Нацыянальны банк Беларусі сёння афіцыйна прэзентаваў новы графічны знак беларускага рубля. Як паведаміў кіраўнік рэгулятара Раман Галоўчанка, знак беларускага рубля зацверджаны пастановай праўлення №25 ад 27 студзеня. Паводле яго слоў, папярэдні знак нацыянальнай валюты быў зацверджаны ў 2005 годзе, але не прыжыўся.
“Таму існуе шматстайнасць у адлюстраванні нашай нацыянальнай валюты ў розных цэнніках, у зносінах паміж людзьмі — гэта і Br, і BYN, і бел. руб. Гэта не вельмі правільная сітуацыя, таму з улікам такога няўдалага досведу 2005 года мы вырашылі даць права людзям самім, па-першае, прапанаваць гэты сімвал, а па-другое, за яго прагаласаваць, каб ён лепш прыжыўся, чым папярэдні.
Сімвал выбраны, і ён, на наш погляд, адпавядае ўсім крытэрам: прастата, зручнасць, асацыятыўнасць з Беларуссю. Тут ёсць і літара “Б”, якая з’яўляецца загалоўнай у назве нашай краіны, і гарызантальная рыса, якая сімвалізуе ўстойлівасць, стабільнасць. І ў цэлым гэты знак вельмі пераклікаецца з сімваламі грашовых адзінак іншых дзяржаў, але ў той жа час гаворыць пра ўнікальнасць нашага беларускага рубля. Цяпер пытанне ў яго прыжывальнасці, у яго шырокім выкарыстанні. Мы разлічваем, што эвалюцыйным шляхам ён зойме сваё месца ў фінансавай сістэме нашай краіны”, — растлумачыў Галоўчанка значэнне новага сімвала, перадае БелТА.
Ён таксама распавёў, што будуць прадпрымацца меры для стымулявання выкарыстання графічнага знака.
“Будуць адпаведныя рэкамендацыі па яго выкарыстанні ў касавых, плацежных, фінансавых дакументах. Вектарнае выяўленне эталоннага знака будзе даступнае для спампоўвання на афіцыйным сайце Нацыянальнага банка Беларусі. Будзем працаваць з Міністэрствам антыманапольнага рэгулявання і гандлю для таго, каб былі адпаведныя метадычныя рэкамендацыі па яго ўкараненні для абазначэння цэн”, — дадаў ён.
Галоўчанка спадзяецца, што ўжо хутка можна будзе ўбачыць знак на ўсіх цэнніках.
“Спадзяюся, ужо вельмі хутка мы ўбачым гэты знак на ўсіх цэнніках. Наш новы знак вельмі зручна пісаць ад рукі. Мы ж прывыклі пісаць сімвал долара або еўра, расійскага рубля. Графічны сімвал беларускага рубля таксама, як мне здаецца, вельмі зручны для напісання, у тым ліку і ад рукі.
Таму мы разлічваем, што ён набудзе шырокую пазнавальнасць. Як толькі яго цалкам прыме грамадства, эканамічныя агенты, ён зойме сваё месца. Мы не будзем як-небудзь фарсіравана яго ўкараняць. Будзем гэта рабіць мякка, але настойліва. Таму пэўны час спатрэбіцца, але з моманту прыняцця пастановы праўлення Нацбанка гэты знак можа афіцыйна выкарыстоўвацца па ініцыятыве саміх гаспадарчых суб’ектаў”, — сказаў ён.
