24 лютага ў варшаўскім кінатэатры ILUZJON распачнецца 9-ты фестываль беларускіх фільмаў Bulbamovie — форум-кінапартызан з адметнай канцэпцыяй і «харызмай» пад кіраўніцтвам кінематаграфіста і падзвіжніка кіно Януша Гаўрылюка.
У праграме — фільм Якуба Станкевіча «Развітанне», два блокі «Маладога беларускага кіно», прэзентацыя праекта «Маладая Еўропа, ці Пойдзем з намі!», польская прэм’ера стужкі Паўла Січэка пра Андрэя Саннікава «Такога кшталту надзея», варшаўскі паказ стужкі «Бацян», уласна, Януша Гаўрылюка, прэзентацыя альманаха «Працэсы» Андрэя Кашперскага (вытворчасці тэлеканала «Белсат»), прэм’ера стужкі Аляксандра Матафонава «Так шмат і так мала»…
Януш Гаўрылюк, робячы фестываль, заўжды ставіць перад сабой амбітную задачу — знайсці і паказаць фільмы беларускіх рэжысёраў, створаныя за апошні час. Падкрэслім, што «Бульбамуві» — гэта фэст выключна беларускага кіно ці кіно пра Беларусь. Летась дырэктару форума ўдалося стварыць яскравую праграму: на пляцоўцы быў паказаны «У жывым эфіры» Мары Тамковіч, скандальным абмеркаваннем запоўнілася варшаўская прэм’ера карціны Minsk расійскага рэжысёра Барыса Гуца. На Бульбамуві-2022 гэтаксама быў прызнаны пераможцам і фільм маладога кінематаграфіста Юрыя Сямашкі «Смеццевая галава», які потым браў узнагароды на іншых фэстах. Сёлета Януш Гаўрылюк абяцае праграму цалкам прыстойную. Але ў сваім слове кіраўніка і праграмнага дырэктара ён фіксуе праблемы ў беларускім кіно.
— Прайшло 3 гады з часу «беларускай рэвалюцыі», і, на жаль, стала толькі горш, калі гаворка ідзе пра стан беларускай кінематаграфіі, — адзначае ён. — Кіношнікі, якія з’ехалі з краіны, апынуліся ў новых умовах невядомага ім кантэксту. Тыя, хто застаўся, працуюць у партызанскіх умовах. Яны ствараюць фільмы, але баяцца іх дзе-небудзь паказваць, напрыклад, на нашым фестывалі, які ў Беларусі ўспрымаецца як «апазіцыйны». Самае страшнае, што няма правілаў гульні, і ты не ведаеш, калі твой фільм трапіць на такі фестываль, як наш, ці не будзе з-за гэтага праблемаў.
Януш Гаўрылюк канстатуе атмасферу страху ў Беларусі, з-за якой кінематаграфісты не могуць быць сваободнымі ў творчасці і сваіх паводзінах.
— На першы погляд, усё добра, але ў падсвядомасці жыве няўпэўненасць, што за табой прыйдуць, таму што на цябе нешта знойдуць. Напрыклад, фота з мастаркласаў у варожай краіне ці старое фота з маршаў 2020 года.
Расце адлегласць паміж кінаэмігрантамі і кінапартызанамі, якія засталіся, — заўважае кінематаграфіст. — Усе прыстасоўваюцца да новых для сябе ўмоваў і не кантактуюць паміж сабой. На прагляд [секцыі] Маладога Кіно прыйшло пакуль менш фільмаў, чым у папярэднія гады, што таксама сведчыць пра складаную сітуацыю.
Напэўна, гэты год будзе памежным, — падсумоўвае падзвіжнік беларускага кіно. — Кінавытворчасць, якая пачыналася яшчэ ў Беларусі, паволі завяршаецца, а як будзе развівацца эмігранцкае кіно, пакуль невядома. Аднак факт існавання дзвюх кінаБеларусяў становіцца бясспрэчным. Адзінае, што яе аб’ядноўвае – пра абедзве мала хто ведае.
Сёлета, як і летась, мне не ўдалося скласці праграмы як сабе ўяўляў (расце колькасць фільмаў, якія ляжаць на паліцах – думаю зрабіць з іх у будучыні цэлы праграмны блок), але 9-ты Фестываль беларускага кіно BULBAMOVIE 2023 нягледзячы на праблемы, выглядае цалкам прыстойна. Калі не прыйдзеце да нас у кінатэатр, не будзеце гэтага ведаць.
Падрабязней пазнаёміцца з праграмай кінафестываля можна тут.
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: