«Для мяне 2020 год — гэта гісторыя Касандры»: мастак Міхаіл Гулін пра выставу ў Японскім палацы і знакі лёсу

Главное
Антаніна Слабодчыкава і Міхаіл Гулін. Фота: Сяргей Пацяраеў.

8 верасня ў Дрэздэне ў Японскім палацы адкрылася выстава “Кафэ Беларусь ІІ: Комплекс Касандры” мастацкай групы «1+1=1». Група складаецца з Антаніны Слабодчыкавай і Міхаіла Гуліна, а выстава, паводле анатацыі, з’яўляецца аператыўнай рэакцыяй на цяперашнюю палітычную сітуацыю ў Беларусі.

Беларускія творцы цяпер знаходзяцца на мастацкай рэзідэнцыі пры дрэзданскім Японскім палацы.

Пагутарылі з мастаком Міхаілам Гуліным пра знакі рэвалюцыі, рэстаран «Макдональдс» і бясконцае хаджэнне па коле.

— Мяне заінтрыгавала назва выставы, якая складаецца з двух загадкавых выразаў: «Кафэ Беларусь» і «Комплекс Касандры». Чым яны звязаныя паміж сабой?

— З нашага боку была прапанавана назва «Комплекс Касандры». А потым ужо з боку музея з’явiлася пажаданне дадаць «Кафэ Беларусь». Бо раней тут адбывалася мерапрыемства пад такой «шапкай», і цяпер вырашылі, што будзе «Кафэ Беларусь-2». Магчыма, з’явяцца наступныя рэзідэнты з нашай краіны, якіх пазначаць назвай «Кафэ Беларусь-3».

Гэта такая распаўсюджаная гісторыя: аб’ядноўваць рэзідэнтаў з iншых краiн пад нейкім зразумелым тэрмінам. Назва, якая належыць нам, — «Комплекс Касандры».

"Для мяне 2020 год - гэта гісторыя Касандры": мастак Міхаіл Гулін пра выставу ў Японскім палацы і знакі лёсу
На адкрыцці выставы “Кафэ Беларусь ІІ: Комплекс Касандры”. Фота: Сяргей Пацяраеў.

— Што гэта за месца — Японскі палац, якое вы выбралі для вашай выставы?

— Японскі палац — гэта этналагічны музей, частка Дзяржаўных саксонскіх калекцый, куды ўваходзіць таксама і Дрэздэнская галерэя. Японскі палац выконвае адначасова ролі выставачнай пляцоўкі і этналагічнага музея, у іх ёсць нават такая структура, як Архіў авангарда.

Калі тут адбывалася выстава, прысвечаная першым збіральнікам твораў акцыянізму, я правёў акцыю на тэму маёй эмiгранцкай гicторыi. Пазней вiдэадакументацыя гэтай падзеi ўвайшла у экспазіцыю галерэi «Арт-хаўз Раскольнікаў». Акцыя называлася «Я хачу, каб вы ведалі». Я пераварочваў дагары нагамі сцягі краін, у якіх ёсць нейкія праблемы (беларускі, украінскі, іранскі і палестынскі), каб справакаваць рэакцыю, напрыклад, каб мяне прымусілі перавярнуць іх назад ці неяк пракаментаваць. Такім чынам выступаў супраць практыкі фармальнай падтрымкі, калі, напрыклад, ты на аватарку сабе павесіў украінскі сцяг і лічыш, што гэтага дастаткова.

"Для мяне 2020 год - гэта гісторыя Касандры": мастак Міхаіл Гулін пра выставу ў Японскім палацы і знакі лёсу
Фрагмент экспазіцыі выставы “Кафэ Беларусь ІІ: Комплекс Касандры”. Фота: Сяргей Пацяраеў.

— У анатацыі пазначана, што «Комплекс Касанды» з’яўляецца ключом да разумення палітычнай сітуацыі ў Беларусі. Патлумач, калі ласка, якім чынам?

— Па пераездзе ў Дрэздэн я выклаў у фэйсбуку фотаздымкак мясцовага возера. І мне адразу напісала Сюзанна Альтман, мастацтвазнаўца з Дрэздэна, якая некалі была ў маёй мінскай майстэрні. У выніку Сюзанна мадэравала наш артыст-ток і напісала тэкст да выставы. Яна тут мае сур’ёзную прафесiйную гісторыю, напрыклад, рабіла велізарную выставу ў Альберцінуме, які выконвае функцыю музея сучаснага мастацтва.

Калі мы вырашылі, што вынікам нашай рэзідэнцыі будзе выстава, тады нарадзілася адна з першых работ, яна мае назву «Касандра». Я запланаваў зрабіць неонавы надпіс на брутальным драўляным плоце, такі сельскі «стайл».

Узнікла ідэя паказаць Беларусь як Касандру. Згадаць гэтую гісторыю прарочыцы з грэчаскай міфалогіі, якая была пакарана Апалонам тым, што ніхто не верыў яе прароцкаму дару. А яна была адной з першых, хто прадбачыў бяду, якая адбудзецца, калі Парыс скрадзе Алену. І найбольш актыўна выступала супраць прымання ў дар Траянскага каня.

Для мяне 2020 год і тое, што адбылося потым, — гэта гісторыя Касандры, асабліва цяпер, калі ўсё завяршылася драмай з вайной. Азіраючыся назад, ты разумееш, што былі відавочныя прыкметы такога развіцця сітуацыі. Калі б тады пачулі Беларусь, то, магчыма, прадбачылі і тое, што можа адбыцца далей.

І мне важна было зрабіць гэту гісторыю ўніверсальнай, таму я звярнуўся да міфалогіі.

Доўга думаў пра колер неона і выбраў ружовы. Тут можна ўбачыць кучу канатацый, пачынаючы ад фемінісцкага ружовага. Аднак для мяне ружовы — найперш змяшэнне фарбаў — белай, чырвонай і белай.

Асноўны лейтматыў усёй выставы — гэта прадчуванне катастрофы. Бо комплекс Касандры звязаны з песімістычнымі прагнозамі. Уся экспазіцыя пранікнута песімістычнымі прагнозамі, якіх мы не заўважалі ці адмаўляліся заўважаць.

"Для мяне 2020 год - гэта гісторыя Касандры": мастак Міхаіл Гулін пра выставу ў Японскім палацы і знакі лёсу
Фрагмент экспазіцыі выставы “Кафэ Беларусь ІІ: Комплекс Касандры”. Фота: Сяргей Пацяраеў.

— Акрамя гэтага ружовага неонавага надпісу, які мінімалістычна пазначае праблематыку выставы, якія яшчэ прагнозы вы з Антанінай згадалі?

— Гісторыя з мышшу, якая звалілася з неба, калі рэгістравалі кандыдатаў у прэзiдэнты. Гэта работа пад назвай «Знак», яна складаецца з дзвюх частак. Адна частка — гэта фрагмент відэа 2006 года з допыту падазраванага ў тэрарызме, якое паказалі на БТ. Там чалавек кажа пра мыш, якую трэба патрымаць у вядры, а пасля выліць гэтую ваду ў сістэму водазабеспячэння. Гэты чалавек казаў, што іх у Цэнтры падрыхтоўкі дыверсантаў вучылі труціць насельніцтва Мінска дохлымі мышамі. Я тады гэтую гісторыю запомніў, і яна са мной жыла ўсе гэтыя гады. І калі адбылася гісторыя з мышшу, якую скінула птушка падчас рэгістрацыі кандыдатаў у прэзідэнты, я вырашыў гэтыя сюжэты звязаць.

У старажытных грэкаў была цэлая каста жрацоў, якія варажылі і прадказвалі будучае па палёце птушак. Гэтыя жрацы былі закліканы трактаваць пададзеныя з нябёс знакі. У сваёй працы я не тлумачу, харошы ці кепскі гэты знак, бо ўсё залежыць ад трактоўкі і ад будучай гісторыі. Я дыягназаў не стаўлю.

"Для мяне 2020 год - гэта гісторыя Касандры": мастак Міхаіл Гулін пра выставу ў Японскім палацы і знакі лёсу
Міхаіл Гулін. «Знак». Акрыл. 2023. Фота: Сяргей Пацяраеў.

— І ты перавёў у жывапіс скрын відэа, знятага падчас рэгістрацыі прэтэндэнтаў у прэзідэнты 2020 года?

— Так, але ў сваёй кампазіцыі я гэтую мыш павялічыў да памераў каровы. Бо часта бывае, што мы не надаем дробязям значэння. Якраз гэтыя знакі лёсу і ўся міфалогія базуюцца на тым, каб надаваць значэнне найдрабнейшым дэталям.

Для мяне гэта вельмі важная дэталь выбарчай кампаніі 2020 года.

— І тым не менш ты нічога не каментуеш, а аддаеш прэрагатыву трактоўкі гэтага знака гледачу?

— Я заўсёды пакідаю такі люфт у любым сваім праекце. Для мяне мастацкае выказванне не з’яўляецца рэгламентаваным. Так, тут ёсць свая сюжэтная канва, але калі гледача аднясе ў іншы бок, то ён можа патрактаваць твор зусім інакш.

Важна разглядаць мой праект у дынаміцы, бо штосьці выглядае цяпер зусім інакш. І той знак, які здаваўся добрым, цяпер такім не выглядае.

Насамрэч ідэя зрабіць падобны праект прыйшла яшчэ ў 2020-м. Тады я зладзіў сваю вялікую выставу ў Брэсце, і адтуль цягнецца гэтая гісторыя.

Другі момант у тым, што мы тут удвух з Тоняй, таму мне важна, каб гэта гісторыя і ёй адклікалася, каб мы маглі разам існаваць у адной прасторы.

Выстава заняла дзве велізарныя залы. Такая вялікая экспазіцыя ў нас была толькі ў мінскай прасторы ОК16.

А тут у нас атрымалася такая музейная гісторыя… Яна цэльная, бо мы не падзялілі прастору па залах, мае праекты перагукаюцца з Тонінымі.

— Раскажы пра праекты Антаніны на гэтай выставе.

— Тоня паказала відэа «Юнацтва, выходзь!» у дзвюх залах, але гэта адно цэльнае выказванне. Яна пачала здымаць гэты праект у 2022 годзе, а мантавала ўжо тут.

Гэта гісторыя ўцёкаў, з піянерскага лагеру і ад сябе самога, бунту моладзі. Гісторыя непаслухмянасці, а на сутнасці — юнацкага пратэсту.

Будучае належыць моладзі. І сёння такая гісторыя ўцёкаў становіцца больш універсальнай і глабальнай. Гэта гісторыя спробы зламаць сістэму, вырвацца з вузкіх рамак.

"Для мяне 2020 год - гэта гісторыя Касандры": мастак Міхаіл Гулін пра выставу ў Японскім палацы і знакі лёсу
Антаніна Слабодчыкава. Праект «Героi, усяго толькі героi».

Тоня паказала таксама вялікую графічную серыю, якую яна працягнула рабіць у Дрэздэне, «Героi, усяго толькі героi». Яна пачатая даўно, выстаўлялася рознымі фрагментамі ў розных месцах. Тоня працуе з паняццем гераізму. Хто такі герой? Хто яго прызначае? Адкуль ён бярэцца? І для каго ён герой?

Практычна па кожнаму герою можна сказаць, што для адной часткі людзей ён герой, для іншай — антыгерой. І вельмі часта фігура героя канструюецца прапагандай.

Ёсць тут і тэма 2020 года, калі, напрыклад, сілавікі ў сучаснай прапагандысцкай міфалогіі з’яўляюцца героямі.

Таксама Тоня паказала серыю графікі, якую пачала ў мінулым годзе. Гэта розныя выказванні на нямецкай мове: «мой каханак», «мая мама», «мая нянавісць». Канцэнтраваныя выжымкі — не зусім лозунгі, але тыя рэчы, які характарызуюць апошнія тры гады яе жыцця.

Гэта амаль дзённікавыя гісторыі, бо Тоня заўсёды працуе з вельмі асабістымі перажываннямі.

Я для сваіх работ крыніцай будаўнічага матэрыялу выбраў знешні свет, а Тоня заўсёды на сувязі са сваім унутраным космасам.

— У анатацыі згадваюцца піктаграмы сэрца, кулака і «вікторыі», сімвалы рэвалюцыі 2020-га, якія Тоня тады намалявала… Гэта мае нейкія адносіны да выставы?

— Ніякіх адносін не мае. Гэта найперш дазваляе мясцовым гледачам ідэнтыфікаваць беларускіх творцаў…

— Пакласці іх на палічку…

— Так, гэта таксама. Але давай шчыра скажам, што няма ні палічкі, ні месца, дзе гэта палічка знаходзіцца. Катастрафічна складана сёння займацца ідэнтыфікацыяй беларускага мастацтва.

Прычым чым далей ад нашай краіны, тым складаней. У Польшчы ці Літвы яшчэ ёсць эксперты па беларускім мастацтве, у Германіі з гэтым цяжэй. Складана атрымліваць звесткі пра Беларусь і беларускае мастацтва.

І становіцца відавочна, наколькі важныя публікацыі мясцовых экспертаў на мове тых краін, у якіх цяпер знаходзяцца беларускія мастакі, наколькі важна, каб была нейкая ідэнтыфікацыя звонку.

Для заходніх экспертаў такой ідэнтыфікацыяй стаў 2020 год, калі было зразумела, што робіць Тоня, што раблю я. А цяпер мы і самі не можам вызначыць, у якім стане знаходзіцца беларускае мастацтва.

"Для мяне 2020 год - гэта гісторыя Касандры": мастак Міхаіл Гулін пра выставу ў Японскім палацы і знакі лёсу
Фрагмент экспазіцыі выставы “Кафэ Беларусь ІІ: Комплекс Касандры”. Фота: Сяргей Пацяраеў.

— Нават нашы эксперты не бяруцца апісваць наяўную сітуацыю.

— У гэтым і ёсць асноўная праблема: ты аказваешся ў такой сітуацыі, што любога можна паставіць пад сумнеў.

Любое меркаванне і любую экспертызу можна паставіць пад сумнеў.

Калі няма гэтага поля, больш-менш агульнага, то любое выказванне адбываецца ў разрэджаным асяроддзі.

"Для мяне 2020 год - гэта гісторыя Касандры": мастак Міхаіл Гулін пра выставу ў Японскім палацы і знакі лёсу
Перформанс Міхаіла Гуліна на выставе ў Японскім палацы. Фота: Алівер Кіліг.

— Мастакі цяпер перажываюць стан падзення пры поўнай адсутнасці нейкіх каардынат. Бо і той краіны, дзе мы самарэалізаваліся, больш няма. На яе месцы — нешта іншае…

— Ёсць такая гісторыя. Не скажу, што ў поўнай меры адчуў яе, бо яшчэ ідзе рух па інерцыі: набрана крытычная маса, якая цябе нясе, нейкая ўнутраная гісторыя мастака. Ідзеш за ёй як вослік за моркаўкай у гэтую вечнасць…

Ёсць нейкія знешнія сітуацыі, у якія ты трапляеш, але ў поўнай меры ўсяго драматызму я яшчэ не адчуў.

Таму, магчыма, усё яшчэ наперадзе.

Але так, я з табой згодны. На мой асабісты погляд, практычна цалкам з краіны з’ехалі тыя аўтары, якіх можна вызначаць як актуальных мастакоў, як сучасных мастакоў, што крытычна перапрацоўвалі рэальнасць і размаўлялі на мове, адэкватнай часу.

— У тваім перформансе «Тэрыторыя пратэсту» такая сітуацыя выцяснення мастака якраз і пазначана.

— Так, я паказваю відэа з маім перформансам «Тэрыторыя пратэсту» 2014 года, дзе я хаджу ў полі за горадам з плакатам, на якім няма ніякага выказвання, проста чорная кропка на чырвоным фоне. І я хаджу з гэтым плакатам на ланцугу і пратоптваю кола.

"Для мяне 2020 год - гэта гісторыя Касандры": мастак Міхаіл Гулін пра выставу ў Японскім палацы і знакі лёсу
Перформанс Міхаіла Гуліна на выставе ў Японскім палацы. Фота: Алівер Кіліг.

А чаму на выставе з’яўляецца вобраз Рональда Макдональда?

— Я буду рабіць перформанс у касцюме Рональда Макдональда. Таму што дэмакратычныя змены аказаліся звязаныя са здавалася б такім невідавочным фактам — прысутнасцю ў краінах рэстаранаў «Макдональдс». Яны раптам аказаліся маркерам, і іх знікненне пасля 26 гадоў працы завяршыла гэты перыяд.

Гэты перформанс я хачу прысвяціць мастаку Віталю Калгіну, Бісмарку. Хачу згадаць тую гісторыю 2011 года пра яго жорсткае збіццё, пра змяшчэнне яго ў псіхіятрычную клініку.

Тады мастакі напісалі ліст у яго падтрымку. Гэта была марная спроба адстаяць Бісмарка, аднак для мяне яна вельмі важная — як маркер таго, што мы тады аб’ядналіся.

Бісмарк стаў часткай гэтай гісторыі знакаў лёсу. Мы не змаглі яго адстаяць пры ўсёй відавочнай неадназначнасці абвінавачанняў. І менавіта тады мы ясна ўбачылі, што цябе могуць проста закатаць у асфальт — і ўсё на гэтым.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Последние новости


REFORM.news


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: