Беларускія фатографы ў замежжы ініцыявалі стварэнне Беларускай незалежнай фатаграфічнай асацыяцыі

Культура
Лагатып BIPA. Фота: facebook.com/sergejus.michalenko.

Пра стварэнне новага незалежнага аб’яднання фатографаў учора паведаміў у сваіх сацсетках фатограф і культурны дзеяч Сяргей Міхаленка. «Нам патрэбная арганізацыя, якая зможа стаць платформай для аб’яднання беларускіх фатографаў і пачаць аказваць маральную, інфармацыйную, а часам і матэрыяльную падтрымку», — падзяліўся ён рашэннем ініцыятыўнай групы.

У ініцыятыўную групу, якая выступіла за заснаванне Беларускай незалежнай фатаграфічнай асацыяцыі (BIPA), увайшлі: Зміцер Вайноўскі, Сяргей Гудзілін, Сяргей Міхаленка, Яўген Атцецкі, Леся Пчолка, Ірына Сухій і іншыя дзеячы ў галіне фатаграфіі.

«Мы не можам заставацца ў баку ад таго, што сёння адбываецца з беларускай фатаграфіяй у цэлым і з нашымі калегамі ў прыватнасці, — сказана ў маніфесце фатографаў. — Адбылася атамізацыя беларускай фатаграфічнай супольнасці. З-за дзеянняў рэжыму Лукашэнкі адбываецца ізаляцыя беларускай фатаграфіі».

Падкрэсліваецца, што новая арганізацыя мусіць аб’яднаць тых фатографаў, хто знаходзіцца за мяжой, і тых, хто ў Беларусі.

«На працягу апошніх трох гадоў фатографы падвяргаюцца рэпрэсіям за сваю прафесійную дзейнасць. Многія былі вымушаны эміграваць, што часта прыводзіць да сыходу з прафесіі і творчасці. Застаючыся ж у Беларусі, людзі сутыкаюцца з усё большымі абмежаваннямі, прэсінгам або пераследамі. Відавочна, што нам патрэбная арганізацыя, якая зможа стаць платформай для аб’яднання беларускіх фатографаў і пачаць аказваць маральную, інфармацыйную, а часам і матэрыяльную падтрымку», — гаворыцца ў маніфесце.

Гэтаксама ў мэтах BIPA — лабіраванне інтарэсаў беларускай фатаграфіі і фатаграфічнай супольнасці «на рэгіянальным і міжнародным узроўнях».

«Ствараючы асацыяцыю, мы хочам аб’яднаць беларускіх фатографаў у партнёрскую і салідарную супольнасць, якая будзе мець значны голас, каб лабіраваць інтарэсы на рэгіянальным і міжнародным узроўнях. Распаўсюджваць інфармацыю аб праектах беларускіх фатографаў і беларускай фатаграфіі ў цэлым. Стварыць умовы для дыскусій, пашырэння сувязей і пошуку новых магчымасцей. Весці дзейнасць па захаванні беларускай гістарычнай і культурнай спадчыны ў галіне фатаграфіі».

На дадзены момант ініцыятыўная група запрашае ўсіх беларускіх фатографаў узяць удзел у анлайн-апытанні. Гэта можна зрабіць і ананімна. Імёны ўдзельнікаў апытання нідзе не будуць публікавацца.

«Нам важнае гэтае апытанне для разумення настрояў і цяперашняй сітуацыі, а таксама для вызначэння, якія менавіта крокі неабходна зрабіць у першую чаргу», — звяртаюцца да супольнасці заснавальнікі незалежнага фатаграфічнага аб’яднанная.

Даведацца больш пра новую ініцыятыву можна тут.

Прайсці апытанне тут.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Последние новости


REFORM.news


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: