Літва павінна працягваць шукаць магчымасці для дыялогу з уладамі Беларусі, нягледзячы на напружаныя адносіны паміж краінамі. Пра гэта заявіў спікер Сейма Юозас Олекас пасля сустрэчы з кіраўніцай Аб’яднанага пераходнага кабінета Святланай Ціханоўскай, піша BNS.
«Мы не зробім тут ніякіх цудаў, але нам трэба шукаць іншыя шляхі і кантакты, – сказаў ён журналістам. – Мы не можам проста адгарадзіцца і заявіць, што ўсё зменім і ўсё палепшыцца, але наша мэта – шукаць магчымасці для данясення нашага паслання».
Паводле яго слоў, літоўскія ўлады падтрымліваюць рэгулярныя кантакты з урадам Мінска на тэхнічным і некаторых міністэрскіх узроўнях, перыядычна аднаўляючы гэтыя кантакты.
У той жа час ён заявіў, што Літва павінна дамагацца далейшага ўзмацнення санкцый супраць Беларусі, а не іх змякчэння.
Санкцыі супраць беларускіх улад Літва пачала ўводзіць у 2020 годзе пасля падаўлення масавых пратэстаў. З лютага 2022 года Літва прыпыніла транзіт беларускіх калійных угнаенняў.
У лютым Еўрасаюз падоўжыў санкцыі ў дачыненні да беларускіх угнаенняў яшчэ на год. Рашэнне было прынята нягледзячы на тое, што ЗША сёлета адмянілі ўласныя санкцыі ў дачыненні да некаторых відаў беларускіх угнаенняў і пасля звярнуліся да Літвы і іншых краін рэгіёна з прапановай аб магчымым аднаўленні транзіту.
Намеснік старшыні камітэта Сейма па замежных справах, кансерватар Жыгімантас Павілёніс прапанаваў літоўскім чыноўнікам наведаць Вашынгтон да наступнага падаўжэння санкцый, каб узгадніць пазіцыю з амерыканскімі чыноўнікамі і забяспечыць захаванне мер у сіле. Паводле яго слоў, найбольшыя цяжкасці могуць узнікнуць падчас старшынства Літвы ў Савеце Еўрапейскага саюза ў першай палове 2027 года, калі рашэнні аб падаўжэнні санкцый, як чакаецца, супадуць са старшынствам.
«Ведаючы, што ціск існуе і такая пагроза набліжаецца, мы павінны дзейнічаць вельмі актыўна ўжо цяпер, а не ў лютым ці пасля лютага, калі будзе занадта позна», – заявіў Павілёніс.
