Гістарычны будынак навучальнага корпуса Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі адкрылі пасля завяршэння капітальнага рамонту і рэканструкцыі з рэстаўрацыяй. Удалося рэалізаваць многае, – адзначае эксперт з тэлеграм-канала «Спадчына», аднак не да канца.
«Варта прызнаць, што дзякуючы саліднаму фінансаванню тут удалося рэалізаваць тое, што цяпер рэдка дзе сустрэнеш, – каментуюць рэстаўрацыю ў тэлеграм-канале «Спадчына». – На фасады вярнулі шматколерную тэразітавую тынкоўку — нягледзячы на тое, што яна выканана нанова, само вяртанне да гэтай тэхналогіі як да сродку дэкаратыўнай выразнасці з’яўляецца адназначна правільнай тэндэнцыяй. Таксама былі адноўленыя страчаныя дэкаратыўныя вазы.

Галоўным дасягненнем унутры стала фізічнае захаванне гістарычных інтэр’ераў сталінкі, якія падчас рамонтаў часта проста вычышчаюць да самых муроў. Будаўнікі захавалі і адрэстаўравалі арыгінальныя калоны з асялковага мармуру, багатую ляпніну, падлогі 1980-х гадоў, а таксама аўтэнтычныя крэслы ў глядзельнай зале ў стылістыцы грубаватага ар-дэко 1950-х».
Працы над гістарычным будынкам ішлі амаль два гады ў трох кірунках: рэстаўрацыя, рэканструкцыя і капітальны рамонт. З рэспубліканскага бюджэту на гэта выдзелена больш за 40 мільёнаў рублёў. Пакрыты будынак тэразітавай тынкоўкай, адноўленай па старой рэцэптуры, якую ўзнавілі з дапамогай фізіка-хімічнага аналізу. Пакрыццё – з украпінамі лушчака, рознага памеру фракцый. На фасадзе мяльчэй, на калонах буйней. Дзякуючы гэтаму корпус выглядае як і амаль 70 гадоў таму, калі яго пабудавалі. Уваходныя дзверы будынка таксама адноўлены: дакладную копію зрабілі спецыялісты «Белрэстаўрацыі». Старыя перададзены ў Музей гісторыі горада Мінска.



Па словах рэктара БДАМ Алены Куракінай, будынак вярнуўся ў жыццё не проста адрэстаўраваным і абноўленым, ён стаў больш урачыстым. Яго акустыка не проста захавалася, а стала яшчэ лепш.
У гістарычных інтэр’ерах правялі поўную мадэрнізацыю прасторы: абсталявалі новую канферэнц-зала, групавыя аўдыторыі аснасцілі сучаснымі мультымедыйнымі сістэмамі, а таксама стварылі ўльтрасучасную студыю гуказапісу і рэкрэацыйныя зоны для адпачынку студэнтаў.
Аднак эксперт «Спадчыны» адзначае, што «па выніку праекту крытычна не хапіла збалансаванасці і прафесійнасці. У інтэр’ерах кожны элемент мае свой уласны колер, якія разам проста не працуюць. Спроба аднавіць гістарычны каларыт сапсаваная выкарыстаннем штучнага белага колеру: ён ламае цэласнасць прасторы, візуальна робіць ляпніну плоскай і рэжа вока на фоне больш складаных адценняў. У дадатак агульную карціну псуюць такія недарэчныя дэталі, як недарэчны профіль праступак на лесвіцах, убогія сучасныя пражэктары на сценах і хібы з выкананнем жалабоў на даху».
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
