаў, лічы, з навінаў, толькі пэўныя сюжэты, анекдоты аўтары вырашылі развіць у асобныя гісторыі. Саспела сучаснае вызначэнне серыялу — анталогія, што значыць, што кожны эпізод будзе мець сваіх герояў і гісторыю, а далей прыйшлося пашукаць жанровую форму, бо кожная серыя ў выніку адрозніваецца па стылі і форме.

Ужо гэты працэс стварэння «Працэсу» варты згадкі, бо гаворка ідзе пра з’яўленне новага прадукту, які, арыентуечыся на сусветныя тэндэцыі, бярэ ў фокус увагі менавіта беларускую павестку і рэаліі.

Што ж атрымалася?

Што адразу вылучае першую серыю праекта, ды ў прыцыпе серыял, гэта яго інтанацыя і атмасфера. З аднаго боку, абсурдная, сатырычная, фантасмагарычная, з іншага — халодная і вусцішная. І яна моцна трыгерыць. Нават музыка на першых кадрах адразу настройвае на адпаведны лад.

Трагікамічны гратэск «Ператрымка» — гэта, можна сказаць, злая фантазія. Давайце ўявім сітуацыю, што з-за перапоўненасці турмаў амапаўцы пачнуць браць дадому затрыманых на вуліцы. Дзіцячы пакой у якасці камеры, жонка сілавіка «афігівае» і варыць кашу дзецям і арыштантам, няўдалыя ўцёкі затрыманага праз вакно, «празрэнне» сілавіка ў дачыненні «працы на дом», ды паўсядзённасць гвалту нават у хатняй абстаноўцы… Сачыць за тым, як расце градус абсурду ў гісторыі, цікава, але вусціш «прабіваецца» праз горкія жарты.

Страшней, чым «Чорнае люстэрка»: якім атрымаўся беларускі серыял-анталогія «Працэсы»?
Кадр з серыі «Ператрымка» серыяла «Працэсы». Скрын з экрану.

Адказваючы на пытанні гледачоў на «Бульбамуві», Андрэй Кашперскі адзначаў, што ў серыяле ён хацеў адлюстраваць «цёмны бок сілы». Сілавік, Генарал КДБ, Чыноўнік, Ябацька — не выпадкова героямі ў кожным эпізодзе становяцца персанажы адмоўнага плану. Аўтары прапануюць гледачу «разглядзець» гэтых людзей — убачыць «іх нікчэмнасць і баязлівасць». Усё так, але якімі паўстаюць тыя героі, і самае галоўнае — што прапаноўваецца гледачу ў супрацьвагу «банальнасці зла»?

У «Ператрымцы» Амапавец у выкананні Андрэя Новіка — недалёкі «механізм сістэмы». Кахае жонку і дзяцей, але пры гэтым бязлітасна б’е арыштантаў. Гвалт для яго абсалютна «нармальная» рэч — маўляў, такая праца. Вось тут сям’я, а вось тут — гэты «матэрыял». У супрацьвагу яму ў серыі ёсць затрыманыя, але яны падаюцца хутчэй як тыпажы — панк, айцішнік, змагар. Ці дастаткова гэта? Перад намі трагікамедыя-антыўтопія.

У «Патрыятычным практыкаванні» Ігар Сігоў выводзіць вобраз генерала КДБ як апантанага вар’ята ва ўладзе. У фільме дзеці ідуць на экскурсію ў КДБ, і трапляюць, лічы, на антыфабрыку Вілі Вонка — тут замест міласэрнасці іх вучаць жорсткасці і злу. Збянтэжаныя і напалоханыя, яны не ў стане супрацьстаяць Генералу — містэру «зараду бодрасці і энергіі» са знакам мінус. Дзець катуюць токам арыштанта і далучаюцца  нават да забойства. Але ўбачыць дзіця са зброяй у руках — зусім не тое, што хацелася б.

Страшней, чым «Чорнае люстэрка»: якім атрымаўся беларускі серыял-анталогія «Працэсы»?
Кадр з эпізода «Патрыятычнае практыкаванне» серыяла «Працэсы». Скрын з экрана.

«Патрыятычнае практыкаванне», бадай, самы жорсткі з эпізодаў, у якім «камедыя» на нашых вачах пераўтвараецца ў «перэваратня» — фільм жахаў. У стужцы шмат адсылак да класікі кінематаграфа —таго ж Кубрыка, але ж варта прызнаць, што змучаная псіхіка беларуса наўрад ці вытрымае такое відовішча.

Але ў трэцяй навэле «Прыснілася» аўтары бяруць сатысфакцыю. Цягучая па рытме, па-эстэцку вырашаная серыя пра чыноўніцкі пул, які бачыць калектыўны сон пра пахаванне «першай асобы» — самы ўдалы з трох фільмаў. Адсылаючы да інфернальнасці і гумару «Мёртвых душаў» Гогаля, абсурду твораў Кафкі, «Прыснілася» выводзіць свой сон Розуму. І цэнтральнае месца ў гэтай містычнай фантасмагорыі належыць Алегу Гарбузу — акцёр-купалавец выконвае ў стужцы ролю Галоўнага Чыноўніка аднога з міністэрстваў. Персанаж Гарбуза варты жалю і смеха, але артыст не пазбаўляе яго чалавечнасці, і ад таго вобраз становіцца аб’ёмным, надаючы ўсёй навэле эмацыйнай выразнасці.

У цэлым у эпізодзе добры ўвесь акцёрскі ансамбль: Аляксандр Гарцуеў, Сяргей Чуб, Кацярына Жалудок — тут у кожнага супрацоўніка міністэрства ёсць свае аблічча. Варта адзначыць і працу мастака-пастаноўшчыка (Аляксандр Адамаў), аператара (Данііл Гаёў), якім удалося стварыць кафкіянскую безпаветраную прастору абстрактнага міністэрства. Акрамя таго, у «Прыснілася» аўтары, нарэшце, даюць гледачу надзею, у адрозненне ад папярэдній серый — і ў кабінетах дзяржаўных структур людзі мараць пра перамены.

Страшней, чым «Чорнае люстэрка»: якім атрымаўся беларускі серыял-анталогія «Працэсы»?
Кадр з эпізода «Прыснілася» серыяла «Працэсы». Скрын з экрана.

Мяркую, што чацвёртая серыя стане кульмінацыяй серыяла. Навэла, у якой іграюць Зоя Белахвосцік і расійская актрыса Яна Траянава, вырашана ў жанры сацыяльнай драмы.

Дык прарыў ці не?

Па канцэпце — так. Замахнуўшыся на найскладанейшы жанр, Андрэй Кашперскі і Міхаіл Зуй паспрабавалі распавесці пра самае галоўнае — пра тое, што адбываецца з людзьмі рэжыму і грамадствам у часы «прыцемкаў дыктатуры». Куды вядуць тыя працэсы, якія мы можам назіраць у актуальным часе — да якіх зменаў у свядомасці. Серыял складваецца ў пэўны гратэскны партрэт зла. Вядома, прыняць камедыю, якая на нашых вачах пераўтвараецца ў фільм жахаў, часам не дазваляе наша траўма. Ды складана дыстанцыявацца ад гвалту на экране. Але «Працэсы» ў абсурдным мастацкім ключы спрабуюць адрэфлексаваць ды нават адказаць на «нармалізацыю» рэпрэсій і беззаконня ў Беларусі — і гэта варта ўвагі.

Паказ серыяла ў кінатэатры Kinoteka PKiN адбудзецца сёння а 19:00 у варшаўскім Палацы культуры і навукі.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Последние новости


REFORM.news


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: