Святлана Ціханоўская сустрэлася са спікерам літоўскага Сейма Юозасам Олекасам і дэпутатамі групы «За дэмакратычную Беларусь», прадстаўнікамі большасці палітычных партый.
Як паведамілі ў Офісе Ціханоўскай, яна выказала глыбокую падзяку літоўскаму парламенту за паслядоўную і прынцыповую пазіцыю і падтрымку беларускага народа, а таксама за рашэнні, якія не прыраўнялі беларусаў да расіян. Асабліва былі адзначаны выступленне спікера Олекаса на пленарным пасяджэнні і яго віншаванні беларусам 25 жніўня ў Дзень прыняцця Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі.
«Літва застаецца адным з самых надзейных палітычных сяброў дэмакратычнай Беларусі. Наша галоўная мэта – ператварыць гэтую падтрымку ў яшчэ больш моцныя і канкрэтныя дзеянні ў інтарэсах беларусаў», – падсумавала Святлана Ціханоўская.
Ключавымі тэмамі сустрэчы сталі:
- літоўскае старшынства ў Савеце ЕС. Святлана Ціханоўская заклікала ўключыць Беларусь у лік прыярытэтаў еўрапейскага парадку дня ў перыяд літоўскага старшынства;
- падрыхтоўка да вызвалення палітычных зняволеных. Ціханоўская падзякавала Літве за падтрымку ў лагістыцы і легалізацыі;
- магчымасць абмену беларускіх вадзіцельскіх правоў без дадатковых экзаменаў для асоб з гуманітарным відам на жыхарства (па прыкладзе Польшчы) і ўвядзенне экзаменаў на беларускай мове;
- вяртанне Беларусі ў спіс краін, грамадзяне якіх могуць атрымліваць дзяржаўныя стыпендыі Літвы для навучання ў магістратуры, і аднаўленне гэтай магчымасці ў наборы на 2027 год;
- абмеркаванне арганізацыі курсаў літоўскай мовы для беларусаў;
- сацыяльныя пытанні, у тым ліку падтрымка дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі;
- будучыня Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта і важнасць захавання доступу да адукацыі для беларусаў
Таксама падчас сустрэчы было атрымана прынцыповае пагадненне аб падпісанні Мемарандума аб супрацоўніцтве паміж дэмакратычнымі сіламі Беларусі і Сеймам Літвы, а таксама аб арганізацыі і правядзенні сустрэчы Альянсу парламенцкіх груп «За дэмакратычную Беларусь» у Вільнюсе.
З беларускага боку на сустрэчы прысутнічалі дарадцы Ціханоўскай: Франак Вячорка, Дзяніс Кучынскі і Анатоль Лябедзька.



