“Кантынгент палепшыўся, але ненашмат”. Лукашэнка патрабуе ўзмацніць фізпадрыхтоўку ў школах

Навіны
Фото: пресс-служба Лукашенко

Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад міністра адукацыі Андрэя Іванца ўзмацніць фізпадрыхтоўку ў школах, а таксама палепшыць харчаванне. Паводле яго слоў, вайскоўцы працягваюць скардзіцца на “кантынгент”, які паступае ў армію.

“Школа пакуль у фізічным плане недапрацоўвае. Гэта мне і вайскоўцы кажуць, што кантынгент (тыя, хто прыходзіць у армію), хоць палепшыўся, але ненашмат. Трэба нам неяк нашу моладзь, асабліва дзяцей школьнага ўзросту, добра страсянуць і ў фізічным плане. Таму харчаванне, фізічная падрыхтоўка ў школе. Тое ж самае і ў ВНУ”, – сказаў ён міністру.

Лукашэнка адзначыў, што ў плане харчавання ў школах ужо многае робіцца, але не трэба гнацца за рэстаранным узроўнем, таму што бульбы, мяса і малака хапае.

“Мы дамаўляліся, што трэба зрабіць так, каб мы больш не перажывалі за харчаванне, не абмяркоўвалі на ўзроўні прэзідэнта. Такая задача перад урадам, вамі была пастаўлена.

Я гляджу, мы ўвесь час развіваемся ў тым кірунку, што як бы тут дзецям прапанаваць амаль рэстараннае або яшчэ нейкае меню. Дзяцей трэба проста ў абед нармальна накарміць. Бульбы ў нас хапае, мяса, малака ў нас хапае.

Таму сасіскі, каўбасы і гэтак далей. Нешта такое, каб дзеці маглі нармальна паесці. Будзем шчырыя, у нас некаторыя сем’і асабліва за харчаваннем дзяцей не сочаць. Таму тое, што яны атрымаюць у школе, – нармальны абед – гэта для дзяцей будзе прымальна і спрыяць іх нармальнаму здароўю і развіццю”, – сказаў ён.

Лукашэнка прызнаў, што з-за ўборачнай і камандзіровак пытанні адукацыі не былі на пярэднім плане, але гэта не значыць, што ён пра іх забыўся.

“Ад гэтага ніяк нельга было сысці. Таму нібыта пытанні школы і ВНУ адышлі на другі план. Але гэта не значыць, што я не ў курсе, як у нас складваліся справы з пачаткам новага навучальнага года як у школах, так і ў ВНУ”, – сказаў ён.

Лукашэнка таксама пацікавіўся ў Іванца вынікамі ўступнай кампаніі, працэсам стварэння Акадэміі інтэлектуальных тэхналогій, пытаннямі функцыянавання магістратуры, а таксама працай маладых спецыялістаў на месцах.

«Мы павінны зрабіць салідны цэнтр, дзе будуць вучыцца самыя-самыя таленавітыя і здольныя людзі. Падкрэсліваю, людзі. Гэта не значыць, што мы толькі са школы туды возьмем пасля 11 класа і прымем, нават калі гэта будуць таленавітыя хлопцы, і больш нікога. Гэтага трэба пазбегнуць.

Любы (ва ўзросце, не ва ўзросце, маладым, сталым), калі ён таленавіты і нешта можа зрабіць. Ён павінен прыйсці туды з канкрэтнай прапановай. І пасля таго, як мы ім дадзім там магчымасці ўдасканальвацца, навучацца і ў лабараторыях нешта ствараць, каб у выніку яны выдалі нам рэальны прадукт, які патрэбны будзе грамадству, нашай эканоміцы, нашай дзяржаве», – сказаў ён.

Ён падкрэсліў, што праектам трэба займацца міністру.

“У нас універсітэты працуюць, сістэма зразумелая – пад Міністэрствам адукацыі. Дакладна так павінна працаваць акадэмія. Прытым персанальнае ўцягванне там міністра як старшыні назіральнага савета.

Навошта яшчэ вышэй кудысьці падымаць пытанні гэтай акадэміі? Тым больш што гэта будзе фармалізм суцэльны. Усё роўна вам давядзецца выпрацоўваць гэтыя падыходы і ўносіць ва ўрад, калі, як вы мне там прапісваеце, урад будзе вызначаць нейкія пытанні і кірункі.

Гэта прэзідэнцкая ініцыятыва, прэзідэнцкая фактычна структура. Ясна, што пад гэта і так будуць завязаныя і ўрад, і Адміністрацыя прэзідэнта”, – сказаў ён.

Гаворачы пра магістратуру, Лукашэнка, як звычайна, запатрабаваў не гнацца за Захадам.

“Па магістратуры яшчэ асобнае пытанне, якое ў мяне на кантролі. Як мы там сёння працуем? Мы з вамі вызначаліся, што не будзем бегчы за гэтымі заходнімі стандартамі. Але там, дзе ёсць нешта разумнае, мы гэта возьмем.

Калі магістратура патрэбная будзе для адукацыі, далейшай вучобы, навуковай дзейнасці, педагагічнай практыкі і замежнікам, калі ласка, мы можам даць такую магчымасць. Але без усялякіх там забяганняў наперад і таго, каб пераймаць досвед нейкіх заходніх адукацыйных цэнтраў або дзяржаў.

Мы рыхтуем для сябе людзей. Скончыўшы ВНУ, яны павінны атрымаць дыплом аб вышэйшай адукацыі. А потым ужо, у залежнасці ад таго, наколькі гэта нашай дзяржаве трэба, мы будзем думаць пра магістратуру. Прыкладна так мы абмяркоўвалі гэтую канцэпцыю. Хацелася б даведацца, як практычна гэта рэалізуецца”, – сказаў ён.

Маладым спецыялістам, паводле яго слоў, трэба дапамагаць, але не песціць.

«Я папрасіў, каб мне далі даныя. Як у іх справы, чаго там у нас не хапае? Гэта не значыць, што мы іх на руках павінны насіць. Мяне ніхто не насіў і нават вас ніхто не насіў. Караскаліся мы па гэтым жыцці самі. Але недзе дапамагчы трэба», – сказаў ён.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.