Арганізацыя TG House апублікавала справаздачу аб выніках маніторынгу рэпрэсій і дыскрымінацыі ў дачыненні да ЛГБТК+ супольнасці Беларусі ў 2025 годзе.
Як адзначаецца ў дакуменце, у мінулым годзе дзяржаўная палітыка характарызавалася далейшым узмацненнем дыскрымінацыйных і рэпрэсіўных мер. Гаворка ідзе ў тым ліку аб прыняцці і падрыхтоўцы новых нарматыўных актаў, а таксама аб пашырэнні правапрымяняльных механізмаў, накіраваных на абмежаванне бачнасці ЛГБТК+ людзей, умяшанне ў прыватнае жыццё і падаўленне любых формаў самавыяўлення.
“У справаздачны перыяд было зафіксавана істотнае змяненне тактыкі пераследу. Побач з фармальнымі адміністрацыйнымі і заканадаўчымі мерамі ўлады ўсё часцей звярталіся да нефармальных і схаваных спосабаў ціску. Сілавыя структуры ажыццяўлялі рэйды на закрытыя культурныя мерапрыемствы, якія суправаджаліся выбарачнымі затрыманнямі ЛГБТК+ людзей, праверкамі дакументаў і мабільных прылад, а таксама допытамі, часта без складання афіцыйных пратаколаў”, — гаворыцца ў справаздачы.
Арганізацыя таксама фіксавала рост колькасці схаваных пераследаў, “уключаючы падстаўныя спатканні праз дэйтынг-прыкладанні, «прафілактычныя» допыты, ціск на сваякоў, доксінг і спробы схілення да супрацоўніцтва”.
Канстатуецца, што пагоршылася становішча трансгендарных асоб.
“Дзяржаўныя ўстановы аховы здароўя прымалі розныя меры, накіраваныя на ўскладненне і зацягванне працэдур, звязаных з юрыдычным і медыцынскім прызнаннем гендарнай ідэнтычнасці. На працягу года фіксаваліся выпадкі штучнага абмежавання доступу да профільных спецыялістаў, ускладненні або немагчымасці пастаноўкі на медыцынскі ўлік, а таксама значныя затрымкі ў праходжанні абавязковых этапаў працэдур, што ў сукупнасці істотна абмяжоўвала рэалізацыю правоў трансгендарных людзей”, — гаворыцца ў дакуменце.
Адзначаецца, што многія пацярпелыя ўстрымліваюцца ад публічных заяў.
У дакуменце таксама аналізуюцца заканадаўчыя змены мінулага года. У прыватнасці, Палата прадстаўнікоў ухваліла ў першым чытанні законапраект, які ўводзіць новы артыкул КаАП. Ён прадугледжвае адміністрацыйную адказнасць (буйныя штрафы, а пры ўцягненні непаўналетніх — арышт) за «Прапаганду гомасексуальных адносін, змены полу, бяздзетнасці, педафіліі».
У верасні 2025 года Міністэрства аховы здароўя ўнесла змены ў правілы праходжання працэдуры карэкцыі полу. Цяпер са складу камісіі выключаны ўрач-сексолаг — яго месца заняў псіхіятр-нарколаг. Такім чынам, Міністэрства аховы здароўя фактычна замацоўвае падыход, пры якім трансгендарнасць разглядаецца як «псіхічнае адхіленне».
Аўтары дакладу аналізуюць наратывы беларускіх дзяржаўных СМІ.
Таксама ў дакуменце прыводзяцца прыклады пераследу, у тым ліку ціск на сваякоў прадстаўнікоў ЛГБТК+, якія знаходзяцца за мяжой, затрыманні актывістаў і прадстаўнікоў супольнасці, крымінальныя пераследы.
Поўнасцю азнаёміцца з маніторынгам можна па спасылцы.
