У Літве суд прызнаў двух грамадзян Беларусі, бацьку і сына, а таксама кантраляваную імі кампанію вінаватымі ў махлярстве з субсідыяй Еўрапейскага саюза. Гаворка ідзе пра праект па распрацоўцы высокадакладных спадарожнікавых навігацыйных прыёмнікаў для сельскай гаспадаркі.
Расследаванне Еўрапейскай пракуратуры пад кодавай назвай «Precision» выявіла сувязі фігурантаў з расійскай і беларускай ваеннай прамысловасцю, у дачыненні да шэрагу звязаных з імі структур дзейнічаюць санкцыі ЕС.
Гаворка ідзе пра кампанію, зарэгістраваную ў Літве, якая атрымала фінансаванне ЕС на распрацоўку прафесійных спадарожнікавых навігацыйных прыёмнікаў, здольных выкарыстоўваць сэрвіс Galileo High Accuracy Service. Меркавалася, што абсталяванне будзе прымяняцца ў сельскай гаспадарцы, у тым ліку для навігацыі сельгастэхнікі і тэхналогій дакладнага земляробства. Агульны бюджэт праекта складаў 1,064 млн еўра, з якіх 745,5 тысяч еўра павінны былі паступіць ад Агенцтва ЕС па касмічнай праграме (EUSPA). Фактычна кампаніі пералічылі 447 272 еўра.
Для атрымання фінансавання кампанія павінна была падаць EUSPA дэкларацыю аб тым, што не падпадае пад санкцыі ЕС і не звязаная з асобамі і арганізацыямі, якія знаходзяцца пад санкцыямі.
Кампанія была створаная ў Літве і першапачаткова належала і кіравалася абвінавачанымі. У красавіку 2022 года, неўзабаве пасля пачатку поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну, фармальнымі ўладальнікамі і кіраўнікамі сталі сваяк абвінавачаных з грамадзянствам ЗША і грамадзянін Літвы.
Расследаванне паказала, што бацька і сын працягвалі фактычна кантраляваць літоўскую кампанію. Адначасова яны займалі кіруючыя пасады ў расійскай кампаніі, якая займаецца распрацоўкай і выпрабаваннямі чыпаў спадарожнікавай навігацыі для ваенных мэт і знаходзіцца пад санкцыямі ЕС.
Адзін з абвінавачаных атрымаў расійскае грамадзянства ў 2020-2021 гадах. Акрамя таго, ён валодаў значнымі долямі ў іншых кампаніях, якія мелі прамыя або ўскосныя сувязі з арганізацыямі, што ўдзельнічаюць у ваенных праграмах і супрацоўнічалі з ваеннай прамысловасцю Расіі і Беларусі. Многія з гэтых структур таксама знаходзіцца пад санкцыямі ЕС. У адной з расійскіх кампаній беларус меў кантрольны пакет, а значнай доляй валодаў былы высокапастаўлены супрацоўнік расійскай дзяржбяспекі.
Следства прыйшло да высновы, што дзякуючы ілжывай дэкларацыі аб адсутнасці сувязей з падсанкцыйнымі структурамі абвінавачаныя атрымалі доступ да фінансавання ЕС, еўрапейскага рынку і геапрасторавых даных.
Фігуранты прызналі віну і кампенсавалі шкоду ЕС у памеры 447 272 еўра. Суд прызнаў іх вінаватымі ў махлярстве з субсідыяй, здзейсненым у складзе групы, а таксама ў падробцы дакументаў і выкарыстанні падробленых дакументаў.
Сын быў першапачаткова аштрафаваны на 36 тысяч еўра. У рамках спрошчанай працэдуры штраф паменшылі на траціну. Акрамя таго, суд залічыў у кошт пакарання 73 дні, праведзеныя ім пад вартай, з разліку 300 еўра за дзень. У выніку яму трэба будзе выплаціць 2100 еўра.
Бацьку прызначылі штраф у 34,5 тысячы еўра, які таксама быў паменшаны на траціну. З улікам аднаго дня ўтрымання пад вартай канчатковая сума склала 22,7 тысяч еўра.
Кантраляваная абвінавачанымі кампанія атрымала штраф у памеры 36 тысяч еўра, пасля памяншэння на траціну ён склаў 24 тысячу еўра.
Галоўны пракурор Еўрапейскай пракуратуры Лаура Кёвешы заявіла, што справа «Precision» дэманструе эфектыўнасць расследаванняў па справах аб абыходзе санкцый ЕС.
«Расследаванне гэтай справы, пачынаючы з моманту яе ўзбуджэння і заканчваючы вынясеннем абвінаваўчага прысуду, заняло ў нас прыкладна год. Яно таксама звяртае ўвагу на адну з вельмі адчувальных сфер палітыкі ЕС, у якой у прыярытэтным парадку варта ўзмацніць меры належнай абачлівасці і прэвентыўныя меры. У больш шырокай перспектыве гэта ўздымае пытанне аб тым, як правілы ЕС у сферы дзяржаўных закупак маглі б ускладніць пранікненне злачынных груповак. Нарэшце, справа «Precision» служыць аргументам на карысць пашырэння кампетэнцыі EPPO ў галіне абыходу санкцый ЕС. Крымінальна-прававыя меры рэагавання на такія спробы павінны стаць значна больш стрымлівальнымі, чым цяпер”, – прыводзіць яе словы прэс-служба Еўрапейскай пракуратуры.
У расследаванні ўдзельнічала Служба расследавання фінансавых злачынстваў Літвы.
