Сёння ў Варшаве ўзяў старт Першы Кангрэс беларускай культуры ў эміграцыі, на які з’ехаліся сотні дзеячаў беларускай культуры і мастацтва з розных гарадоў Еўропы.
На адкрыцці падзеі ўдзельнікаў віталі заснавальніца арганізацыі Інбелкульт 2.0 і кіраўніца «Вольнага хору» Галіна Казіміроўская, адмысловы прадстаўнік МЗС Польшчы па ўзаемадзеянні з дэмакратычнымі сіламі Беларусі Артур Міхальскі, старшыня Беларускага ПЭНа, беларуская літаратарка, праваабаронца Таццяна Нядбай, прадстаўнік Бюро культуры Артур Юзвік.
У сваёй прамове Таццяна Нядбай нагадала пра несупынны працэс жорсткіх рэпрэсій, які адбываецца ў Беларусі.
«Рэпрэсіі пусцілі карані. Кожны дзень у нас новыя затрыманні, новыя прысуды, здараюцца смерці ў турме. Сёння мы, беларусы, не маем сваёй дзяржавы, мы маем краіну, якую павінны ў гэту дзяржаву вярнуць […].
Але ў Беларусі знішчаецца не толькі беларуская культура, але польская, і літоўская, — працягнула яна. — Дзеяч польскай культуры, журналіст Анджэй Пачобут знаходзіцца ў калоніі беларускага рэжыму, асуджаны на восем гадоў. Прапагандысты малююць з Польшчы жахлівага ворага. Між тым нас — Беларусь, Польшчу — лучыць вялікі перыяд супольнай гісторыі, супольнай культуры і ўзаемадзеяння. Я хачу падзякаваць Польшчы, якая сёння стала для нас часовым домам і якая дапамагае нам вытрымаць тут, выжыць і штосьці зрабіць для нашай краіны».
Сёння, 16 верасня, у праграме запланаваны тры даклады-дыскусіі ў агульных панэлях.
«Культурная эміграцыя — мiнулае i сучаснасць» з удзелам даследчыцы гісторыі беларускай эміграцыі, кандыдата гістарычных навук, галоўнай рэдактаркі альманаха “Запісы БІНіМ” Наталлі Гардзіенка; прафесаркі ўніверсітэта Казіміра Вялікага ў Быдгашчы, гісторыкам, палітолагам Аленай Глагоўскай; беларускім мастаком, куратарам, аўтарам лекцый па беларускім мастацтве Андрэем Дурэйкам. Мадэратарка сустрэчы — старшыня Беларускага ПЭНа Таццяна Нядбай.
У 14.30 возьме старт дыскусія «Магчымасці і шляхі ўзаемадзеяння еўрапейскiх і беларускіх культурных арганізацый». Тут спікерамі выступяць: культурны менеджар, дырэктар Старамейскага Дома культуры Марцін Ясіньскі; дырэктар Бюро культуры Артур Юзвік; дырэктарка Інстытута імя З. Рашэўскага Эльжбэта Уратноўска; каардынатар ініцыятывы Razam Kunst аб’яднаньня беларусаў Нямеччыны „Razam” e.V., рэжысёр Зміцер Чарткоў; сяброўка Пашыранай Рады асацыацыі RAZAM e. V., кіраўніца працоўнай групы па культуры, адна з арганізатарак фестывалю беларускай культуры ў Нямеччыне Minsk x Minga Іна Валіцкая; арт-менеджарка, сузаснавальніца і арт-дырэктарка Ambasada Kultury, галерэі сучаснага мастацтва «Ў», галерэі «Падземка» Ганна Чыстасердава. Мадэратарка сустрэчы — дырэктарка берлінскага філіяла Інстытута Пілецкага, каардынатарка, куратарка, прадзюсерка і сцэнарыстка культурных і музейных праектаў Ханна Радзіёўска.
І кульмінацыяй першага дня Кангрэсу стане круглы стол «Прафесійнае мастацтва: экспертыза, падтрымка i развіццё», у якім сваімі меркаваннямі падзеляцца: беларускі пісьменнік Альгерд Бахарэвіч; каардынатар культурных праграм Гётэ-Інстытута ў Варшаве Iгар Куксiн; грамадска-палітычная дзяячка, прадстаўніца па нацыянальным адраджэнні ў Аб’яднаным Пераходным Кабінеце Беларусі Аліна Коўшык, старэйшы супрацоўнік Фонду дэмакратыі для Беларусі Нямецкага фонду Маршала ЗША Марына Рахлей і рэгіянальная дырэктарка Дацкага інстытута культуры ў Эстоніі, Латвіі і Літве Лізавета Дубінка-Гушча. Мадэратарка дыскусіі — Ханна Радзіёўска.
Заўтра, 17 верасня, удзельнікаў форуму чакаюць круглыя сталы, абмеркаванні і дыскусіі па адмысловых панэлях-напрамках: выдавецкая справа, візуальнае мастацтва, тэатр, беларускае традыцыйнае мастацтва.
На літаратурных чытаннях фрагменты сваіх твораў прачытаюць паэтка, літаратарка Юля Цімафеева і пісьменнік Альгерд Бахарэвіч.
Азнаёміцца цалкам з праграмай Кангрэсу можна тут.
Першы Кангрэс беларускай культуры ў эміграцыі — вынік сумесных намаганняў беларускіх экспертаў і арганізацый, з’яўляецца важным крокам да паляпшэння ўзаемадзеяння, стварэння эфектыўнай мадэлі супрацоўніцтва, як унутры Беларусі, так і на міжнароднай арэне. Яго місія — даследаванне актуальнай сітуацыі, стварэнне ўмоў для развіцця беларускай культуры і захаванне культурнай спадчыны. Мерапрыемства ладзіцца ў Варшаўскім цэнтры крэатыўнасці 16-17 верасня.
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: